“Блакітнага Свіна” атрымалі Віка Трэнас і Пятро Васючэнка

27 сакавіка прайшло ўручэнне беларускай літаратурнай антыгламурнай прэміі Блакітны Свін-2010.

Яе лаўрэатамі сталі: Віка Трэнас "Блакітны Свін" за прамоцыю беларускай літаратуры і мастацтва і ўдзел у стварэнні суполкі "ВЮ" і Пятро Васючэнка - ганаровы "Блакітны Свін" за стварэнне новай беларускай міфалогіі.

У шорт-лісце таксама былі Віктар Лупасін і Юрась Нераток. Лаўрэаты атрымалі дыпломы, а таксама 100 чаго-небудзь, якія традыцыйна прыкладаюцца да дыплома. Сёлета гэта было 100 пушак запалак (на шчасце, удзельнікі імпрэзы, з якімі Віка Трэнас літасціва падзялілася прызом, не распачалі выпрабоўваць яго на месцы). Лаўрэаты і тыя, хто заняў 2 і 3 месцы, атрымалі прызы ад кампаніі "Будзьма белаурсамі!". Таксама Віка Трэнас атрымала прыз ад часопіса "Дзеяслоў" - бібліятэчку часопіса і поўны камплект нумароў.

Падчас цырымоніі ў гонар беларускай птушкі шчасця, паведамляе ў сваім Жывым часопісе Людміла Рублеўская, узнік яшчэ адзін праект: акрамя "Блакітнага Свіну", які набывае цалкам станоўчы і дыхтоўны імідж, прысуджаць прэмію "Блакітнае карыта" - "за самы папсоідны твор і ўчынак". Вылучэнне кандыдатаў ужо пачалося.

Фотаздымкі з rubleuskaja.livejournal.com