“Берлінскую мазаіку” сабралі ў кнігарні “ЛогвінаЎ”

Даўно ў кнігарні “ЛогвінаЎ” не было такіх гарачых дыскусіяў, дзе і глядацкая заля, і выступоўца, і арганізатары сустрэчы былі б роўнымі ўдзельнікамі гутаркі. Менавіта ў такім фармаце 28 снежня прайшла прэзентацыя кнігі Алеся Тарановіча “Берлінская мазаіка”,  якую зладзіў Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі”.


Пагаманілі пра ўсё: пра Беларусь сённяшнюю і ўчорашнюю, пра яе адрозненне ад Нямеччыны, пра “тупік” мадэрнізму ў выяўленчым мастацтве і магчымае выйсце з яго, пра “Тахелес”, берлінскія блышыныя рынкі, пра эміграцыю і пра тое, чым ёсць Нямеччына для Тарановіча, паспрачаліся наконт сучаснай нямецкай прозы і абмяняліся думкамі наконт цяперашняга стану літаратуры і мастацтва ў Беларусі.

 

Адкрыў сустрэчу старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

 

Алесь Разанаў расказаў пра сваё знаёмства з аўтарам  “Берлінскай мазаікі” і згадаў, як параіў яму пісаць па-беларуску для беларусаў.

 

Леанід Дранько-Майсюк прызнаўся, што чытае кнігу Тарановіча паўсюль, у метро і кавярнях, і ў пацверджанне прадэманстраваў чэк з кавярні, якім скарыстаўся замест кніжнай закладкі.

 

Віктар Шніп прысвяціў Тарановічу свой верш “Тутэйшы вожык”, мадэратар сустрэчы паэт Анатоль Івашчанка таксама прачытаў некалькі сваіх вершаў з апошняй публікацыі ў “Літаратурнай Беларусі”.

Сам Алесь Тарановіч пачытаў урыўкі са сваёй кнігі і падзяліўся сваім назіраннямі, што да беларускай ментальнасці ў параўнанні з нямецкай. “Беларусы лёгка жывуць з немцамі, але паміж сабой ім паразумецца цяжка". "Беларусы робяць усё з аглядкай на іншых, а немцы ў цяжкія моманты гуртуюцца”.

 

Алесь Разанаў і Пятро Садоўскі

 

У конкурсе на самае цікавае пытанне аўтару кнігі перамог колішні амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі, які за сваю актыўнасць на сустрэчы (спадар Пятро проста засыпаў аўтара іранічнымі пытаннямі) атрымаў у падарунак новы нумар часопіса “Дзеяслоў”.

Прэсавая служба СБП