Беларускія літаратары – тут!

Яраслаў Іванюк- радыёжурналіст. Аўтар радыё-рэпартажаў пра беларусаў Беласточчыны ды палітычную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь. Стваральнік і адміністратар Беларускай Інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org. Працаваў на Радыё Палёнія (1992-1996 г.г.) ды на Радыё Беласток (1996-2008 г.г.). З красавіка 2008 года – праграмны дырэктар Радыё Рацыя. Нарадзіўся ў 1969 годзе ў Бельску-Падляшскім. Жыве ў Беластоку.

“Ася, падкажы, калі ласка, дзе можна пачытаць прозу Юрыя Станкевіча? А вершы Леаніда Дранько-Майсюка? А…” Да мяне часта звяртаюцца з просьбай дапамагчы знайсці творы ці кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў. Раней гэтыя пытанні маглі паставіць мяне ў тупік: беларускую літаратуру не так проста знайсці нават жыхару Беларусі, не гаворачы пра тых аматараў айчыннага пісьменства, якія жывуць за мяжой. Цяпер жа магчымасць чытаць кнігі беларускіх аўтараў, перыдёыку ёсць у кожнага ахвотнага. Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org утрымлівае вялікую колькасць унікальных выданняў беларускіх літаратараў, многія з якіх з’яўляюцца сапраўднымі рарытэтамі.

Зарадзілася такая неабходная для кніжна-часопіснай Беларусі справа ў 2000 годзе. Журналіст беларускай рэдакцыі Радыё Палёнія Яраслаў Іванюк вырашыў перанесці ў сеціва матэрыялы з бюлетэню, што ўтрымлівалі эфіры радыёстанцыі, на якой ён працаваў з 1992 па 1996 год. Так былі кінутыя першыя зярняткі на глебу існуючага сёння масштабнага праекту Kamunikat.org.

Першая і адзіная беларуская інтэрнэт-бібліятэка была створаная як прыватная ініцыятыва на грамадскіх пачатках. Дзейнічае яна ў Польшчы ўжо адзінаццаты год. Аўтар ідэі, стваральнік бібліятэкі Яраслаў Іванюк распавядае чытачам “Верасня” пра сакрэт поспеху праекта і новыя далягляды.

 

— Яраслаў, два гады таму мы размаўлялі наконт ідэі стварэння інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, пра перспектывы і планы. Мінуў час, бібліятэка набыла новы выгляд, значна папоўніла свае архівы, прыдбала багата новых аўтараў. Хочацца даведацца пра сакрэт поспеха цікавага і патрэбнага праекта.

— Поспех – гэта наш сакрэт (пасміхаецца). Па праўдзе, праект трымаецца на працы некалькіх адданых чалавек, якія імкнуцца данесці да найшырэйшага кола чытачоў беларускую літаратуру рознага характару. Мы прысвячаем бібліятэцы сябе і свой вольны час, бо бачым у ёй сэнс. Сярод гэтых людзей варта назваць і Наталлю Герасімюк (якая немагчымае робіць адразу, а на цуды патрабуе круху больш часу), і Алеся Кушнера (які ўзяў на сябе непасрэдны кантакт з аўтарамі ў Беларусі), і некалькіх інфарматыкаў (з якіх найважнейшы Аляксандр Максімюк, які прыдумаў увесь механізм Kamunikat.org), і – урэшце – графіка Юрку Асенніка (які працуе з намі ад мінулага году).

Вядома, рэалізацыя такога маштабнага праекту была б немагчымай без фінансавай падтрымкі спонсараў, якія таксама разумеюць істотнасць нашай справы. Не было б гэтага поспеху, каб прыхільна не паставіліся да нас беларускія аўтары – паэты, празаікі, гісторыкі, філосафы, даследчыкі з іншых галін навукі. Гэта тыя фактары, што прывялі да поспеху праект Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org.

Мы сапраўды лічым, што праект дасягнуў поспеху. На сайце сабрана амаль 8 тысячаў беларускіх выданняў: кніг, аўдыёкніг, газет, часопісаў, аўдыё і відэаматэрыялаў з радыё- і тэлеперадачамі. Сайт штодня адкрываецца ад тысячы да двух тысяч разоў. Таксама на сайце каталагуюцца он-лайн традыцыйныя кнігазборы беларускіх бібліятэк у Беластоку, Гайнаўцы ды Варшаве. У межах праекту адсканавана сотні кніжак і тысячы нумароў беларускай перыёдыкі – як незалежнай з пачатку 90-х гадоў ХХ ст., так і эміграцыйнай з пасляваеннага перыяду.

 

— У 2007-2008 гадах ты супрацоўнічаў з рэдакцыяй часопіса «Палітычная Сфера». 2009 год прынёс новага партнёра — Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Якіх новых сяброў займеў праект?

— Праект увесь час здабывае новых партнёраў. Напрыклад, рэдакцыі газет, літаратурныя аб’яднанні ці выдавецтвы з Беларусі, Польшчы ды іншых краінаў, дзе пражываюць беларусы. Варта толькі зазірнуць на наш сайт, каб пераканацца, што ўвесь час дадаюцца кнігі новых аўтараў, выдавецтваў, новыя газеты і часопісы.

Мы наладзілі супрацоўніцтва з тэлеканалам Белсат, дзякуючы чаму цяпер на сайце можна праглядаць самыя цікавыя праграмы ці фільмы тэлеканалу. Нашым партнёрам здаўна з’яўляецца Беларускае Радыё Рацыя ды Беларуская Служба Польска Радыё для Замежжа. Сярод новых партнёраў варта назваць таксама Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы ды часопіс «Верасень».

 

— Якім чынам ажыццяўляецца прамоцыя бібліятэкі?

— Для прамоцыі Беларускай Інтэрнэт Бібліятэкі Kamunikat.org мы адводзім шмат часу і намаганняў. Вядома, у сеціве багата сайтаў. Людзям неабходна данесці інфармацыю, што да нас варта заходзіць штодзённа, бо сайт абнаўляецца кожны дзень. Бывае, што нашыя рэсурсы за дзень пашыраюцца на некалькі дзясяткаў публікацый.

Формы прамоцыі самыя розныя: абмен банэрамі з сайтамі-партнёрамі, канал RSS на самім сайце, рыссылка інфармацыі пра навіны на сайце, актыўная праца ў сацыяльных сетках… Гэта што тычыцца сеціва. Апрача гэтага змяшчаем рэкламу праекта ў беларускіх выданнях. Правялі тры прэзентацыі праекта: у Менску, Горадні і Берасці. Яны сталіся таксама нагодай для папулярызацыі сярод жыхараў гэтых гарадоў кніг, што выдаюцца беларускімі арганізацыямі ў Польшчы. Усе гэтыя дзеянні даюць вынік – пашыраецца кола наведвальнікаў, павялічваецца колькасць аўтараў, якія супрацоўнічаюць з намі.

 

— Наколькі эфектыўнае прасоўванне праекта праз сацыяльныя сеткі?

— Я б нават сказаў, што гэта самая эфектыўная форма прамоцыі праекту. Бібліятэка прысутнічае ў найбольш папулярных сярод беларусаў сацыяльных сетках: Livejournal, Twitter, Odnokłasniki, Vkontaktie i Facebook. Таксама ў некалькіх польскіх. Апрача гэтага, кожны, хто заходзіць на Kamunikat.org, можа рэкамендаваць наш сайт сваім сябрам у больш за трох сотнях сацыяльных сетак, раскіданых па ўсім свеце.

Абдумваем таксама магчымасць далучыцца да праекту пошукавае сістэмы Google “+1”. Пакуль гэта яшчэ мала прасунутая ініцыятыва, але мяркуем, што яна мае вялікія перспектывы.

 

— Праект перажыў рэдызайн. Чым было выкліканае такое рашэнне? Ці стаў праект больш паспяховым пасля змены знешняга выгляду?

— Кожны інтэрнэт партал час ад часу патрабуе рэдызайну. Таму ў 2010 годзе змяніўся выгляд нашага сайту. Знайшоўся класны графік з Беластоку Юрка Асеннік, які вырашыў зрабіць новы дызайн бясплатна. “Чаму так?” – Запыталіся ў яго. У адказ пачулі, што ён вельмі цэніць гэты праект…

Дзякуючы рэдызайну, сайт зрабіўся больш светлым і празрыстым. Дадаліся і пэўныя магчымасці ў сістэме, што сталася нашмат багацейшай і – што найважнейшае – нашмат зручнейшай у карыстанні. Цяпер кожны наведнік бібліятэкі без найменшага клопату адшукае не толькі кнігу патрэбнага аўтара, але і асобны яго артыкул, які схаваўся ў таўшчэзным зборніку ці часопісе. Змянілася і форма прэзентацьі пэрсанальных сайтаў.

Сайт – але гэта ўжо з нашага пункту гледжання – стала значна прасцей адміністраваць.

 

— Якія водгукі ты атрымліваеш ад карысталтнікаў бібліятэкі?

— Наведнікі просяць, напрыклад, даць ім магчымасць пакарыстацца кніжкамі, што знаходзяцца ў традыцыйных бібліятэках у Беластоку, Гайнаўцы ці Варшаве, з каталогаў якіх можна карыстаць on-line: “Паважанае спадарства, я аспірант-палітолаг Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Тэма будучай дысертацыі “Параўнаўчы аналіз этнічнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь і Рэспубліцы Польша”. У вашай бібліятэцы ёсць шэраг даволі цікавых кніжак і зборнікаў, аднак толькі ў папяровым варыянце. Пры гэтым такіх кніжак няма ў нас нават у Нацыянальнай бібліятэцы. Ці ёсць магчымасць зрабіць копіі, электронны варыянт ці пакарыстацца іншым чынам?” (Генадзь)

Іншыя пытаюць пра магчымасць наладжання супрацоўніцтва: “Вітаю Вас. Хацела б мець сваю старонку сярод Беларускіх аўтараў. Кола маіх навуковых інтарэсаў – славістыка. Што для гэтага магу зрабіць?” (Інна)

“Добры дзень! На якіх умовах я магу размясціць на вашым рэсурсе свае вершы, прозу і аўтарскія песні? Шмат чуў пра Kamunikat.org, але не зразумеў пакуль, якім чынам ён працуе. Буду рады пачуць ад вас тлумачэнне” (Анатоль).

Просяць дапамогі ў пошуках літаратуры: “Добры дзень! Хочацца падзякаваць вам за ўнікальную магчымасць, якую вы даяце людзям – чытаць карысную літаратуру ў інтэрнэце. Я за межамі Беларусі і не маю пакуль магчымасці прыязджаць. У мяне ёсць пытанне. У 2002 г. у горадзе Маладзечна (выдавецтва: друкарня «Перамога») выйшла кніга Яна Цехановіча “Musica peregrina: Artysci pochodzący z Litwy i Polski w obcej sztuce muzycznej i teatralnej”. Яна ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Кніга на прадмет гісторыі-культуры-генеалогіі. Ці ёсць магчымасць размясціць гэтую кнігу ў электронным варыянце?!” (Станіслаў)

Даюць прапановы па развіцці бібліятэкі: “Добры дзень, дзякуй за вялікую працу, якую вы робіце. З нядаўняга часу я часцяком завітваю на ваш сайт. Дазвольце прапанаваць вам новы накірунак працы. Чаму б не выкласці ў сеціва старыя пераклады класічнай літаратур? Не трэба ні капірайт набываць, ні грошы на перакладчыкаў шукаць. Напрыклад, узнікла ў мяне тэрміновае жаданне пачытаць Гогаля на беларускай мове. У дзядулі былі “Выбраныя творы” 1952 года выдання, але я зараз у тысячы кіламетраў ад Беларусі і зразумела, что тут знайсці такое экзатычнае выданне наўпрост немагчыма. Камунікат — адзіная платформа, здольная задаволіць прагу да беларускай мовы. Але хацелася б, как побач з беларускай літаратурай з’явілася больш замежнай і не абавязкова сучаснай. Да таго ж, калі яшчэ з’явіцца якая больш-меньш зручная форма матэрыяльна падзякаваць вас за вашу працу, то гэта будзе зусім цудоўна. Апошняя сентэнцыя не азначае, што я клічу вас да камерцыялізацыі праекта. Аднак любая грамадска-карысная дзейнасць можа быть падтрымана грамадскасцю” (Алена).

“Вітаю Вас! Спачатку выкажу падзяку за выдатны сайт і сервіс! Хацеў запытацца, як стварыць кнігу ў дэжавю фармаце. На Вашым сайце адсутнічае хоць нейкі артыкул аб тым, як самім ствараць электронныя кнігі. Можа, гэта палітыка такая, каб пазбегнуць пірацкіх копіяў, дазвол на пашырэнне якіх у нэце не давалі аўтары, але калі б былі артыкулы і можна было дасылаць свае кнігі ці сканы плёну было б болей (мажліва)” (Антон).

“Шаноўныя сябры! дзякуй вам за працу! Адзінае – вельмі файна было б рабіць некалькі фарматаў кніг. Хаця б яшчэ дабаўлялі да ўсяго манаграфічнага epub ці mobi версіі” (Яўген).

 

— У 2009 годзе на сайце змяшчалася 3600 беларускіх публікацый (кніг, часопісаў, газет, файлаў mp3). Якая іх колькасць сёння? Ці ёсць новыя фарматы?

— Колькасць публікацый у бібліятэцы за гэты час больш чым падвоілася. Зараз сабрана амаль 8 тысячаў беларускіх выданняў. Перад намі вялікі выклік: дастасаваць Kamunikat.org да сучасных тэхналогій, а таксама падрыхтаваць беларускую літаратуру ў фарматах, прыдатных для eBooks. У нас з’явілася ўжо некалькі дзясяткаў кніг у фармаце ePub, але гэта яшчэ патрабуе шмат працы. Апынаецца, не ўсе прыстасаванні аднолькава ўспрымаюць кірыліцу, таму над гэтым трэба папрацаваць і запрапанаваць карыстальнікам якасны прадукт, які будзе аднолькава выглядаць на ўсіх прыстасаваннях для eBooks.

 

— Калі бібліятэка шчэ не мела фінансавання, ты задумаў праект “Беларускія аўтары”. У 2009 годзе было створана больш за 60 персанальных старонак. Колькі іх сёння, і якім чынам ты выбіраеш новых аўтараў для стварэньня ім перснальнай старонкі?

— Гэтая частка нашага праекту цяпер развіваецца вельмі хутка. Зараз на сайце амаль 200 персанальных сайтаў беларускіх аўтараў: як класікаў беларускай літаратуры, так і сучасных пісьменнікаў.

Пасля мінулагодніх зменаў на сайце для стварэння пэрсанальнае старонкі патрабуецца толькі адна ўмова: у рэсурсах Kamunikat.org павінна знайсціся хаця б адна публікацыя аўтара. Тады графік рыхтуе здымак у адпаведнай форме, публікуем біяграфію аўтара, а астатняе робіцца аўтаматычна – сістэма сама дадае на старонку ўсе кнігі і артыкулы аўтара, якія знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі. Пазней сайт можам папаўняць іншымі матэрыяламі, якіх дагэтуль у рэсурсах бібліятэкі не было.

 

— Ці было такое, што аўтары адмаўляліся ад тваёй прапановы зрабіць старонку на Kamunikat.org?

— Так, але гэта здарылася ўсяго адзін ці два разы. Аўтары проста патлумачылі, што іх спадчына яшчэ надта малая, каб прэтэндаваць на персанальны сайт у межах Kamunikat.org.

 

— Ці не плануеш зрабіць сістэму блогаў літаратараў на сайце? Наколькі гэта перспектыўна, на тваю думку?

— Па сутнасці, персанальныя сайты падрыхтаваныя як блокі, дзе аўтары маглі б публікаваць свае новыя нідзе не публікаваныя матэрыялы, артыкулы, думкі, пакідаць свае каментары… Аднак, як нам падаецца, у сеціве ёсць процьма рознага кшталту блогаў, сацыяльных сетак, што няма патрэбы ствараць блогі ў рамках Kamunikat.org.

 

Ася Паплаўская,

спецыяльна для літаратурна-мастацкага часопіса«Верасень»