“Берлінскую мазаіку” Алеся Тарановіча прэзентуюць у Мінску

Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашае на прэзентацыю новай кнігі беларускага мастака і пісьменніка Алеся Тарановіча “Берлінская мазаіка”. Імпрэза пройдзе 28 снежня ў кнігарні “логвінаЎ” пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі".

 

З 1998 года Алесь Тарановіч жыве і працуе ў Нямеччыне, жыццю на чужыне, сучаснай Нямеччыне і немцам, а таксама Беларусі і беларусам прысвечаныя эсэ з яго новай кнігі, якая сёлета выйшла ў серыі “Бібліятэчка часопіса Дзеяслоў”.

 

На прэзентацыі “Берлінскай мазаікі”, акрамя самога аўтара, выступяць:

Алесь Разанаў,

Леанід Дранько-Майсюк,

Барыс Пятровіч,

Алесь Пашкевіч,

Анатоль Івашчанка

ды іншыя.

 

Пачатак імпрэзы ў 18.30.

 

Адрас кнігарні “логвінаЎ”: пр. Незалежнасці 37а.

 

З анатацыі да кнігі:

 

Проза і эсэістыка Алеся Тарановіча зачаравала чытачоў часопіса “Дзеяслоў” сваёй лірычнай паэтычнасцю і метафарычнай вобразнасцю, якія дзіўна спалучаюцца з вострай сацыяльнасцю, надзённасцю і ўражваюць назіральнасцю аўтара.

 

Пра аўтара:

 

Алесь Тарановіч (Алесь Эроціч) нарадзіўся ў Мінску ў 1955 годзе. Мастак, мастацтвазнаўца, журналіст, празаік, эсэіст, паэт, сцэнарыст. У 1984 годзе закончыў Беларускую акадэмію мастацтваў і па ўласным жаданні паехаў працаваць на Вілейшчыну ў вёску Хамутнае –  паміж Крывічамі і Будславам –  падымаць беларускую культуру. Падчас “перабудовы” вярнуўся ў Мінск і пачаў працаваць старэйшым экспертам БФК –  рабіў выставы беларускага незалежнага мастацтва. Паралельна працаваў як мастак андэграўнду. Са створанага ў тыя часы найважнейшымі лічыць тры рэчы: мастацкую суполку “Галіна”, галерэю “Шостая лінія” і тэатр “Сталёвы аргазм”. Тады ж таксама шмат працаваў як журналіст і мастацтвазнаўца, друкаваўся ў беларускіх газетах і часопісах.У 1998 годзе пераехаў жыць у Берлін. У тым жа годзе прыйшоў да Бога, што прывяло да перагляду духоўных каштоўнасцяў. Бярэ актыўны ўдзел у беларускім жыцці ў Еўропе і Амерыцы. У 2001 годзе арганізаваў у Берліне выставу беларускіх мастакоў з розных краінаў Еўропы, якая вылілася ў доўгатэрміновы праект. Сябра трох берлінскіх літаратурных клубаў. Сябра БАЖ з 1998 года. Жанаты, мае сына.

Прэсавая служба СБП