Будучыня здарыцца з усімі — Ганна Янкута пра "Магчымасць выспы" Мішэля Уэльбэка

Амаль чатырыста гадоў таму Джон Дон напісаў, што чалавека, які быў бы як выспа, то бок жыў бы зусім адасоблена ад іншых, не існуе. У 2005 годзе выйшаў раман Мішэля Уэльбэка, сама назва якога — “Магчымасць выспы” — сведчыць пра жаданне аспрэчыць гэтае меркаванне: чалавек можа быць выспай, больш за тое, гэтай выспай ён ужо зрабіўся. Засталося толькі даць яму акіян, у якім ён правядзе рэшту сваіх дзён — у поўнай адзіноце.

Раман “Магчымасць выспы” — гэта тры ўзаемазвязаныя гісторыі: коміка Даніэля і двух яго клонаў, Даніэля24 і Даніэля25, які прыйшлі на змену невядомым Даніэлю23, Даніэлю22 і г.д. З комікам усё зразумела — ён жыве ў нашым сённяшнім свеце, піша скетчы, зарабляе грошы, а вось з іншымі Даніэлямі складаней. Адзіныя заняткі клонаў, што ператварыліся ў сапраўдныя выспы, як разумеў іх Джон Дон, — млява і адстаронена каментаваць нататкі, пакінутыя іх далёкім продкам, што жыў каля двух тысяч гадоў таму, і чакаць прышэсця цьмяных Жыхароў Будучыні, якія мусяць цалкам замяніць сабой чалавечую расу. Так аўтару ўдаецца спалучыць дзве сюжэтныя лініі: рэалістычную лінію жыцця коміка, апісаную ім у нататках, і фантастычную лінію яго нашчадкаў-клонаў, якія робяць на палях гэтых нататак свае каментары і такім чынам паволі, увесь час трымаючы чытача ў напружанні, расказваюць, што адбылося з Зямлёй за гэтыя дзве тысячы гадоў. У іх расказе застаецца нямала лакунаў, якія пакідаюць шмат прасторы для фантазіі, але як бы там ні было, карціна будучыні ў кнізе разварочваецца зусім не аптымістычная. Яно і не дзіўна: Мішэль Уэльбэк вядомы аматарам сучаснай прозы як штатны французскі мізантроп, які не ніколі не абяцае сваёй планеце нічога станоўчага. Нешта падобнае мы можам знайсці ў змрочных творах Юрыя Станкевіча, якога з Уэльбэкам яднае не толькі цікавасць да апакаліптычных прадказанняў, але і пэўная схільнасць да ксенафобіі.

У нататках коміка Даніэля аўтар закранае мноства злабадзённых праблемаў — ад наступстваў сэксуальнай рэвалюцыі да ўплыву ідэалогіі і рэкламы на фармаванне вобразу мыслення людзей. Магчыма, не ўсе гэтыя праблемы будуць нам блізкія і зразумелыя (у нас і сваіх пакуль хапае), аднак нельга не прызнаць, што пісьменнік пільна сочыць за сучасным жыццём і прапануе чытачу самую яго квінтэсенцыю. Яго герой-комік піша іранічныя скетчы, трымаючы нос па ветры і бясхібна ловячы любыя змены ў побытавай філасофіі, якая навязваецца людзям праз сродкі масавай інфармацыі. Антысемітызм і чайлдфры, фізічны гвалт і парнаграфія ўсплываюць у яго творчасці менавіта тады, калі грамадства гатовае іх праглынуць. Такім чынам аўтар імкнецца ўхапіць і адлюстраваць няўлоўны рух чалавецтва да паступовага знікнення, да таго часу, калі на змену чалавеку звычайнаму прыйдзе неачалавек, то бок клон.

З кожнай старонкай рамана няўхільна старэючы, герой Уэльбэка ўсё больш разважае пра сэнс маладосці, смерці, самагубства і бяссмерця, але найбольшае месца ў яго развагах займае тэма сэксу. Сэкс ва ўсіх магчымых формах і праявах, а таксама філасофія фізічнай асалоды прысутнічае ледзь не на кожнай старонцы рамана: аўтар разглядае сэкс у розных катэгорыях — сацыяльных, маральных, фізіялагічных, — пішучы пра яго з пазіцыяў чалавека спажывецкае эпохі, прычым так, нібыта ў Францыі фемінізму ніколі не існавала. Сярод усіх гэтых разваг пра геданічны лад жыцця нечакана ўсплывае тэма кахання, якая паступова робіцца адной з цэнтральных тэмаў кнігі. Бо калі чалавек ператвараецца ў выспу, то бок паступова абрывае ўсе сацыяльныя сувязі, што можа адбыцца з каханнем? Калі ангельскі драматург Том Стопард у п’есе “Вынаходніцтва кахання” спрабуе вызначыць час, калі каханне нарадзілася, то Уэльбэк цынічна разлічвае момант, калі каханне памрэ. І высновы, для якіх ён прыходзіць, зусім не суцяшальныя.

Фантастычная лінія рамана даволі прадказальная і не вылучаецца асаблівай навізной сярод тэматычна блізкіх сучасных твораў. Намаляваныя Уэльбэкам постапакаліптычныя карціны не вельмі адрозніваюцца, напрыклад, ад тых, што вывела ў сваім рамане “Орыкс і Драч” канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд, паказаўшы заняпад сучаснага грамадства і радыкальны метад вырашыць усе праблемы адным махам. З’яўленне ў творы секты элахімітаў, якія вераць у хуткае прышэсце іншапланетнікаў, але потым пераключаюцца на веру ў фізічнае бяссмерце, узмацняе фантастычны складнік і трохі разбаўляе доўгія развагі галоўнага героя пра сэкс, мараль і біяхімію, аднак экшнам раман усё адно не назавеш: нягледзячы на ультрасучасную праблематыку, любоўныя драмы і гісторыю новага культу, кніга “Магчымасць выспы” застаецца няспешным чытвом, якое патрабуе ад чытача ўдумлівасці і немалой эрудыцыі.

Пераклад рамана, зроблены Змітром Коласам, можна было б назваць бездакорным, калі б не пэўная колькасць дзіўнаватых словаў накшталт “цурка” ці “пупка”. Што да эратычнай лексікі (а гэты пласт мовы грае ў творы далёка не апошнюю ролю), то тут вынаходлівасці перакладчыка магла б пазайздросціць нават газета “Наша Ніва”. Без ведання французскай мовы ацаніць перакладчыцкія рашэнні немагчыма, але многія з іх у любым выпадку падаюцца надзвычай удалымі: “Хіба сам Шэкспір быў бы здольны на такі дыялог? Хіба магло такое прыйсці ў галаву гэтай няшчаснайдзяроўні?” У пэўны момант была вялікая спакуса абвінаваціць перакладчыка ў дробным хуліганстве: у тэксце двойчы згадваюцца беларускі, але арыгінал не дасць схлусіць — Уэльбэк і праўда два разы піша пра нашых суайчынніц, якіх воляй лёсу занесла на старонкі моднага часопіса (с. 64) і на панэль (с. 80). Аднак крыўдаваць на французскага пісьменніка, які так непачціва ставіцца да славянак, не выпадае: калі верыць крытычным і чытацкім водгукам, Мішэль Уэльбэк любіць дражніць публіку не толькі мізантропіяй і ксенафобіяй, але і жанчынаненавісніцтвам. Што ніякім чынам не перашкаджае яму адпраўляць свайго героя Даніэля на пошукі рамантычнага і безнадзейнага кахання.

Ператварыўшы чалавека ў выспу, аўтар не пакідае сучаснаму грамадству ніводнага шанцу. І нават больш: Вярхоўная Сястра (даволі гуманная інкарнацыя оруэлаўскага Вялікага Брата) намякае на тое, што любы шанец у дадзенай сітуацыі быў бы шкодным. Аднак аўтар не выключае, што гісторыя чалавецтва можа развівацца цыклічна, не дае ён і канкрэтнага адказу пра лёс неалюдзей, якім для жыцця дастаткова марской вады і якія не маюць здольнасці кахаць, радавацца ці смуткаваць і могуць толькі нудзіцца, дрэйфуючы ў бясконцай самоце. Зрэшты, назва твора можа мець яшчэ адну інтэрпрэтацыю: нават для самага адзінокага чалавека, які даўно згубіўся ў бязмежных прасторах сусветнага акіяна, заўсёды існуе хай сабе цьмяная і хісткая, але ўсё ж магчымасць выспы.

 

Ганна Янкута, budzma.org