Беларусь адмяніла забарону на ўезд украінскаму пісьменьніку Жадану

«Тое, што пытанне пазытыўна вырашылася, гэта добрае сьведчаньне, што супярэчаньняў паміж намі няма. Вельмі разьлічваю на тое, што гэта не тэндэнцыя, а выпадак», -- распавёў Свабодзе Сяргей Жадан.

Раніцай стала вядома, што ўкраінскаму пісьменьніку Сяргею Жадану паставілі штамп у пашпарт аб забароне на ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін. У нумар гатэлю ў Менску каля дзьвюх гадзін ночы да яго ўварваўся міліцэйскі патруль. Нічога не тлумачачы, міліцыянты даставілі Сяргея Жадана ў пастарунак, потым павезьлі ў Ленінскі РУУС.

Сяргей Жадан распавёў Свабодзе, што ў 2015-м годзе яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі з фармулёўкай „за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці“.

"А паколькі Беларусь і Казахстан знаходзяцца з РФ у адной візавай зоне, то забарона аўтаматычна пераходзіць і да Беларусі з Казахстанам", — сказаў Сяргей Жадан.

Аляксандра Дынько, svaboda.org