Беларускія пісьменнікі звярнуліся да прэм'ер-міністра з адкрытым лістом

У звароце літаратары нагадваюць, што тры гады таму Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастановай № 187 зацвердзіў план мерапрыемстваў да 120-годдзя Максіма Багдановіча.



Згодна з пастановаю, прадугледжвалася сумесна ўсталяваць у Горадні, горадзе дзяцінства паэта, помнік Максіму Багдановічу, стварыць выставачную залю Максіма Багдановіча ў Ялцінскім гісторыка-краязнаўчым музэі, адкрыць «Беларускую хатку» — філію музея на Рабкораўскім завулку ў Мінску, а таксама аднавіць у сталіцы дом, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч. Выкананне гэтага плану ўскладвалася на Міністэрства культуры.

«Ніводнае з гэтых даручэнняў Савета Міністраў не выкананае. Ніводнае! У сувязі з гэтым проста глумленнем над памяццю Максіма Багдановіча выглядае загад міністра культуры аб фактычным закрыцці музея паэта ў Мінску. Размова ідзе менавіта аб закрыцці, бо мы лічым, што з паніжэннем статусу музея да статусу філіялу з будынку ягонага будзе спачатку перанесеная экспазіцыя, а пасля будзе забраны і сам будынак. Вось што насамрэч стаіць за словамі пра „аптымізацыю дзейнасці музея“ ў загадзе міністра культуры Барыса Святлова, падставай для якога быццам бы стала рашэнне калегіі міністэрства», — абураюцца пісьменнікі ў звароце.

Уладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Валер Мазынскі, Алесь Марачкін, Уладзімер Някляеў і Барыс Пятровіч, якія паставілі свае подпісы пад зваротам, патрабуюць ад Міхаіла Мясніковіча адказаць, чаму не выкананыя вышэйзгаданыя даручэнні ўрада, і ці зацвярджаў спадар Мясніковіч подпісам кіраўніка ўрада загад міністра культуры пра паніжэнне статусу, а фактычна пра закрыццё музея класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

svaboda.org