“Быкаўскіх чытанняў” у Віцебску не будзе

Віцебскі паэт Давід Сімановіч прапанаваў правесці ў абласной бібліятэцы адмысловую імпрэзу да 84-х угодкаў з дня нараджэння Васіля Быкава – запачаткаваць традыцыю штогадовых “Быкаўскіх чытанняў”. Аднак гэтая ініцыятыва не знайшла падтрымкі ў чыноўнікаў. Давід Сімановіч не канкрэтызуе, хто канкрэтна выступае супраць ягонай ідэі, але кажа, што “ў горадзе знайшліся сілы, якія перашкодзілі рэалізацыі гэтых планаў”.
Паводле Давіда Сімановіча, у яго захоўваецца рашэнне Віцебскага аблвыканкаму за сакавік 2004 году, згодна з якім чыноўнікі яшчэ чатыры гады таму збіраліся арганізаваць навуковую канферэнцыю, прысвечаную творчасці Быкава, а таксама ўсталяваць памятную дошку ў гонар пісьменніка на будынку мастацкай вучэльні, дзе ў 1939-1940 гг. вучыўся Васіль Быкаў. На сённяшні дзень выкананы толькі адзіны пункт з гэтага рашэння – адноўлена сядзіба пісьменніка на ягонай радзіме, у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. Там, у мэмарыяльным музэі Быкава, 19 чэрвеня збяруцца прыхільнікі ягонага таленту ды бліжэйшыя сваякі.