Books from Belarus на кніжнай выставе ў Вільні

Стэнд прадставіць кнігі беларускіх і літоўскіх выдавецтваў, а ў межах агульнай праграмы пройдуць беларускія літаратурныя імпрэзы.

Да таго ж на стэндзе будзе прадстаўлены каталог Books from Belarus/»Кнігі з Беларусі». Каталог, які для зручнасці замежных выдаўцоў і літаратурных агентаў выдадзены па-ангельску, прадстаўляе анатацыі твораў Васіля Быкава, Алеся Разанана, Ігара Бабкова, Алены Бравы, Адама Глобуса, Уладзіміра Арлова, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Някляева, Альгерда Бахарэвіча, Віктара Казько, Барыса Пятровіча, Уладзіміра Казлова.

– Ініцыятыва па прасоўванні беларускай літаратуры прынесла першы плён, - кажа літаратурны агент Дар’я Вашкевіч. – Кніга Ігара Бабкова «Хвілінка», прадстаўленая, сярод іншых, у апошнім каталозе Books from Belarus, атрымала прыз Вышаградскай групы як найлепшы ўсходнееўрапейскі раман і ў снежні была была выдадзеная ў перакладзе на славацкую мову.

Books from Belarus – гэта супольная ініцыятыва незалежных выдаўцоў Беларусі, сярод якіх Саюз беларускіх пісьменнікаў, 34mag.net і Літаратурны Дом «Логвінаў». Мэта кампаніі – прасоўванне айчыннай літаратуры на сусветным кніжным рынку, наладжванне сувязяў і камунікацыі з літаратурнымі агентамі ды выдаўцамі з іншых краін, фармаванне інтэлектуальнага іміджа Беларусі за мяжой. Летась праект Books from Belarus узяў удзел у Франкфурцкім, Варшаўскім і Ляйпцыгскімі кніжных кірмашах.

Расклад беларускіх імпрэзаў на Віленскай кніжнай выставе:

19 лютага. Прэзентацыя кнігі Алеся Разанава. Пачатак а 15 гадзіне. З удзелам перакладчыцы Альмы Лапінскене. Стэнд Books from Belarus.

19 лютага. Выступ беларускіх літаратараў у Саюзе пісьменнікаў Літвы (K. Sirvydo g. 6, Vilnius). Пачатак а 18 гадзіне. З удзелам Андрэя Хадановіча і Паўла Касцюкевіча.

20 лютага. Панельная дыскусія «Тры гадзіны - і ты ТАМ» пра лёс сучаснай беларускай літаратуры ў Еўропе. З удзелам Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча, Ігара Логвінава, Анатоля Івашчанкі і Дар’і Вашкевіч. Пачатак а 13 гадзіне. Стэнд Books from Belarus.

На беларускім стэндзе таксама будзе паказана міні-выстава графічных прац Адама Глобуса «Прывакзальная Вільня».

Адрас кніжнай выставы ў Вільні: LITEXPO (Laisvės pr. 5, Vilnius), нумар стэнду 3.16

Стэнд Books from Belarus запрашае на адведкі ўсіх ахвочых, а асабліва прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Вільні і студэнтаў ЕГУ!

nn.by