Беларусь у Франкфурце. Рэпартаж з месца падзей

Флора і фаўна

«Пасядзіш тут паўгадзінкі? Хачу прабегчыся па другім паверсе», – літаратарка Дар’я Вашкевіч, якая нечакана для сябе зрабілася літагентам праекта Books From Belarus, звяртаецца да мяне з просьбай падзяжурыць на нашым стэндзе.

Пляцоўка Books From Belarus – мінімалістычныя шэсць квадратных метраў з кніжнай шафай у выглядзе лацінскай літары B. Стол, два крэслы, каталогі і партрэты аўтараў на сценках. Карацей, нічога лішняга.

Беларускі стэнд займае пачэснае месца С83 у холе 5.0. Мы на Франкфурцкім кніжным кірмашы, у залі міжнародных выдаўцоў. Побач з намі – сербы, эстонцы, палякі. Насупраць – не надта англамоўныя казахі з кнігамі Назарбаева на самым бачным месцы. Ад стракатай разнастайнасці літаратурнай флоры і фаўны мільгаціць у вачах. Строгія іранцы, ветлівыя в’етнамцы, элегантныя скандынавы. І адпаведныя – згодна з нацыянальным уяўленнем аб прыгожым – стэнды. Ёсць прадстаўніцтвы Косава, Курдыстана, Фландрыі. Межы і дзяржаўныя ўтварэнні для літаратуры – паняцці вельмі адносныя.

Франкфурцкі кірмаш (Frankfurter Buchmesse) – адна з галоўных медыйных падзей Германіі. Тэлеканалы робяць жывыя ўключэнні. Хэштэг #fbm13 – у топе Twitter’a. 9000 акрэдытаваных журналістаў імкнуцца зразумець, дзе адбываецца самае цікавае ў кожны асобны момант. Кніжка-гайд з кароценькімі апісаннямі канферэнцый, сустрэч і прэзентацый кірмашу займае 400 старонак дробным шрыфтам. Пры ўсім гэтым Франкфурцкі букфэйр – рэч у сабе. Гэта падзея не для пісьменнікаў і чытачоў, а для выдаўцоў і агентаў. Яна не пра літаратурны працэс, а пра літаратурны рынак. І тое, што адбываецца штогод у Франкфурце, відавочна вызначае, куды будзе рухацца гэты рынак у наступныя гады.

 

 

 

 

 

«Сам Каэльё са скандалам адмовіўся прыязджаць у Франкфурт. Здаецца, у літаратараў па ўсім свеце прыкладна адзін набор прычын для крыўды…»

 

 

 

 

Горад у горадзе

Каб асэнсаваць памеры кірмашу і размах падзей, якія тут адбываюцца, уявіце сабе тэрыторыю менскага Нацыянальнага аэрапорта, памножце плошчу на тры і запоўніце яе мітуслівымі людзьмі, большасць з якіх выглядае так, быццам кудысьці моцна спазняецца.

Каб пешшу дабрацца з аднаго канца выставы ў другі, можа спатрэбіцца хвілін 20. І гэта калі не сустрэнеш знаёмых або не вырашыш на бягу выпіць кавы ці чаго мацнейшага. Таму па тэрыторыі курсіруюць «маршруткі» з рэкламай новай кнігі Каэльё на бартах. Сам Каэльё са скандалам адмовіўся прыязджаць у Франкфурт, не пагадзіўшыся з тым, каго выбраў прадстаўляць краіну бразільскі мінкульт. Здаецца, у літаратараў па ўсім свеце прыкладна адзін набор прычын для крыўды…

Знаходзіцца і невялічкае месца для пратэсту ўнутры кірмашу. Насупраць уваходу ў інтэрнэшнл-хол палітычныя актывісты з Ірану дэманструюць фотаздымкі публічных пакаранняў і збіраюць подпісы пад петыцыямі. Пратэст пад надзейнай аховай службы бяспекі.

Франкфурцкі выставачны цэнтр – горад у горадзе. Тут ёсць асобныя «мікрараёны», свае вялікія гета па інтарэсах: англамоўная літаратура, выдаўцы з Германіі, дзіцячая кніга, арт-кніга, антыкварыят і г. д. Асобны павільён аддадзены галоўнай краіне выставы – у гэтым годзе шчасце падваліла Бразіліі (у 2014-м такой краінай будзе Фінляндыя з крутым слоганам «Finland. Cool»). У літаратурных агентаў – свой закрыты хол, куды пускаюць толькі па адмысловай корачцы.

Наташа Банке, адна з найбольш уплывовых шведска-расійскіх літагентаў (яна, дарэчы, кансультавала Books from Belarus), дэманструе на экране свайго смартфона шчыльны графік сустрэч: «На сёння амаль адстралялася, засталася адна сустрэча на расійскім стэндзе і вячэра са шведскімі пісьменнікамі».

Мы абмяркоўваем наш каталог, Наташа адвешвае кампліменты дызайнерскім рашэнням і збягае да расіян. Каля нашага стэнда з’яўляюцца выдаўцы з Харватыі, кажуць, што цікавяцца літаратурай з Усходняй Еўропы…

 

Wozu Books from Belarus?

Беларуская прысутнасць у Франкфурце адчувалася. Як мінімум – самімі беларусамі. Выстава «Wozu Poesie?» («Навошта паэзія?»), куратарам і аўтарам ідэі якой быў беларускі мастак Сяргей Шабохін, адкрылася ў канферэнц-холе міжнароднага павільёна з адпаведным шыкам – пры ўдзеле дырэктара Frankfurt Book Fair Юргена Бооса і прадстаўнікоў нямецкага ўрада. Сумясціўшы модную эстэтыку актывізму з літаратурным кантэкстам, Шабохін, здаецца, трапіў у патрэбную кропку. Яго праект – 47 варыянтаў адказу на пытанне «Навошта паэзія?» ад 47 паэтаў – будзе вандраваць па літаратурных і арт-фестывалях Еўропы як мінімум увесь наступны год.

Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, не атрымаўшы Нобеля, тым не менш, зрабілася ўладальніцай Прэміі міру Саюза нямецкіх кнігагандляроў – адной з самых прэстыжных літаратурных узнагарод Германіі, якая ўручаецца штогод акурат падчас правядзення Франкфурцкага кірмашу. У кулуарах босы кірмашу казалі, што гэта прэмія «не столькі для Алексіевіч, колькі для беларускай літаратуры». Што б гэта ні значыла.

Ну і нарэшце стэнд Books from Belarus – першая ластаўка незалежнай беларускай літаратуры на самым вялікім кніжным форуме свету. За пяць дзён выставы стэнд наведалі некалькі тысяч чалавек, увесь надрукаваны наклад каталогаў разышоўся. Зацікаўленасць да выдання тэкстаў з Беларусі выказвалі выдаўцы з Харватыі, Швейцарыі, Англіі. Больш за паўсотню людзей прыйшлі паслухаць дыскусію пра лёс белліту (пры тым, што значная частка дыскусіі ішла на нямецкай мове – respect Бахарэвічу – і не дублявалася перакладам на англійскую).

Books from Belarus – не панацэя, не манаполія і не адзіны адказ на пытанне, што такое белліт і каму ён патрэбны. Аднак гэта відавочны крок наперад. Мы ўжо не Косава, але яшчэ не Венгрыя. Яшчэ заўважна камплексуем і высвятляем адносіны паміж сабой, але практычна навучыліся не выносіць смецце з хаты – бо каму там, «у іх», цікава, напрыклад, чаго гэта мы не хочам, каб Нобеля атрымала наша пісьменніца.

З бліжэйшых планаў праекта Books from Belarus – рыхтавацца да ўдзелу ў Лейпцыгскім кніжным кірмашы, які, у адрозненне ад франкфурцкага родзіча, больш арыентаваны на прыхільнікаў літаратуры, а не толькі на прафесіяналаў кніжнай вытворчасці. To be continued.

 

 

 

 

3 факты пра Франкфукт-2013

1.  7300 удзельнікаў са 100 краін. 276 тысяч наведнікаў. 9000 акрэдытаваных журналістаў. Такія лічбавыя вынікі 65-га кніжнага кірмашу ў Франкфурце.

2.  Галоўнай зоркай кірмашу нечакана зрабіўся зусім не пісьменнік, а тэнісіст. Барыс Бэкер, легенда тэнісу і экс-першая ракетка свету, прэзентаваў у Франкфурце свае мемуары «Жыццё – не гульня» («Das Leben ist kein Spiel»). Прэзентацыя кнігі з-за наплыву журналістаў і чытачоў на гадзіну амаль паралізавала працу нямецкага холу.

 

3.  Сёлета высветлілася, што ў літаратуры жаночы твар. Акрамя Святланы Алексіевіч, узнагароджанай Прэміяй міру Саюза нямецкіх кнігагандляроў, і Эліс Мунро, якая атрымала Нобеля таксама падчас кірмашу, Нямецкая кніжная прэмія (мясцовы аналаг «Букера» і «Ганкура») дасталася Тэрэзіі Мора за раман «Пачвара».

Антон Кашлікаў

34mag.net