Беларуская моладзь вызначыць ТОП-100 беларускай прозы

Некаторыя кажуць, што «беларуская мова – бедная мова. Потому что на беларускай мове нельзя сказать что-то великое». Абвергнуць гэтае спрэчнае сцвярджэнне актывісты «Дзедзіча» прапаноўваюць з дапамогай складання ТОП-100 празаічных твораў на беларускай мове. У межах кампаніі “Наша мова” Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” адкрывае галасаванне за выбар найлепшай прозы на беларускай мове.

Спачатку ў адмысловай суполцы Ўкантакце будзе наладжана абмеркаванне, якія творы вартыя таго, каб апынуцца ў рэйтынгу “ТОП-100 беларускай прозы”. Кожны ахвотны можа дадаваць свае прапановы ў гэты спіс. Збор прапановаў будзе цягнуцца да 25 сакавіка. Пасля гэтага на сайце “Дзедзіча” будзе наладжана галасаванне за выбар лепшых з прапанаваных варыянтаў.

Кіраўнік “Дзедзіча” Дзмітрый Шыманскі асноўнай мэтай акцыі бачыць заахвочванне моладзі да чытання беларускай літаратуры: – Як вядома, моладзь імкнецца мець усё самае папулярнае, самае топавае, з вышэйшых пазіцый рэйтынгу. Глядзяць самыя рэйтынгавыя фільмы, слухаюць самую папулярную музыку. Чытаць усё запар са школьнай праграмы часам бывае сумна, а бывае патрапіцца нешта такое, што пасля наогул нічога чытаць не хочацца. Давайце паспрабуем зацікавіць маладых людзей самым найлепшым. А далей, прызвычаіўшыся да чытання беларускага, яны самі будуць пашыраць спіс сваіх любімых кніг. 

Увага!!! Каб дадаць свае прапановы ў спіс, калі ласка, заходзьце сюды. Напішыце ў каментах імя і прозвішча пісьменніка, а пасля – назву твора, які вы прапаноўваеце ў гэты спіс. Кампанія “Наша мова” была ініцыяваная берасцейскімі арганізацыямі “Дзедзіч”, “Аазіс” і “Моладзь БНФ” у 2011 г. і мае на мэце папулярызацыю беларускай мовы сярод берасцейскай моладзі. Кампанія выкарыстоўвае розныя формы працы з насельніцтвам (флэш-мобы, улёткі, збор подпісаў, рэклама беларускай літаратуры ў грамадскім транспарце) і выклікала шырокі рэзананс, актыўна абмяркоўваецца на рэгіянальных сайтах і ў сацыяльных сетках.

 

www.ampby.org па інфармацыі www.dzedzich.org