Брытанскую літаратурную прэмію Пінтэра атрымалі Ірына Халіп і Том Стопард

Ірына Халіп

Уручэнне прэміі адбылося вечарам 7 кастрычніка.

"Гэта было нечакана і тым больш прыемна — раздзяліць гэту прэмію з Томам Стопардам, якога я вельмі люблю і паважаю, які з'яўляецца адным з маіх любімых драматургаў. Для мяне гэта прызнанне таго, што Беларусь гэта не нейкі востраў, закінуты ў акіяне, нас падтрымліваюць і пра нас памятаюць", — пракаментавала БелаПАН гэтую падзею Ірына Халіп.

Узнагароду, якая была заснаваная ў 2009 годзе нобелеўскім лаўрэатам, драматургам Гаральдам Пінтэрам, уручае ПЭН-клуб Вялікабрытаніі. Прэмія штогод уручаецца аднаму брытанскаму пісьменніку, які дэманструе, як зазначыў у нобелеўскай прамове Пінтэр, "цвёрдую, непахісную і гарачую інтэлектуальную рашучасць", і аднаму замежнаму пісьменніку, які пераследаваўся або пазбаўляўся волі за свае погляды, паведамляе афіцыйны сайт англійскага ПЭН-клуба.

Як паведаміла БелаПАН намеснік кіраўніка англійскага ПЭН-клуба Хізер Норман Сёдэрлінд, арганізацыя прапаноўвае шорт-ліст міжнародных аўтараў, журналістаў, якія намінуюцца на гэтую прэмію, аднак канчатковы выбар застаецца за брытанскім лаўрэатам. 

"Сёлета журы выбрала Тома Стопарда, які павінен быў раздзяліць сваю прэмію з выбраным ім храбрым міжнародным аўтарам. У шорт-лісце было чатыры аўтары з розных куткоў свету. Том выбраў Ірыну Халіп, цудоўную журналістку, ён вырашыў, што яна заслугоўвае раздзяліць з ім прэмію", — паведаміла БелаПАН Хізер Норман Сёдэрлінд.

Яна таксама расказала, што памер прэміі Пінтэра складае 2000 брытанскіх фунтаў, якія пароўну дзеляцца паміж лаўрэатамі.

Арцём Шрайбман, БелаПАН