«Бязмежжа» сабрала сяброў
Сёлета ў семінары ўзялі ўдзел сябры “Саюза беларускіх пісьменнікаў” на чале са Старшынём Барысам Пятровічам: Уладзімір Арлоў, Валянціна Аксак, Алесь Пашкевіч, Усевалад Сцебурака.
Валянціна Аксак і Уладзімір Арлоў. Фота: прэс-служба ГА "СБП"
Калегі з абодвух бакоў польска-беларускае мяжы абмеркавалі сучасны стан літаратуры, а таксама прэзентавалі свае новыя творы.
Сярод іншага былі ўзнятыя тэмы беларуска-польскага супрацоўніцтва і кнігавыдавецкай справы. Павал Гжэсь выступіў з бягучай справаздачай ад фонду “Віла Сакратэс”, дэманстравалася дакументальнае кіно Міколы Ваўранюка.
Барыс Пятровіч і Яўген Вапа
Вялікую цікавасць і жывое абмеркаванне выклікалі тэмы атрымання Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі, а таксама гісторыя пакалення “Тутэйшых” у дакладах Алеся Аркуша і Алы Петрушкевіч.
Злева направа: Валянціна Аксак, Міра Лукша, Ала Петрушкевіч. Фота: прэс-служба ГА "СБП"
Алесь Пашкевіч. Фота: прэс-служба ГА "СБП"
На сустрэчы прагучалі выступы Уладзіміра Арлова, Анджэя Сцепанюка, Алеся Пашкевіча, Міхася Андрасюка, Усевалада Сцебуракі, творы Валянціны Аксак з новай кнігі “Дзікая сліва”, што выйшла сёлета ў Бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў”, і іншых творцаў, што сабраліся на гасціннай зямлі Белавежжа.
Цікавы раман-хроніку “Саветы” прадставіў пісьменнік Янка Трацяк, напрыканцы насычанага другога дня семінара прагучалі песні ў выкананні Аляксандра Памідорава.
Фіналісты конкурсу "Дэбют". Фота: прэс-служба ГА "СБП"
У апошні дзень чытанняў літаратары ўзялі ўдзел у падвядзенні вынікаў Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы “Дэбют” у Беластоку.
Пераможцы і фіналісты былі адзначаныя прызамі, у тым ліку новай дзіцячай кнігай “Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды” з серыі "Каляровы ровар" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Тэкст: прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў",
Фота: Радыё Рацыя