Беларускую літаратуру прадставілі на Франфурцкай кніжнай выставе

Каталог, які для зручнасці замежных выдаўцоў і літаратурных агентаў выдадзены па-ангельску, прадстаўляе анатацыі твораў  Васіля Быкава, Алеся Разанана, Алены Бравы, Адама Глобуса, Уладзіміра Арлова, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Някляева, Альгерда Бахарэвіча, Барыса Пятровіча, Уладзіміра Казлова. 

— Франкфурцкая выстава ў гэтым годзе была, на мой погляд, яшчэ больш паспяховай, чым летась: мы назапашваем усё болей цікавых кантактаў. Сёлета я правяла каля дзясятка перамоваў з выдаўцамі і перакладчыкамі з Вялікай Брытаніі, Харватыі, Іспаніі, Польшчы, Латвіі і Нямеччыны, — кажа Дар’я Вашкевіч, якая ў межах ініцыятывы “Кнігі з Беларусі” спрабуе сябе ў ролі літаратурнай агенткі. — Беларусь – параўнальна новы гулец на сусветным кніжным рынку, творы нашай літаратуры збольшага невядомыя замежнаму  чытачу, і мушу сказаць, што гэта хутчэй перавага, чым загана. Невядомасць і аўра таямнічасці вабіць еўрапейскіх выдаўцоў.  Застаецца толькі толькі падаць належным чынам найлепшыя ўзоры нашай літаратуры. Мы плануем і надалей завабліваць замежных выдаўцоў у нашую літаратурную пастку.

 

Books from Belarus – ініцыятыва незалежных беларускіх выдавецтваў і грамадскіх арганізацый, сярод якіх Саюз беларускіх пісьменнікаў, Літаратурны Дом “Логвінаў” і інтэрнэт-часопіс  34mag.net. Ініцыятыва мае на мэце пашырэнне ведаў  аб беларускай літаратуры за мяжой і спрыяе выданню  беларускіх аўтараў у перакладах.  Франкфурт зрабіўся сёлета трэцяй вялікай выставай пасля Ляйпцыга і Варшавы, у якой браў удзел беларускі стэнд. 

У Франкфурце падчас выставы адбыліся прэзентацыі Змітра Вішнёва і Віктара Марціновіча, а таксама панельная дыскусія пра стан беларускай кнігі з удзелам кіраўнікоў выдавецтва “Логвінаў” і “Галіяфы”. На беларускім стэндзе  былі таксама прадстаўлены шырокай публіцы навінкі: нямецкая версія  рамана Віктара Марціновіча “Параноя” (перакладчык Томас Вайлер) і класічная аповесць “Дзве душы” Максіма Гарэцкага. Перакладчык аповесці  - легендарны Норберт Рандаў, прадмову да аповесці напісаў вядомы аўстрыйскі пісьменнік Марцін Полак.

 

Паводле прэс-рэліза