ЧЫТАННІ Ў ГОНАР ТОДАРА КЛЯШТОРНАГА

16 красавіка на Лепельшчыне адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар 105-годдзя Тодара Кляшторнага. У мястэчку Камень, якое знаходзіцца непадалёк ад роднай паэту вёскі Парэчча, з’явілася новая вуліца, на шыльдах якой – імя і прозвішча Тодара Кляшторнага. На вуліцы неўзабаве будзе пасаджана ліповая алея.
У Каменьскім Доме культуры, дзе ўжо 5 гадоў дзейнічае бібліятэка-музей Тодара Кляшторнага, прайшлі літаратурна-краязнаўчыя чытанні “І не знікаць паэтам вечна...”. Пасля наведвання музея школьнікі, якіх было ў зале каля двухсот, чыталі вершы свайго славутага земляка. Гучалі песні ў выкананні сяброў літаратурна-мастацкага клуба “Вытокі” пры Лепельскім упраўленні культуры.
Перад прысутнымі выступілі дочкі Тодара Кляшторнага Мая і Тадзіяна, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі паэт Анатоль Вярцінскі, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. Яны распавялі пра трагічны лёс расстралянага сталінскімі апрычнікамі паэта, пра яго ролю ў развіцці нацыянальнай літаратуры, заклікалі вучняў берагчы і любіць родную культуру, мову.
Ушанаваць памяць Тодара Кляшторнага з абласнога цэнтра прыехалі і паэты Віцебшчыны, сярод іх – Б.Беляжэнка, М.Бабарэка, А.Прыкавец і інш.
Закончылася сустрэча гасцінным сталом ды аўтографамі Маі Тодараўны Кляшторнай на кнігах бацькі “Сляды дарог” (якая выйшла ў выдавецтве “Беллітфонд” да стагоддзя паэта).

На фота: Мая Кляшторная і Анатоль Вярцінскі з юнымі землякамі Тодара Кляшторнага