Беларускасць пашыраецца на бібліятэкі

Exif_JPEG_420

На святочную імпрэзу сабралася шмат людзей – прадстаўнікі гарадскіх уладаў, супрацоўнікі аддзела бібліятэк і адукацыі горада, магілёўскія літаратары, грамадскія дзеячы, і канечне, простыя чытачы – наведнікі бібліятэкі.

Напачатку прагучала шмат цёплых віншавальных словаў. Дэпутат гарсавету Аляксандр Курсакоў запэўніў, што гэта не апошняя такая падзея ў нашым горадзе. Намесніца начальніка аддзела па ідэалагічнай працы гарвыканкама Ірына Жабарава выказала спадзяванне, што бібліятэка будзе не проста з гонарам насіць гэтае імя, але і рабіць унёсак у культурнае жыццё горада.

Дырэктарка бібліятэкі Галіна Жмачынская, з чыёй ініцыятывы асобны пакой у бібліятэцы быў прысвечаны Янку Купалу і нацыянальнай народнай культуры, падзякавала ўсім за падтрымку і дапамогу. Яна выказала спадзеў, што і іншыя ўстановы, якія носяць імя паэта, будуць падтрымліваць шчыльную сувязь ды ладзіць сумесныя культурніцкія праекты. Так сама Галіна Жмачынская адзначыла, што ў кожнай краіны ёсць самы пазнавальны аўтар, і для Беларусі гэта менавіта Янка Купала.

Неабходна адзначыць, што ўсе вышэй узгаданыя прамоўцы выступалі па-руску, і першым, хто выказаў віншавальныя словы на роднай мове, быў старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Дуктаў. Ён адзначыў, што гэта знакавая падзея, і хоць імёны нашых вялікіх класікаў даўно ўжо носяць некаторыя ўстановы культуры, але яшчэ шмат працы ў гэтым накірунку наперадзе.

Выказаў нямала слоў падтрымкі і Мікола Яцкоў – старшыня магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Ён нават праспяваў адну з песень на верш Купалы, музыку да якой сам і напісаў, і ўся зала яму падпявала. Ён, дарэчы, яшчэ і падараваў бібліятэцы вялікі партрэт Янкі Купалы, які цяпер упрыгожвае экспазіцыю, прысвечаную паэту.

111

Мікалай Яцкоў

Шмат цікавых паэтычна-музычных нумароў выканалі навучэнцы суседняй 32-й школы і дзіцячай школы мастацтваў №2. Вось толькі, на жаль, дзеткі з апошняй навучальнай установы не ўключылі ў сваю праграму нічога беларускага.

Трэба спадзявацца, што і сапраўды, нас яшчэ будзе чакаць шмат цікавага ў беларускім культурным жыцці ў гэты Год культуры. Як і ў наступны, калі будзе адзначацца 135-годдзе нашых вялікіх песняроў Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Алесь Сабалеўскі

102

103

104

105

106

107

108

109

110

112

113

114

6tv.by