Букоўскі на Беларускім літаратурным радыё

дык ты хочаш быць пісьменнікам?

калі выбухам не імкне з цябе
ўсяму насуперак,
не трэба.
пакуль няпрошанае не рвецца
з твайго сэрца і розуму,
з твайго нутра,
не трэба.
калі праседжваеш гадзінамі,
утаропіўся ў манітор,
згорбіўся над
друкаркай
у пошуках словаў,
не трэба.
калі займаешся гэтым для грошай
ці славы,
не трэба.
калі займаешся гэтым, каб пакласці
жанчыну ў ложак,
не трэба.
калі доўга сядзіш,
перапісваючы зноў і зноў,
не трэба.
калі табе цяжка нават падумаць пра гэта,
не трэба.
калі спрабуеш наследаваць
некаму іншаму,
забудзься.

калі трэба счакаць, каб зараўло
ў табе,
чакай цярпліва.
калі ж ніколі ў табе не раве,
займіся чым іншым.

калі спачатку імкнешся прачытаць жонцы,
ці сваёй дзяўчыне, ці хлопцу,
ці бацькам, ці каму там яшчэ,
ты не гатовы.

не будзь як многія пісьменнікі,
не будзь як многія тысячы людзей,
што завуць сябе пісьменнікамі,
не будзь нудным, сумным,
прэтэнцыёзным. ніколі не будзь сама-
закаханым.
бібліятэкі свету
пазяхаюць ва ўвесь рот
ад такіх, як ты.
хопіць ужо.
не трэба.
пакуль не імкнецца на волю
з тваёй душы ракетай,
пакуль бяздзеяннем не штурхае
цябе да вар’яцтва,
забойства ці самазабойства,
не трэба.
пакуль сонца ўнутры цябе
не выпаліць кішкі,
не трэба.

калі ж праўда прыспеў час,
і ты быў абраны, усё
здзейсніцца
само па сабе і будзе здзяйсняцца,
пакуль не памрэш ты ці яно ў табе.

няма іншай дарогі.

і не было ніколі.

Іншыя вершы амерыканскага пісьменніка слухайце тут:

Адзінота з усімі
геній натоўпу
Свабода
Сіні птах
усмешка на памяць
я сустрэў генія

Юля Цімафеева

Паэтка, празаік і перакладчыца. Скончыла факультэт ангельскай мовы МДЛУ, Беларускі Калегіюм. Адна з заснавальнікаў і рэдактараў інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры "ПрайдзіСвет". Жыве ў Мінску.

Перакладала паэзію з ангельскай мовы – Ч. Букоўскі, М. Дзікмана, С. Крэйна, Э. Лоўэл, Ў. Ўітмана, з партугальскай – А. Каэйру, з гішпанскай – М. Эбну; прозу з ангельскай – Э. Ч. Асонду, М. Бірбам, Г. Ч. Босман, Ш. П. Гілман, Д.Г. Лоўрэнс, Дж. К. Оўтс, К. Шапэн і інш.

У 2012 годзе як дэбютант узяла ўдзел у міжнародным жаночым слэме (Мінск) і ўвайшла ў тройку пераможцаў. Пераможца ў прозе конкурса для маладых пісьменнікаў "Экслібрыс", арганізаванага Саюзам беларускіх пісьменнікаў у 2012 г.

На сёння сайт Беларускага літаратурнага радыё змяшчае творы ў аўдыёзапісах больш як пяцідзесяці паэтаў, празаікаў і перакладчыкаў.

Паводле прэс-рэлізу
Фота Паліны Маслянковай

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"