“Беларусь мая – мая магіла!..”

                           

 

   Ён піў Паэзію, як святое прычасце… Ён жыў у Паэзіі, як храме… Ён называў сябе Ісысам, бо абагаўляў Слова…

  І ўсё гэта – Анатоль Сыс, паэт-растрыга, паэт-апокрыф, галерны раб айчыннай літаратуры.

   Пры жыцці ён сам вызначыў сваё месца ў беларускай паэзіі – паміж Янкам Купалам і Максімам Багдановічам, называючы Купалу бацькам па духу, а Багдановіча братам па крыві… Пасля ягонай смерці ўтварылася святая Тройца нацыянальнай літаратуры, амаль як у бібліі: Айцец, Сын і святы Дух беларускай Паэзіі. Тры літаратурныя волаты, тры кіты айчыннай паэзіі, тры нацыянальныя Геніі. І кожны са сваім трагічным лёсам. Купалу ў 1942 годзе ў Маскве забілі супрацоўнікі НКВД. Багдановіча ў 1917 годзе ў Ялце даканалі сухоты. Сыс у 2005 годзе ў Мінску захлынуўся ўласнай крывёю… А насамрэч кожнага з іх пагубіла Паэзія, а дакладней бязмежнае слугаванне ёй. Такі ўжо лёс Геніяў. Згадайма Пушкіна, Шаўчэнку, Міцкевіча – той жа самы дыягназ – смерць ад Паэзіі.

  Лёс сапраўдных творцаў – свядомае  самаўкрыжаванне на літаратурнай Галгофе. На сваю паэтычную Галгофу Анатоль Сыс узышоў у 45 гадоў, узваліўшы сабе на плечы грахі  так званых нацыянальных “праведнікаў”, цярпліва зносячы фарысейскія кпіны сяброў, мужна трываючы агасферскія ўдары ў спіну гандляроў ад літаратуры…

  “Не хадзіце за мной!” – пакутна стагнаў ён па начох, адганяючы ад сябе паэтычных дэманаў і яны адступаліся… Каб раніцай вярнуцца ў вобразах апосталаў-субутыльнікаў і правіць хмельную імшу ў бары Дома літаратараў. І былі сярод іх свае Паўлы і Мацвеі, свае Маркі і Яны, свае Іуды і Магдалены… І была ў яго свая маці Марыя, якая ўратавала яго ў дзяцінстве пад час пажару ад агню, але не здалела ўратаваць у дарослым жыцці ад пажару Паэзіі .“ Не пісаў бы ты, Толічак, сваіх  гэных вершаў… Агораюць яны твой лёс, загубяць тваё жыццё…”

    Так і сталася. Агоралі, але не загубілі… Зрабілі несмяротным.

    Дык хто ж ён, паэт Анатоль Сыс – псеўдапрарок, літаратурны адступнік, ці напраўду беларускі Месія, наш паэтычны Іерусалім? Кожны хай вырашыць для сябе сам, уваходзячы, як у святы Іардан, у жыватворную плынь ягонай Паэзіі, каб прычасціцца Агменем ягонай несмяротнай душы і дараваць яму нарэшце ўсё і ўся …у імя нашай роднай Бацькаўшчыны, у імя залатой Беларусі. Бо толькі ён адзін здалеў сказаць  пра яе  так, як да яго не здалеў сказаць ніхто і ніколі:

 

                                         Беларусь мая,  мая магіла,

                                         з бел-чырвона-белага радна

                                         ці кашулю мне на смерць пашыла?

                                         Беларусь мая, мая магіла,

                                         ты ж адна ў мяне, як ёсць адна…

 

 

                                                                                                   Эдуард Акулін

 

 

 

З кнігі паэтычных прысвячэнняў Анатолю Сысу “Ягамосьць”.

 

 

Рыгор Барадулін

 

Цесна...

 

Цесна і ў песьні,
І ў самім сабе
Было Анатолю Сысу.
Быў ён толькі намесьнікам
Сябе самога.
Бліскавіцу слова,
Як жывога вужа,
Галаруч трымаў на вісу.
Босай душой
Па халодных аблоках
Ступаў да Бога...


Уладзімір Някляеў

 

Пакацігарошак


«З Гарошкава я і Пакацігарошак».
З паштоўкі А. Сыса з Гарошкава.


«Як ты там, мой найгаротны,
Найхарошы мой,
На баку на адваротным
Ад Гарошкава?
Дзе ты там?.. І робіш што там?..
Да каго запрошаны?..»

«Мы з басотай тут пад плотам
З Пакацігарошакам.


У мяне маліны кош,


Я малінай сьнедаю.
Ты мне даў быў медны грош –
Як аддаць, ня ведаю».

«Так і ходзіш голы, босы,
З медным грошыкам?..»
«Што ж рабіць яшчэ ў нябёсах
Над Гарошкавам?»

«Дык ці ў небе, ці пад плотам
Ты туляешся?»
«Даў мядзяк мне, а ня злоты,
Шчэ й пытаешся?»

«Ты гібееш у галечы?
Пуста ў кошыку?..»
«Я ў галечы быў на печы
У Гарошкаве.
А сярод басотных душ
У раскошы я.
Нават маю капялюш,
Ветрам ношаны».

«Ты лятаеш там, як дух?
Ці ляжыш, як скошаны?..»

«Капялюш у нас на двух
З Пакацігарошакам».


                      26. 10. 2007

 

 

 

Павал Змітрук

 

Сысу

 

І чорныя, і шэрыя дажджы

Стаялі, як сьцяна чужога дому,

Як помнік трыадзінаму другому,

Як доля, як паэзія Хінжы.

 

Як пісягі пакорнасьці на сьпінах,

Як сьлед дзіка – крывёю ў мяккі сьнег,

Як гэты край, які мне не пакінуць,

А ён ці раз пакіне шчэ мяне.

 

Як немата, што прэч не адпускае,

Як мова, да якой не дажыву.

Я ўкленчыў прад табою, родны Краю;

Я чую, як ты сьсек мне галаву...

 

Прысьніся, Дзед, і праўду мне скажы

Пра гэту тэрыторыю Хінжы.

 

 

Сяржук Сыс

 

Анатолю Сысу 

 

Дагадзіў жа ты мне,

Анатоль, дагадзіў…

Хоць тваімі шляхамі

амаль не хадзіў –

я начамі тваімі

ня ведаў начэй,

прама ў вочы глядзеў,

ды ня бачыў вачэй.

Не двайнік твой, ня брат

і ня зьменлівы цень, —

толькі сэрца маё

апаліў твой «агмень»,

я відушчым,

як фенікс з нябыту ўваскрэс,

ды пайшоў за табой

у бурштынавы «лес».

І ты ведаеш, што я знайшоў,

Анатоль?

Дыяментавай голкі тваёй

гостры боль.

Немагчыма ў віне

гэты боль утапіць:

шмат разоў намагаўся –

баліць і баліць,

шмат разоў паўтараў,

зьверху ўніз, зьверху ўніз:

«Я ня той, я ня Сыс…

Толькі ўсё-такі Сыс».

Дагадзіў жа ты мне, Анатоль,

дагадзіў,

як аднойчы вадою

з Дняпра напаіў…

І цяпер скрозь

штодзённых нягод каламуць

пуцявіны мае

праз Гарошкаў вядуць,

дзе паміж прыдняпроўскіх

радзінных равоў

засталося зямлі

для абодвух Сысоў.

 

                                     2002

 

 

 

 

Эдуард Акулін

 

Лён

 

Мне прысьнілася сёньня Доля,

запаветны, як Слова, сон.

Мы з Сысом у нябёсным полі

разам жалі блакітны лён.

 

Разам жалі, ды раптам серпам

я адцяў галаву вужу,

і цярновыя сьлёзы сьвербам

разарвалі маю душу.

 

Я заплакаў з такім адчаем

на які толькі ў сьненьні змог,

як па брату забітым Каін,

як Пілат ля Хрыстовых ног…

 

І сказаў мне на гэта Толя:

— Плачаш, — значыць грахом жывеш…

Вуж скрываўлены ў белым полі –

гэта мой разьвітальны верш.

 

 

І замоўк. І пайшоў нясьпешна,

аж пакуль між аблок ня зьнік.

Над вужом, над забітым вершам

лён гайдаўся, як сіні німб.

 

                                                  2006