Бялыніцкі блюзмэн і яго «Звычайны шоў-бізнэс»

У аснову часткі аповедаў музыкі і літаратара, якія выйшлі ў сэрыі «Кнігарня пісьменьніка», леглі рэальныя гісторыі, сьведкам і ўдзельнікам якіх аўтар быў на працягу ўсяго жыцьця — ад раньняга дзяцінства і да нядаўняга 50-гадовага юбілею.

Юры Несьцярэнка з асобнікам кнігі

Юры Несьцярэнка з асобнікам кнігі

Юры Несьцярэнка — унівэрсал, рэдкі для Беларусі. Свой першы гурт арганізаваў яшчэ тынэйджэрам на пачатку 1980-х. На якасна новы ўзровень падняўся з камандай «Рок-транс-аўта», калі вучыўся ў Інстытуце культуры. Потым былі іншыя музычныя праекты — ад менска-полацкіх «Тутэйшых» да магілёўскіх рокераў. Ад канца 1990-х сфэра інтарэсаў яшчэ больш пашырылася: Несьцярэнка граў у блюзавым White Night Blues, рокавым Nestarы band, папулярных Call-Toll-Free, «Мірнае мора». Ёсьць сярод ягоных праектаў і «Карцінкі Садовай вуліцы» — песьні на словы аўтараў родам зь Бялынічаў: Натальлі Батраковай і Вячаслава Казакевіча.

 Апроч таго, спадар Несьцярэнка піша музыку для тэатральных пастановак, быў ініцыятарам альбома школьных песень, выдаваў фэнзін (фанацкі часопіс) «Грыфаман». Займаецца арганізацыяй канцэртаў​ і літаратурных сустрэчаў. Летась распачатая супольная праца з расейскім сьпеваком беларускага паходжаньня Андрэем Макарэвічам, вынікам чаго сталася беларускамоўная песьня «Сьнег» у перакладзе Юрыя Несьцярэнкі.

Да свайго 50-годзьдзя спадар Несьцярэнка падрыхтаваў публіцы свае падарункі. Найперш, студыйны альбом «Сьвята на дваіх», на якім сабраная «гарачая дзявятка» ягоных дуэтаў з папулярнымі беларускімі музыкамі (кружэлка мае выйсьці неўзабаве). Другі прэзэнт — кніга «Звычайны шоў-бізнэс».

Дыск «Аэрапляны ў вырай» — у падарунак Андрэю Макарэвічу

Дыск «Аэрапляны ў вырай» — у падарунак Андрэю Макарэвічу

Пра незвычайны дыск Свабода мяркуе расказаць асобна. Што ж тычыцца кнігі, дык, як удакладняе сам аўтар, у сваіх нататках ён не выступае дасьледчыкам беларускага шоў-бізнэсу, а выхоплівае з гісторыі моманты, якія найлепшым чынам характарызуюць стан грамадзтва і ягоных разнастайных прадстаўнікоў. Пры гэтым практычна ўсе жыцьцёвыя навэлы закранаюць тэму музыкі — рок, блюз, джаз ды іншыя альтэрнатыўныя жанры:

Аўтарскі асобнік

Аўтарскі асобнік

«Усе гэтыя апавяданьні пісаліся ў розныя часы, але што іх усе аб’ядноўвае — гэта іранічнае стаўленьне да ўзьнятай у тэксьце праблемы, стаўленьне да культуры ўвогуле. Таму назву „Звычайны шоў-бізнэс“ трэба разглядаць толькі як іранічную, нічога перабольшваць ня трэба».

Як і ў любым мастацкім ці дакумэнтальным творы, інтрыгу аповеду задаюць галоўныя героі. Хто яны — сябры, знаёмцы, знакавыя асобы ці сярэднестатыстычны электарат?

У абдымках шоў-бізнэсу: зь Пятром Ялфімавым

У абдымках шоў-бізнэсу: зь Пятром Ялфімавым

«Галоўныя героі — гэта вельмі розныя людзі. Ад вядомых вядоўцаў, якія працуюць на тэлебачаньні, да звычайных людзей, якія перажылі складаныя моманты — тут і беспрацоўныя, і хворыя, і, як кажуць, хранічна-запойныя. Але я не апісваю ў іранічным пляне людзей, а паказваю сытуацыі, зь імі зьвязаныя. То бок сытуацыі ў кантэксьце жыцьця ў нашым грамадзтве».

Шмат хто з крытыкаў скептычна ставіцца да шоў-бізнэсу па-беларуску. Маўляў, з усіх дзірак б’е местачковасьць, а культура арыентаваная не на стварэньне, а на капіяваньне. То ці варта абмяркоўваць тое, чаго, па вялікім рахунку, няма?

«Як ні дзіўна, цяпер вялікія магчымасьці ў кожнага чалавека стварыць уласную мадэль шоў-бізнэсу. І некаторыя людзі, хоць рэдка, але гэта робяць. Што такое бізнэс? Гэта абарот сродкаў, так? Застаецца толькі стварыць мэтавы плян і працаваць у адпаведнасьці зь ім. Зарабляць вялікія ці малыя грошы — ня важна, але рабіць сваё шоў у кантэксьце маленькага бізнэсу. Чаму я сьцьвярджаю, што цяпер добрыя магчымасьці? Ды таму, што вялікага бізнэсу ў гэтай галіне ў нас не існуе. Напрыклад, упісацца ў шоў-бізнэс нават у нашых геаграфічных суседзяў — Польшчы, Чэхіі — надзвычай складана, таму што там расьпісана ўсё на гады наперад. Іхныя канцэрты, пляцоўкі — там працуе сыстэма ўзаемаадрэгуляваных адносінаў, усё павінна быць вызначана загадзя. А ў нас ніякіх ня тое што пэрспэктываў, мы абсалютна ня ведаем, што будзе заўтра. Таму ў фармаце „сёньня на заўтра“ цалкам можна рабіць свой маленькі шоў-бізнэс».

З бэндам White Night Blues

З бэндам White Night Blues

Прашу спадара Несьцярэнку працытаваць найбольш паказальны ўрывак са сваёй кнігі, які характарызуе яго як непасрэднага ўдзельніка беларускага шоў-бізнэсу:

«Невялічкі ўрывак, які тычыцца маёй спробы ўдзельнічаць у шоў-бізнэсе ў якасьці прадпрымальніка: „…Таксама я вырашыў не выкарыстоўваць больш фіктыўных накладных і ня весьці падвойную бухгальтэрыю. Я вырашыў паспрабаваць дачакацца часу, калі мне больш выгадна будзе працаваць сумленна. Добра сабе ўяўляю, што гэтага можа ня здарыцца ўвогуле, таму сам для сябе пакінуў запасны варыянт — проста працаваць сумленна нават тады, калі гэта зусім ня выгадна“».

У часе нядаўняй вандроўкі на Байкал

У часе нядаўняй вандроўкі на Байкал

Прэзэнтацыя кнігі Юрыя Несьцярэнкі «Звычайны шоў-бізнэс» ужо адбылася ў Магілёве, а пры канцы першай дэкады верасьня аўтар запрашае на імпрэзу ў Менску:

«Прэзэнтацыя адбудзецца ў менскай галерэі „Ў“ 9 верасьня а 18.30. Запрашаю ўсіх, хто цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай — падыходзьце, далучайцеся, думаю, будзе цікава. Таму што, акрамя маёй сьціплай кніжкі, там яшчэ будуць прэзэнтавацца творы Людмілы Рублеўскай і Леаніда Галубовіча».

Дарэчы, менавіта Людміла Рублеўская напісала прадмову да кнігі «Звычайны шоў-бізнэс», у якой, сярод іншага, заўважыла: «Чытаць аповеды Юры цікава менавіта таму, што яны нефармальныя, праўдзівыя і завершана-ляканічныя, як песьні».

«Унівэрсальны салдат» Юры Несьцярэнка

«Унівэрсальны салдат» Юры Несьцярэнка

Юры Несьцярэнка. Літаратар, музыка, аўтар і выканаўца, стваральнік шэрагу папулярных гуртоў. Нарадзіўся ў 1965 годзе на Быхаўшчыне. У раньнім дзяцінстве пераехаў з бацькамі ў Бялынічы, куды пасьля шматгадовых вандровак вярнуўся і цяпер рэалізуе шэраг культурніцкіх праектаў агульнанацыянальнага маштабу. Скончыў Менскі інстытут культуры. Перакладае з ангельскай, польскай, украінскай, расейскай моваў. Піша прозу, публіцыстыку, творы друкаваліся ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосьць», «Бярозка», газэтах «Літаратура і мастацтва», «Літаратурная Беларусь» ды многіх іншых.

Дзе набыць кнігу?

У Мінску:

“Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А),  “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2), “Веды” (вул. К.Маркса, 36), “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11), “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19), “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14), Кніжная выстава-кірмаш “Мир книг” (вул. Янкі Купалы, 27), “Эўрыка” (вул. Куйбышава, 75).

У рэгіёнах:

г. Віцебск (“Веды”, вул. Леніна, 54; “Светач”, вул. Кірава, 10), г. Гародня (“Праметэй”, вул. Савецкая, 10), г. Берасце (“Іскра”, вул. Пушкінская, 4), г. Ліда (“Кніжны свет”, пр. Перамогі, 33), г. Маладзечна (“Спадчына”, вул. Прытыцкага, 7), г. Бабруйск (“Букініст”, вул. Ульянаўская, 49), г. Наваполацк (“Дом кнігі”, вул. Маладзёжная, 145; “Усход”, вул. Кірава, 4), г. Полацк (“Светач”, вул. Камуністычная, 21), г. Баранавічы (“Кнігі”, вул. Савецкая, 73), г. Салігорск (“Крыніца”, вул. Леніна, 49), г. Пінск (“Полымя”, вул. Леніна, 4а).

Ігар Карней, svaboda.org, budzma.by