Браціслава збірае беларускую бібліятэку

Кіраўнік незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, сябра рады СБП, паэт Сяргей Законнікаў і сябра Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімір Падгол звярнуліся да літаратараў з заклікам передаць свае кнігі для беларускага аддзела міжнароднай бібліятэкі Славацкага ПЭН-цэнтра.

Гісторыя гэтага аддзела пачалася ў сакавіку 2011 года, калі ў Браціславе праходзіла міжнародная канферэнцыя па глабальнай бяспецы. Тады ў межах канферэнцыі яе ўдзельнікі выйшлі ў пікет на алею славацкага паэта Гвяздаслава з партрэтамі беларускіх палітзняволеных. На мітынгу выступіў, у прыватнасці, міністр замежных справаў Славакіі Мікулаш Дзурында.

Па-за межамі канферэнцыі адбылася прыватная сустрэча кіраўніка ПЭН-цэнтра Славакіі Густава Мурына з прадстаўніком беларускай дэлегацыі Уладзімірам Падголам. Славацкія літаратары папрасілі дапамогі ў стварэнні у іхняй бібліятэцы беларускага аддзела. Праз месяц першую сотню кніжак беларускіх пісьменнікаў кіраўнік Саюза беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, сябра рады паэт Сяргей Законнікаў і сябра ПЭН-цэнтра Уладзімір Падгол перадалі ў амбасаду Славакіі ў Мінску, а амбасадар Марыян Сэрватка пераслаў іх у Браціславу.

Старшыня ПЭН-цэнтра Славакіі Густаў Мурын і амбасадар Славакіі ў Беларусі Марыян Сэрватка

24 жніўня ў цэнтры старой Браціславы ў грамадска-культурным цэнтры прайшла першая прэзентацыя бібліятэкі ПЭН-цэнтра Славакіі. На ёй быў прадстаўлены беларускі аддзел. Уладзімір Падгол распавёў пра арыштаваныя кнігі беларускіх аўтараў, у прыватнасці, пра 40 кніжак паэзіі Уладзіміра Някляева, якія зняволілі спецслужбы з бібліятэкі самога паэта і кандыдата ў прэзідэнты, а таксама пра кнігу Алеся Бяляцкага. Была прадстаўленая кніга Уладзіміра Падгола “Куля для прэзідэнта” — урыўкі з яе чыталі аўтар і славацкія акторы. Амбасадар Славакіі ў Беларусі Марыян Сэрватка прэзентаваў кнігі, выпушчаныя ў Мінску пры падтрымцы амбасады, у тым ліку беларуска-славацкі размоўнік. Цягам вечарыны гучалі таксама песні беларускіх паэтаў па-славацку. Пры абмеркаванні далейшых планаў супрацоўніцтва ўзнікла ідэя выдання анталогіі славацка-беларускай літаратуры.

Кіраўнік ПЭН-цэнтра Славакіі Густаў Мурын звярнуўся да беларусаў з просьбай аб дапамозе ў пашырэнні кніжнага фонду беларускага аддзелу бібліятэкі. У сувязі з гэтым Саюз беларускіх пісьменнікаў просіць суайчыннікаў перагледзець свае бібліятэкі і ахвяраваць кнігі ў Браціславу. Дакладны час збора кніг паведамяць дадаткова.

Кантактны тэлефон Саюза беларускіх пісьменнікаў — (017) 200-80-91.

naviny.by