Біяграфіст Генрык Бергрэн: «Для мяне як даследчыка важней жыццё, а не смерць»

Біяграфію складана аднесці да пэўнага жанру літаратуры. Яна знаходзіцца на мяжы паміж гістарычным, журналісцкім даследаваннем, мастацкім творам, эсэ.

Генрык Бергрэн

Шведскія пісьменніцы Катарына Б'ярвал і Анэт Розэгрэн

Генрык Бергрэн распавёў, што пачынаў сваю кар’еру як акадэмічны гісторык. Яго дысертацыя, што пазней выйшла асобным выданнем, была прысвечаная вывучэнню канцэпту маладосці і яго выкарыстанню ў шведскай палітыцы цягам першай паловы ХХ ст. З 1990 года даследчык таксама працаваў журналістам у вядучай ранішняй газеце Dagens Nyheter, дзе публікаваў у асноўным рэцэнзіі на гістарычныя і іншыя гуманітарныя працы.

Генрык Бергрэн

Паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева

Спадар Генрык зазначыў:

— Яшчэ працуючы ў газеце, я пачаў пісаць работу, прысвечаную вывучэнню жыццёвага і прафесійнага шляху прэм’ер-міністра Швецыі Улафа Пальме, якая пазней ператварылася ў паўнавартасную біяграфію. Ён быў вельмі незвычайным палітыкам, інтэлектуалам з моцным пачуццём маралі, надзвычай разумным тактыкам.

Я адразу ведаў, што хачу напісаць яго біяграфію — гэта выдатная магчымасць распавесці пра асобу і ў той жа час паставіць яе ў шырокі гістарычны кантэкст. Праца над гэтай кнігай доўжылася каля 5 гадоў. Я паспрабаваў паглядзець не толькі на самога Улафа Пальме, але і людзей вакол яго: кім яны былі, што думалі, як уплывалі на асобу прэм’ер-міністра.

Было вельмі важна валодаць правільнымі звесткамі пра дэталі. Я неяк нават правёў тры дні ў пошуках інфармацыі, у якім аэрапорце Пальме прызямліўся ў Лондане ў 1949 годзе. Але пра адну рэч я не пісаў — гэта смерць прэм’ер-міністра і тое, хто мог яго забіць. Для мяне важней жыццё, а не смерць.

Генрык Бергрэн і Альгерд Бахарэвіч

Крытык Дзяніс Марціновіч

Адметна, што біяграфічная кніга Генрыка Бергрэна пра Улафа Пальме вельмі хутка стала папулярнай. Яна разышлася тыражом больш як 100 тысяч і была перакладзеная на шэсць моў. Але тым не менш даследчык не можа жыць толькі дзякуючы прыбытку ад продажу кнігі. Спадар Генрык заўважыў, што яму ўвесь час даводзіцца чытаць лекцыі, пісаць рэцэнзіі і кнігі на заказ. У той жа час зараз пісьменнік думае пра новую вялікую працу. Гэта будзе нешта накшталт калектыўнай біяграфіі шведаў у гады Другой сусветнай вайны.

Справа: Зміцер Колас

Варта адзначыць, што біяграфічнае даследаванне Генрыка Бергрэна, прысвечанае Улафу Пальме, не так даўно пабачыла свет і па-беларуску. Кніга выйшла ў выдавецтве Зміцера Коласа. Сам спадар Зміцер таксама прысутнічаў на сустрэчы і зазначыў, што выданне біяграфій выдатных дзеячаў з іншых краін — вельмі добры спосаб адукоўваць суайчынікаў.

Наталля Гардзіенка

Наталля Гардзіенка заўважыла, што ў сучаснай беларускай літаратуры нон-фікшн можна прыгадаць не так шмат кніг, якія былі б паўнавартаснымі біяграфіямі. Але ёсць аўтары, якія звяртаюцца да біяграфістыкі ў зборніках эсэ, газетах, часопісах, робяць інтэрв’ю. Ёсць асобы, якія прапануюць новы погляд на творчыя здабыткі вядомых аўтараў, творцаў. Адзін з іх — празаік Альгерд Бахарэвіч.

Альгерд Бахарэвіч

Перакладчыца Алена Казлова і Генрык Бергрэн

Альгерд распавёў, што напісаў 13 кніг, але толькі тры з іх можна ўмоўна аднесці да жанру нон-фікшн. Гэтыя кнігі сталіся вынікамі праектаў: цягам года Бахарэвіч пісаў тэксты, якія штотыдзень ці штодзень друкаваліся на сайце Радыё Свабода, а потым былі апублікаваныя ў выглядзе асобных выданняў. Першая з іх — “Малая медычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча”. Тут аўтар паспрабаваў разгледзець, як спалучаюцца літаратура і медыцына. Гэтую кнігу можна ўмоўна назваць біяграфічнай, бо яна заснавана на асабістым досведзе пісьменніка як пацыента.

Злева направа: Альгерд Бахарэвіч, Аляксандр Тамковіч, Наталля Гардзіенка

Летась выйшла кніга “Каляндар Бахарэвіча” — пра 365 падзей сусветнай гісторыі, кожнай з якіх прысвечана кароткае эсэ. Падзеі для напісання тэксту і штодзённай публікацыі Альгерд выбіраў сам. Але самай важнай у гэтай групе кнігай, якая мае большае дачыненне да біяграфістыкі, можна лічыць “Гамбурскі рахунак Бахарэвіча”. У выданне ўвайшло больш як паўсотні эсэ пра творчасць класікаў беларускай літаратуры. Адметна, што гэтая кніга напісаная не літаратуразнаўцам, крытыкам, а найперш чытачом.

Альгерд Бахарэвіч зазначыў:

— Мяркую, што калі кніга праходзіць незаўважанай і не змяняе нічога ў грамадстве, то яе можна лічыць бессэнсоўнай. І менавіта “Гамбурскі рахунак Бахарэвіча” стаў той працай, якая змяніла погляд грамадскасці на беларускую літаратуру. Яна выклікала самы вялікі літаратурны скандал за апошнія 20 гадоў, на яе было напісана каля 25 рэцэнзій ці водгукаў. А гэта паказчык вельмі значнай увагі. І я бачу, што стаўленне да “цёмнага пакоя” беларускай літаратуры пасля выхаду маёй кнігі змянілася. Цяпер мы можам гаварыць пра старонкі нашай мінуўшчыны, што раней замоўчваліся, лічыліся ганебнымі.

Аляксандр Тамковіч

Журналіст, даследчык Аляксандр Тамковіч распавёў пра сваю кнігу “Найноўшая гісторыя ў асобах”, якую склалі больш як 70 эсэ, прысвечаных вядомым у Беларусі і за яе межамі дзеячам культуры, палітыкі. Ён падкрэсліў, што выданне кнігі адно пра 100 чалавек — падзея вельмі маленькага маштабу для краіны з насельніцтвам 9,5 мільёнаў. Таму спадар Аляксандр мае намер працягваць працу па апісанні жыццяў сваіх сучаснікаў.

І сапраўды, можна знайсці некалькі прычын слабога развіцця біяграфічнай літаратуры ў Беларусі. Гэта кепская захаванасць і адносная закрытасць архіваў, палітычныя хістанні і змена поглядаў, адсутнасць спецыяльных сацыяльных праграм, скіраваных на апісанне жыццяў простых людзей.

Уладзімір Сіўчыкаў

Паліна Качаткова

Пісьменнік, выдавец Уладзімір Сіўчыкаў прыгадаў, што ў дзяцінстве і ў юнацкія гады зачытваўся кнігамі серыі “Жизнь замечательных людей”, вялікім гонарам і радасцю для яго быў выхад у яе межах расповеду пра Янку Купалу, напісанага Алегам Лойкам. Спадар Уладзімір выказаў шкадаванне, што ў Беларусі не існуе падобнага грунтоўнага выдавецкага праекта. Па яго меркаванні, серыя “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, што выходзіць цяпер у “Мастацкай літаратуры”, не можа прэтэндаваць на падобную знакавасць з-за абмежаванасці кола асобаў, якім прысвячаюцца выданні гэтага праекта.

У Швецыі біяграфічная літаратура сёння на ўздыме папулярнасці.

Анэт Розэнгрэн

Анэт Розенгрэн, старшыня секцыі нон-фікшн Шведскага саюза пісьменнікаў, распавяла, што чытачоў цікавяць не толькі гісторыі жыцця вядомых асоб, але і жыццеапісанні простых людзей. У 1940-я — 1980-я гады ў краіне нават існавала цэлая праграма запісу біяграфій прадстаўнікоў розных прафесій. Будаўнікі, рабочыя, фермеры з розных курткоў Швецыі дасылалі свае ўспаміны ў Стакгольм. Сёння папулярнасцю карыстаюцца і кнігі, у якіх простыя людзі распавядаюць, як яны знайшлі выйсце са складанай жыццёвай сітуацыі, да прыкладу, перамаглі рак ці перажылі смерць блізкага чалавека.

Па меркаванні Генрыка Бергрэна, у жыцці, характары кожнага чалавека прысутнічае нейкі канфлікт. Распавядаючы яго біяграфію, варта звяртаць увагу не толькі на асобныя моманты, але і на шырокія экзістэнцыйныя пытанні. Так, праз агульныя жыццёвыя праблемы, развагі чытач будзе набліжацца да свайго героя, пранікаць у сутнасць кнігі. Магчыма, менавіта пра такі падыход варта падумаць айчынным аўтарам? Упэўнена, нам ёсць пра што распавесці ўнукам.

Тэкст і фота – Марыны Весялухі, для lit-bel.org