Брэсцкае аддзяленне СБП адсвяткавала сваё 30-годдзе

Чарговы справаздачна-выбарчы сход Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама святочная вечарына, прымеркаваная да 30-годдзя гэтай арганізацыі, прайшлі 19 лютага ў Брэсце.

У глядацкай залі

Падчас сходу кіраўніцтва Брэсцкай філіі СБП падвяло вынікі сваёй дзейнасці за апошні час. А гэта і падрыхтоўка новага нумару літаратурнага альманаху “Жырандоля”, і садзеянне ў выданні кніг сяброў аддзялення, і пераклады на беларускую мову твораў сучасных пісьменнікаў-валынян. Рада аддзялення таксама дапамагала ў арганізацыі літаратурных і культурна-масавых мерапрыемстваў абласной і раённым бібліятэкам Брэстчыны, садзейнічала ў правядзенні прэзентацый новых кніг, творчых сустрэчаў з чытачамі.

Іван Мельнічук

Акрамя таго, на сходзе адбылося абранне Рады, а таксама кіраўніцтва філіі. На пасаду старшыні Брэсцкага аддзялення СБП быў перабраны яе ранейшы кіраўнік Іван Мельнічук.

Пасля афіцыйнай часткі пісьменніцкая грамада перайшла да часткі святочнай. Юбілейная вечарына, прымеркаваная да 30-годдзя адзялення, сабрала поўную залу Брэсцкай абласной бібліятэкі. Акрамя паэтаў і празаікаў з усёй Берасцейшчыны, на яе былі запрошаныя мінскія літаратары: старшыня СБП Алесь Пашкевіч, пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Алесь Разанаў, Васіль Жуковіч. На запрашэнне беларускіх творцаў, вечарыну наведалі іх украінскія калегі – валынскія літаратары, сярод іх –  старшыня Валынскага аддзялення Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны Ніна Горык і іншыя.

На святочнай імпрэзе гучалі творы пісьменнікаў розных пакаленняў. Таксама быў прэзентаваны дакументальны фільм Міколы Пракаповіча, прысвечаны 30-годдзю Брэсцкага аддзялення і адметным літаратурным постацям Берасцейшчыны: Ніне Мацяш, Уладзіміру Калесніку, іншым паэтам і празаікам.

Падчас вечарыны прайшла прэзентацыя трэцяга нумара літаратурнага альманаха “Жырандоля”, што змяшчае шматлікія творы майстраў пяра з усёй Берасцейшчыны, а таксама перакладныя творы даўніх сяброў берасцейцаў, пісьменнікаў з Валыні.
Мінскія госці, са свайго боку, прэзентавалі літаратурную серыю СБП “Кнігарня пісьменніка”, у якой выйшлі празаічныя творы пісьменнікаў з усёй Беларусі. Кнігі серыі былі ўрачаста падараваныя Брэсцкай абласной бібліятэцы.

Дарэчы, апошняя таксама не засталася ў баку ад святкаванняў. Вялікая выстава кніг пісьменнікаў Брэсцкага рэгіёна, прымеркаваная да юбілею арганізацыі, была зладжаная на стэндах бібліятэкі.

Юлія Марчанка,

прэсавы сакратар СБП