Беларуская гісторыя ў трох календарах — 2016-ты ўжо хутка!

Выявы з календара "Мудраслоўе беларусаў" 

– Спадар Валер, як з’явілася у вас з’явілася ідэя рэанімаваць старажытныя беларускія прыказкі эпохі Рэчы Паспалітай?

– Справа ў тым, што летась споўнілася 430 гадоў саманазову “Беларусь”, які зафіксаваны юрыдычна, пісьмова: пры паступленні ў Альдорскі ўніверсітэт Саламон Рысінскі ўпершыню ў гісторыі запісаў сябе “беларусам”, а дакладней “леўкарусам”, ад грэцкага “леўкас” – “белы”. Ён жа тры дзясяткі гадоў збіраў прыказкі і прымаўкі Цэнтральнай Беларусі, якія і выдаў кніжкай у Любчы ў 1618 годзе.

 – Але ці на беларускай мове была тая кніга?

– Тады якраз запанавал пальшчызна, таму і кніга, канечне, была польскамоўная. Але гэта нашы прыказкі, запісаныя на карэннай ліцьвінскай тэрыторыі, толькі перакладзеныя ў польскую мову. З паўтысячы прыказак, якія сабраў Рысінскі, і цяпер бытуюць, адлюстраваныя ў фальклоры і ў мастацкай літаратуры. Пахаваны збіральнік быў, дарэчы, у Беларусі, на Наваградчыне.

 

– У календары “Мудраслоўе беларусаў” прываблівае візуальны шэраг. Каго вы прыцягнулі да супрацы над праектам?

– Гэта Юлія Рудзіцкая – аніматар, якая стварала мультфільм для кампаніі “Будзьма Беларусамі: гісторыя за пяць хвілін”. Жыве ў Маскве, працуе там мастаком і рэжысёрам мультыплікацыі, запатрабаваная і моцна занятая спецыялістка. Яна ездзіць па сусветных фестывалях, ведаюць яе і ў Нямеччыне, і ў Японіі, Кітаі, не толькі ў Расіі і ў нас. Але калі я даслаў ёй падрабязны канцэпт календара “Мудраслоўе беларусаў”, то яна адразу сказала, што возьмецца.

 

Відавочна, што прыказак шмат, і ўсе яны вельмі розныя. Як вам удалося аб’яднаць і згарманізаваць іх у календары?

– Прыказкі і прымаўкі на кожным аркушы календара згрупаваны ў пэўны блок: Бацькаўшчына, каханне, сям’я, праца, мудрасць, глупства, грошы. Напрыклад, апошні месяц, снежань: “Хмелева дна, / Мяне не спаві! / Кропля віна – / Нібы кропля крыві”. І ідуць прыказкі пра п’янства. Якраз перад Новым годам, перад калядкамі мы гэтую тэму паставілі, бо некаторыя ўваходзяць у штопар і выходзяць з яго ажно ў лютым. І тут жа малюнак Юліі і прыказкі, сабраныя Рысінскім: “Бачыш, дружа, як гарую: з аднае карчмы ў другую”, “Сядзіць нядуж: налізаўся як вуж”, “Як да чаркі – скоры, як да працы – хворы” і гэтак далей.

 

Выявы з календара "Сядзібы Музаў"

Каляндар “Мудраслоўе беларусаў” сапраўды адзін з найцікавейшых па сваёй задуме праектаў такога кшталту за апошнія некалькі гадоў. Але давайце таксама коратка акрэслім канцэпты двух астатніх календароў.

“Сядзібы Музаў”. Канцэпт просты. Наша шляхта і магнаты – людзі, на якіх культура наша вырасла і трымалася, – жылі ў сваіх маёнтках, раскіданых па ўсёй Беларусі. Шляхта спрабавала зрабіць у сваіх уладаннях тое, што яна бачыла ў Парыжы, Венецыі: бібліятэкі, музеі, тэатры і г.д. Ідэя календара, калі казаць прасцей, такая: у любым балоце можа быць прыгожа. Калі гэта твая зямля, рабі прыгожа там, дзе ты жывеш. І вось табе арыенціры.

Выявы з календара "Вобразы роднага краю"

“Вобразы роднага краю” – гэта фотаздымкі, розныя па настроі, па геаграфіі і прадметнасці ў кадры: тут ёсць і замак, і сучасная архітэктура, і пейзаж. Звычайны пагляд на беларускія аб’екты. Відавы каляндар.

 

Безумоўна, календары шыкоўныя. Але наколькі даступнымі яны будуць для патэнцыйнага пакупніка? Ці пойдуць яны ў кнігарні і наогул у вольны продаж?

– Не, календары можна прыдбаць толькі на сайце друкарні “Полікрафт” , аформіўшы замову на любую з трох пазіцый. Можна зрабіць невялікі тыраж: напрыклад, пяць асобнікаў. Арганізацыі і кампаніі маюць магчымасць паставіць на календары свае лагатыпы.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"