Беларускія паэты выступілі на Лепельшчыне

Дзень 29 сакавіка быў не толькі пагодлівым ад сонца, але і ад сустрэчы з гасціннымі і добрымі лепяльчанамі. Раніцай у Цэнтральнай бібліятэцы горада сабралася нямала прыхільнікаў паэзіі. Вельмі прыемна, што завіталі ў бібліятэку мясцовыя паэты з літаратурнага аб’яднання “Выток”.

Дару кветку

Усе прысутныя ўхвальна прымалі размову Міхася Скоблы пра нашу родную беларускую мову, прыгадваючы радкі П. Панчанкі: “Ці плачу я, ці пяю, ці размаўляю з матуляю, мову сваю, песню сваю я да грудзей прытульваю”.

Міхась, ведаючы першапачатковы варыянт гэтых радкоў, прачытаў іх перад зацікаўленай аўдыторыяй. Вельмі спадабаліся вершы паэта, і ва ўсіх аўдыторыях (яшчэ Матырынская, Стайская і Слабадская бібліятэкі) успрымалі з разуменнем гордасці за беларуса “Оду баразне”:

О баразна – беларускі акоп!

Хай дыктатура ці мор у краіне,

Хай землятрус ці сусветны патоп –

А беларус баразны не пакіне.

Людміла Хейдарава, як вынікае з яе верша “Бацькаўшчына”, “калі атрымлівала пашпарт, то мусіла запытацца ў бацькі – рускага, родам з Сібіры: якую запісаць нацыянальнасць? – Зямля, што вырасціла, дала табе ўсю тваю кроў, я ж – толькі кроў”. Футра, якое купілі пасля прададзенай бацькавай хаты, знасілася, а запавет застаўся. Гэтым запаветам кіруецца і паэтка Вера Буланда, маці якой з Расіі, заўсёды гаварыла: там, дзе вырасла, да таго месца павінна мець прыхільнасць. Ну, сапраўды, як у Скарыны: “Дзе ўскормлены, да таго месца ласку маем”. І радкі аднаго з вершаў паэтэсы пацвердзілі гэтую думку:

Дзямешкава

Прыехаць бы на Мсціж свой леташні,

Калі былі мы значна лепшымі.

Каб па лугах прайсціся босымі,

Умыцца б травамі нам роснымі,

Каб сонцам ранішнім уцерціся

Ды на вясёлку абаперціся,

Сказаць самім сабе, што весела

Пабыць у краі сваім песенным,

Хоць у цяперашнім, не леташнім,

Каб нашы думкі сталі лепшымі.

Усім спадабаўся прыезд і выступ зямлячкі Веры Міхно, якая, працуючы ўрачом, знайшла сябе і ў паэзіі, і ў беларускай мове:

Жанчыны вёсак беларуск_х

Шапочуцца на мове роднай

Дубы і сосны векавыя,

І, далібог жа воўк галодны

Па-беларуску ў лесе вые.

 

Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” актыўным удзельнікам сустрэчы, а таксама матырынскім хлопчыкам, якія адгадалі загадкі Міхася Скоблы, былі ўручаны, торбачкі, паштоўкі “Мы – адметныя”, дыскі з цікавосткамі “Будзьма беларусамі!” і майкі.

Герб Лепеля

З Лепельчанами

Каля хаты

Люд Мила

Майка

Мы--адметныя

Пераможца ў  Матырына

Слабада

budzma.by