Беларусь у Лейпцыгу

Вось гэта я разумею, падыход! – дзеліцца ўражаннямі ад наведвання Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу каардынатар сеткі незалежнага кнігараспаўсюду, памочнік дырэктара выдавецтва “Кнігазбор” Міраслаў Лазоўскі. 

– Людзей было дужа шмат! Вялікая ўвага, канечне, надавалася ўкраінскім стэндам. Мы побач былі, таму гэта і на наведванне стэнду “Books from Belarus” паўплывала. Цікавілі збольшага кнігі аўтараў, што прыехалі ў Ляйпцыг, а таксама тых, чые творы былі перакладзеныя на нямецкую. Потым ужо заўважылі, што зніклі дзве кнігі з нашага стэнда – “Снежны чалавек” Эвы Суса і “Узбраенне беларускіх земляў Х–ХІІ стагоддзяў” Мікалая Плавінскага. Таму, бачыце, цікавяцца! Прыемна ўразілі і беларуска, якая, жывучы ў Германіі, самастойна вывучыла беларускую мову, і немец, які звярнуўся на чысцюткай беларускай!”

Прапануем вашай увазе больш падрабязную справаздачу часопіса 34mag.net.

Стэнд Books from Belarus прыняў удзел у кніжным кірмашы ў Лейпцыгу – адным з галоўных еўрапейскіх літаратурных форумаў.

«Пісьменік павінен быць перш за ўсё “файным хлопцам”»

Калі Франкфурцкі кніжны кірмаш больш накіраваны на бізнэсовыя стасункі паміж выдаўцамі, агентамі і кнігапрадаўцамі, то Лейпцыг працуе хутчэй для чытачоў. На тэрыторыі кірмашу шмат кніжных крамаў, бясконцыя прэзентацыі навінак, сустрэчы, дыскусіі, аўтограф-сэты і чытанні. Сярод зорак сёлетняга форуму – Уіл Сэлф, Марцін Сутэр, Сайман Бэкет.

Беларускі стэнд размяшчаецца акурат насупраць пляцоўцы Tranzyt – адмысловай 3-гадовай праграмы для ўкраінскай, польскай і беларускай літаратур.

Да суседзяў-украінцаў – чарга з журналістаў і чытачоў. Еўрапейцы імкнуцца зразумець, што адбываецца ў жоўта-блакітнай краіне з першых вуснаў. Усе галоўныя зоркі украінскай літаратуры тут – Юры Андруховіч, Сяргей Жадан, Андрэй Куркоў і іншыя. Займаюцца тым, што амаль бесперапынна раздаюць інтэрв’ю і камунікуюць з гасцямі.

Наогул, праца пісьменніка, калі ты ўжо, вядома, трапіў у абойму, гэта на 70% – бясконцыя паездкі па кірмашам, дыскусіям і прэзентацыям. Калі ў астатнія 30% часу табе яшчэ хапае сіл нешта пісаць, то ты наогул круты.

«Каб быць паспяховым, пісьменік павінен быць перш за ўсё “файным хлопцам”, – кажа украінская паэтка Кацярына Бабкіна. – Вось паглядзі на Жадана: ён сяброў заводзіць за дзве хвіліны. Але ў яго гэта прыроднае. Калі ж ты не такі па натуры, гэта патрэбна ў сябе проста кульцівіраваць».

Жадан упершыню з’яўляецца на публіцы пасля збіцця харкаўскімі гопнікамі. Фінгал пад вокам яшчэ не сышоў, на галаве – свежы шоў. Надоўга трапляе ў сяброўскія абдымкі, пасля – таксама надоўга – да журналістаў. Напярэдадні харкаўскіх падзей у Жадана выйшла новая кніга «Месапатамія», прасякнутая любоўю да роднага гарада і харкаўчан. «Ха-ха, ўпэўнены, што гараджане гэта ацанілі па заслугах», – іранізуе аўтар.

«Так, на Марціновіча ў нас вялікія надзеі»

На стэндзе нямецкага выдавецтва Voland & Quist раздаюць брашуркі з інфой пра кнігі, што выйдуць у 2014-м. На верасень запланавана прэм’ера «Параноі» Віктара Марціновіча. Над перакладам зараз працуе Томас Вайлер, адзін з галоўных экспертаў па беларускай літаратуры ў Германіі (ён, напрыклад, перакладаў на нямецкую «Сароку на шыбеніцы» Бахарэвіча). «Параною» імкнуцца выдаць да Франкфуртскага кірмашу. Кантракт на выданне дзвюх кніг Марціновіча быў заключаны адразу пасля мінулагодняга Франкфурту – пакуль гэта адзін з найбольш відавочных вынікаў працы праекта Books from Belarus. Пасля «Параноі» Voland & Quist плануе выдаць і «Сфагнум».

«Мы спецыялізуемся на выданні маладой гарадской прозы, – кажа прадстаўнік Voland & Quist Лайф Грайнус. – У тым ліку з краін, літаратуры якіх не вельмі ў вядомы ў Германіі. Балканы, Усходняя Еўропа. Так, на Марціновіча ў нас вялікія надзеі».

Ходзяць чуткі, што таксама вялікую цікавасць нямецкія выдаўцы праяўляюць да рамана Наталкі Бабінай «Рыбін горад», які не так даўно выходзіў па-англійску. Ідуць размовы пра нямецкую версію кругасветных прыгодаў Ромы Свечнікава.

«Бум можа вызваць адна сапраўды паспяховая кніжка»

Нямецкі кніжны рынак – ключык да еўрапейскага поспеху. Таму атрымаць пераклад у Германіі лічыцца справай не толькі прэстыжу, але і перспектывы. Першыя сцежкі праз джунглі еўрапейскага кніжнага працэсу для беларускай літаратуры прабівалі Клінаў і Бахарэвіч, зусім нядаўна выйшаў нямецкі пераклад «Замка, пабудаванага з крапівы» Зміцера Вішнёва.

Праект Books from Belarus аб’яднаў у сабе незалежных беларускіх выдаўцоў («Логвінаў», «Кнігазбор», «Пяршак», «Паперус» і інш.) з яснай мэтай прасоўвання белліту за межамі краіны. Як падаецца, для гэтага быў выбраны даволі ўдалы час. Па меншай меры, так лічыць Марцін Полак, аўстрыйскі пісьменнік і перакладчык, куратар праграмы Tranzyt. «Еўропа зацікаўлены ў адкрыцці новых іменаў, гэта законы рынку, – кажа Полак. – Па сутнасці, бум можа вызваць адна сапраўды паспяховая кніжка».

14 сакавіка ў межах Лейпцыгскага кніжнага кірмашу адбылася прэзентацыя кнігі Артура Клінава «PARTISAN. Kultur_Macht_Belarus» («PARTISAN. Культура_робіць_Беларусь»), якая выйшла ў берлінскім выдаўніцтве fotoTAPETA. У кнігу ўвайшлі тэксты не толькі Клінава, але і іншых беларускіх пісьменнікаў і публіцыстаў, у тым ліку калумністкі 34mag Тані Арцімовіч.

«Партызан, – кажа Артур Клінаў, – гэта не толькі гераічная постаць з пісталетам у руцэ. Гэта таксама дыягназ, паталагічны стан свядомасці з глыбіннымі страхамі ў адказ на гістарычныя траўмы».

Да падзеі была падрыхтаваная адмысловая выстава «PARTISANEN. Gegenkultur aus Belarus», на якой прадстаўлены працы беларускіх мастакоў Ігара Цішына, Артура Клінава, плакаты Уладзіміра Цэслера. Сама выстава будзе праходзіць да 8 красавіка ў лейпцыгскай андэграўнднай галерэі «Культурны дом», якая размяшчаецца наўпрост у гасцёўне невялікага сквоту ў адным з найбольш мастацкіх раёнаў гораду.

Таксама на Лейпцыгскім кірмашы адбылася прэзентацыя фотакнігі маладых беларускіх фатографаў BY NOW, выдадзеная пад куратарствам Андрэя Лянкевіча.

Фота: Міраслаў Лазоўскі

Фота ад 34mag.net глядзіце тут.

budzma.by