Беларусь развіталася з Нілам Гілевічам

Паэт, выкладчык, перакладчык, філолаг, этнограф, палітык, грамадскі дзеяч -- Ніл Сымонавіч Гілевіч, як і ўласціва чалавеку-эпосе, нацыянальнаму прароку, быў рознабакова адораным творцам.

Пісьменнік прысвяціў, без перабольшання, усё сваё жыццё развіццю беларускай мовы, літаратуры, навукі, і, у пераходны для нашай краіны перыяд пачатку 1990-х гадоў -- станаўленню беларускай дзяржаўнасці.

Развітацца са спадаром Нілам, выказаць спачуванні яго родным і блізкім прыйшлі вельмі многія -- як прадстаўнікі беларускай інтэлектуальнай эліты, сябры і калегі, прыхільнікі творчасці, так і выпадковыя мінакі, якія прыпыняліся ля Сабора і далучаліся да жалобнай цырымоніі, пачуўшы імя паэта, вершы якога яны чыталі ў школе і чые песні слухалі з юнацтва.

Эвалдас Ігнатавічус

Былі ўскладзеныя кветкі і вянкі ад імя розных інстытуцый і арганізацый: ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", МГА "ЗБС Бацькаўшчына", Беларускага ПЭН-Цэнтра, Таварыства беларускай мовы, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і многіх іншых.

Міністр культуры Барыс Святлоў

Прыехалі чальцы Саюза беларускіх пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы з розных беларускіх гарадоў, прыйшлі выкладчыкі і навучэнцы філалагічнага факультэта БДУ, дзе Ніл Сымонавіч працаваў многія гады. Ушанавалі памяць паэта Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус, Міністр культуры Барыс Святлоў, Міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Развітацца з народным паэтам прыехалі літаратары, кіраўніцтва палітычных партый і рухаў, мастакі Эдуард Агуновіч, Ірына Багдановіч, Алесь Бадак, Раіса Баравікова, Анатоль Бароўскі, Зміцер Бартосік, Алесь Бельскі, Анатоль Бутэвіч, Паўлюк Быкоўскі, Уладзімір Васілевіч, Анатоль Верабей, Генадзь Вінярскі, Уладзімір Вішнеўскі, Анатоль Вярцінскі, Вінцук Вячорка, Навум Гальпяровіч, Яўген Гарадніцкі, Васіль Гігевіч, Уладзімір Гілеп, Валянцін Голубеў, Ірына Гоўзіч, Мечыслаў Грыб, Юрась Губарэвіч, Зінаіда Драздова, Леанід Дранько-Майсюк, Галіна і Ірына Дубянецкія, Андрэй Дынько, Вера і Віктар Жыбулі, Сяргей Законнікаў, Ганна Запартыка, Наталля Заяц, Васіль Зуёнак,  Анатоль Зэкаў, Юрый Іваноў, Валер Казакоў, Таццяна Казакова, Марына Казлоўская, Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Яўген Коктыш, Пятро Краўчанка, Мікола Купава, Аляксандр Лукашанец, Хрысціна Лялько, Аляксей Марачкін, Алена Масла, Мікола Мікуліч, Міхась Міцкевіч, Дзмітрый Падбярэзскі, Аляксандр Пашкевіч, Юры Пацюпа, Алесь Разанаў, Павел Севярынец, Рыгор Сітніца, Уладзімір Сіўчыкаў, Віктар Слінко, Аксана Спрынчан, Васіль Старычонак, Мікола Статкевіч, Міхась Тычына, Андрэй Хадановіч, Міхась Шавыркін, Ігар Шаладонаў, Віктар Шніп, Анатоль Шушко, Валер Шчукін, Уладзімір Ягоўдзік, Язэп Янушкевіч і шмат хто яшчэ.

Жалобную службу на беларускай мове правялі тры святары: а. Георгій Латушка, а. Юры Залоска і клірык Свята-Духава сабора а. Сергій Гардун. Пасля заканчэння малітвы настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскага сабора протаіерэй Георгій Латушка зачытаў спачувальныя лісты ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і Мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

З развітальнымі словамі на грамадзянскай паніхідзе выступілі Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, акадэмік Радзім Гарэцкі, палітыкі і грамадскія дзеячы Станіслаў Шушкевіч, Пётр Краўчанка, літаратары Анатоль Вярцінскі, Віктар Казько, Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, дэкан філалагічнага факультэта БДУ, прафесар Іван Роўда, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка

Грамадзянскую паніхіду праводзіць старшыня СБП Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч: "Ён стаў класікам пры жыцці. За 70 гадоў у літаратуры Ніл Сымонавіч выдаў каля 100 кніг, у апошнія гады народны паэт сваім коштам аддрукаваў збор твораў у 23 тамах. Ягоныя вершы, паэмы, літаратуразнаўчыя даследаванні, песні на яго словы сталі здабыткам нашай літаратуры, на іх вырасла не адно пакаленне беларусаў. Як выкладчык універсітэта, як творца, як адзін з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў, Ніл Гілевіч выхаваў некалькі пакаленняў спакдаемцаў – паэтаў, празаікаў, крытыкаў, перакладчыкаў. Як грамадскі дзеяч, Ніл Сымонавіч быў адным з распрацоўшчыкаў закона “Аб мовах”, паводле якога беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай. Як дэпутат Вярхоўнага Савету, удзельнічаў у абвяшчэнні беларускай незалежнасці і наданні новай сімволікі. Ніл Гілевіч быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, заснавальнікам і першым кіраўніком Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Для мяне асабіста Ніл Сымонавіч быў найбліжэйшым старэйшым сябрам, ад якога ў цяжкую хвіліну можна было заўсёды пачуць добрае слова, атрымаць мудрую параду. Вашага светлага розуму будзе не хапаць усім беларусам. Дзе б ні працаваў Ніл Сымонавіч, уся яго дзейнасць была скіраваная на адзін клопат – родную мову, нацыянальную літаратуру, на краіну Беларусь. У дзень развітання з вамі, дарагі Ніл Сымонавіч, мы абяцаем, што несумненна выканаем ваш высокі запавет – дойдзем да Беларусі вашай і нашай мары".

Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі

Радзім Гарэцкі: "Сёння Беларусь страціла аднаго з выдатнейшых дзеячоў культуры і літаратуры. Сённяшні дзень – дзень вялікага смутку для краіны. Ніл Гілевіч – выдатны літаратар, як рэалізаваў сябе ў розных жанрах. Ён і выдатны навуковец, заслужаны дзеяч навукі. За сваю пенсію ён выдаў збор твораў, але толькі лепшых, бо поўны збор можа налічваць і 50 тамоў. Яму пашанцавала і ў асабістым жыцці, ён сустрэў Ніну Іванаўнё Кавалёву, якая прайшла з ім побач праз усё жыццё. Сустрэліся волат беларушчыны і “анёл беларускасці” як назваў Ніну Іванаўну некалі Васіль Быкаў. Без працы Ніл жыць не мог, ён сядзеў за паперамі дзень і ноч, аж да самых апошніх дзён. Пакінулі гэты свет мае найлепшыя сябры: Генадзь Бураўкін і Ніл Гілевіч. Маё сэрца стогне, мая душа плача, але “надзея ніколі не пакіне нас”, як казаў Ніл. Ён ніколі не сумняваўся, што дажывем мы да сапраўднай Беларусі".

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч: "Мы сёння многа гаворым пра Ніла, пра яго талент, пра яго ўнёсак у беларускую культуру, але я хацеў бы сказаць некалькі словаў пра яго як пра чалавека. А ведаў я яго шэсцьдзясят чатыры з паловай гады. Гэта быў мужны чалавек, які ў вельмі няпростых умовах здолеў захаваць галоўную рысу прыстойнага чалавека – годнасць. Ён захоўваў яе ў бядноце і нястачы на Лагойшчыне, ён захоўваў яе ў савецкія часы, калі яго паважалі і ўзносілі. Калі ён разумеў, што рабіў памылку, ён прызнаваў яе. Бо людзі, у якіх ёсць годнасць, свае памылкі прызнаюць і выпраўляюць іх. Гэтак ён, пішучы пра “маладнякоўцаў”, казаў, што Алесь Гарун і іншыя “не зразумелі кастрычніцкай рэвалюцыі”. А пазней напісаў: “Божа ты мой, яны якраз і зразумелі, што гэта такое”. Я ведаў Ніла як студэнта, як удзельніка вайсковых збораў. Ён заўсёды працаваў, нешта рабіў, заўсёды хадзіў з нататнікам. Ён быў не параўнальным ні з кім ахоўнікам чысціні і святасці беларускай мовы. Як яны кахалі адно аднаго з Нінай Іванаўнай, як свяціліся іх вочы нават і ў вельмі пашанотным узросце! Мы сёння хаваем не толькі паэта і грамадзяніна, але і выдатнага чалавека".

дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы Іван Саверчанка

Іван Саверчанка: "Ужо трэці дзень у Нацыянальнай Акадэміі навук смутак, жалоба. І кіраўніцтва Акадэміі навук, і звычайныя супрацоўнікі, аспіранты і лабаранты смуткуюць, даведаўшыся пра гэтую сумную навіну. Ніл Сымонавіч Гілевіч – гэта быў інтэлектуал, вучоны, сапраўдны майстар слова. Неяк, разважаючы, думаючы пра свой лёс, пра сваё месца ў жыцці, у зямным жыцці, жыцці краіны, Ніл Сымонавіч зазначыў: “І па самай вялікай мерцы // Мне ўжо ясна, што да труны, // Данясу я няшмат у сэрцы – // Жыта, сосны і валуны”. Усе, хто разумее мову паэтаў, выдатна ўсведамляюць, што ў гэтых трох словах – жыта, сосны, валуны – зашыфраваны мары, надзея і вера паэта. Ніл Сымонавіч марыў аб тым, каб беларуская нацыя стала паўнавартасным суб’ектам славянскай, еўрапейскай і сусветнай культуры. І ён не толькі марыў, ён штодня месяц за месяцам, год за годам і дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем працаваў дзеля гэтага. Ён стварыў шэдэўры нацыянальнай паэзіі, выдатныя кнігі, якія ўвайшлі ў скарбніцу сусветнай мастацкай літаратуры. Ніл Сымонавіч меў надзею, што Рэспубліка Беларусь, наша краіна стане па-сапраўднаму незалежнай і суверэннай дзяржавай, дзе будзе панаваць закон, справядлівасць, спагадлівасць і гуманнасць. Як парламентарый ён вельмі шмат зрабіў для гэтага. Ніл Сымонавіч верыў у тое, што беларусы будуць нарэшце жыць заможна, што беларусы будуць гаспадарамі на сваёй зямлі, дбаць пра свае палі і лясы, аберагаць сваю культуру, духоўную і матэрыяльную. Няма сумневу, што яго імя, як імя Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча, Купалы, Коласа і Багдановіча, застанецца ў народнай памяці на вякі".

 

Дэкан філалагічнага факультэта БДУ Іван Роўда

Іван Роўда: "Паважаныя родныя, блізкія Ніла Сымонавіча. Вестка аб смерці Ніла Сымонавіча была ўспрынята на нашым факультэце са змешанымі пачуццямі. З аднаго боку, гора ад страты гэтага цудоўнага чалавека, з другога – гонар за тое, што хтосьці з ім працаваў, кагосьці ён вучыў. Як вядома, ён быў цудоўным перакладчыкам, у першую чаргу са славянскіх моў. Як мудры чалавек ён добра разумеў, што час ідзе толькі ў адным напрамку. І не так даўно ён запрасіў нас да сябе і перадаў значную частку вельмі каштоўнай літаратуры, якую нашы студэнты і выкладчыкі выкарыстоўваюць на занятках і ў сваёй навуковай працы. Калі мы сустракаліся з Нілам Сымонавічам, аб чым бы гаворка ні ішла, ён заўсёды ўспамінаў сваю жонку, Ніну Іванаўну, якая таксама доўгі час працавала на нашым факультэце. Так атрымалася, што ўжо працяглы час яны знаходзяцца ў розных светах, але хутка яны зноў аб’яднаюцца і будуць разам у гэтай вечнасці. Паважаны Ніл Сымонавіч! Можаце не сумнявацца, што памяць аб вас, аб вашай творчасці будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне. І вялікі вам дзякуй і нізкі паклон за ўсё, што вы зрабілі для нас".

Развітанне і грамадзянская паніхіда працягнуліся на Кальварыйскіх могілках. Каля труны выступілі Сяргей Законнікаў, Уладзімір Арлоў, Генрых Далідовіч, Аляксей Каўка, Эдуард Акулін, Вячаслаў Рагойша, старэйшы з пляменнікаў Ніла Гілевіча Валер Маслаў. Намеснік старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Алесь Пашкевіч зачытаў спачувальныя тэлеграмы ад Часовага Паверанага ў справах Каралеўства Вялікабрытанія ў Рэспубліцы Беларусь, Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі, ад Шведскага Саюза пісьменнікаў, ад Героя Украіны, паэта Дмытра Паўлычкі.

Пад гімн "Магутны Божа" сотні чалавек правялі Ніла Сымонавіча ў апошні шлях.

Апошняе падарожжа Ніла Гілевіча

На пошту Саюза беларускіх пісьменнікаў прыходзяць словы-жальбы і вершы, напісаныя нашымі паэтамі памяці Ніла Сымонавіча.  

РЭКВІЕМ

Вечнае святло няхай свеціць
Нілу Сымонавічу Гілевічу навекі!

Ідзе, ідзе, ідзе самотны дождж...
І дзе, і дзе тут дзень, і дзе тут ноч?
Стаміўся ён, прылёг паспаць,
І ўжо не змог ніяк устаць.

Яго дарога доўгаю была,
І шчыраваў паэт, нібы пчала,
Ды час прыйшоў, ісці не змог, --
Бярэ навечна мудры Бог.

Чакаюць там ужо яго сябры,
Самотна вельмі родным угары...
І шлях на Неба раптам лёг --
Не будзе больш зямных дарог!

Ідзе, ідзе, ідзе самотны дождж...
І дзе, і дзе тут дзень, і дзе тут ноч?
Нічога болей не відаць!
І болю болей не чуваць...

30 сакавіка 2016, Янусь Малец

Светлай памяці Народнага паэта Ніла Гілевіча

Праславіў наш лагойскі край

Ён годна, як ніхто ніколі.

“Жыві ж у сэрцах і бывай!” --

Славянскі свет смуткуе з болем.

 

Ён стаўся ў вечнасці  Паэт,

Для нас жа будзе вечна родны,

Стварыў душы сваёй санет

Прыстойнай і высакароднай.

 

І здолеў столькі нам сказаць,

Ды так, што сэрца скалынецца,

Што можна плакаць і спяваць,

Бо дух Радзімы пульсам б’ецца.

 

Як маці, мову бараніў

Аддана й непадкупна-шчыра,

Зямлю сваю ён так любіў,

Нібыта вераснёвы вырай.

 

Ён талент нам спаўна аддаў,

Святой лічыў сваю Айчыну,

Апошнім ён народным стаў,

Сапраўдным Беларусі сынам.

Лагойск, Мікола Згубарэвіч

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"