«Быкаўскія дні» у Музеі-дачы Васіля Быкава
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры гасцінна запрашае ў “Быкаўскія дні” – 19 і 22 чэрвеня наведаць экспазіцыю Музея-дачы Васіля Быкава ў а.г. Ждановічы.
Ваенныя песні, успаміны пра Васіля Уладзіміравіча самых блізкіх людзей, яго сяброў, што будуць гучаць ў гэтыя памятныя дні, вернуць нас у “быкаўскі час”. Акрамя гэтага госці лецішча змогуць пагартаць альбом з фатаграфіямі Васіля Быкава; прайсці па экспазіцыі; пачуць голас гаспадара дачы.
19 чэрвеня у межах “Быкаўскіх дзён” для ўсіх ахвотных запланаваны квэст, які дапаможа глыбей зазірнуць у таямніцы творчага жыцця народнага пісьменніка. Прапануюцца першыя два заданні, астатнія можна будзе атрымаць, наведаўшы саму дачу.
Заданне 1. Зрабіць сэлфі каля дома Васіля Быкава ў Мінску так, каб былі бачны назва вуліцы і нумар дома.
Заданне 2. Адшукаць Музей-дачу Васіля Быкава і не прапусціць наступнае заданне на весніцах.
22 чэрвеня запрашаем наведаць выставу аднаго дня “Здабыўшы Перамогу”. Упершыню ў філіяле пройдзе выстаўка фатаграфій часоў Вялікай Айчыннай вайны – Васіль Быкаў, Максім Лужанін, Пімен Панчанка, Пятро Прыходзька і інш. Рукапісныя радкі нашых выдатных майстроў слова дадуць магчымасць адчуць боль за сваю Бацькашчыну, імкненне да перамогі, роздум над тым, што адбылося.
Музей-дача Васіля Быкава ( а.г. Ждановічы, вул. 6-ая Дачная, д. 62) працуе з 12.00 да 18.00 кожны дзень, акрамя панядзелка і аўторка.
У “Быкаўскія дні” ўваход у музей вольны.
Кантактны тэлефон: (017) 335-44-47
Паводле прэс-рэлізу