Чалавек у пейзажы: Ціхан Чарнякевіч пра новую кнігу Івана Лагвіновіча

Іван ЛАГВІНОВІЧ. Элегія палескага матыля: вершы. — Мінск: Кнігазбор, 2011. — 88 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў).

Сёлета — не да паэзіі. Да паэтаў таксама мала справы. У палітычнай калатнечы нават самое існаванне беларускай літаратуры падаецца неабавязковым; сацыяльныя пытанні (чытай «матэрыяльныя») засланяюць усе астатнія. Для газетнай прасторы смерць паэта таксама — інфармацыйная нагода, прычына з’яўлення кароткай нататкі, якая наўрад ці збярэ вялікі рэйтынг і мноства каментароў.

Іван Лагвіновіч, выбавіўшыся нядаўна ад зямных турбот, застаўся тэкстам, які сёння і належыць прачытаць — бо выйшла яго апошняя, пасмяротная кніга «Элегія палескага матыля».

У пасмяротны зборнік, складзены Леанідам Галубовічам і Анатолем Сідарэвічам, увайшлі новыя вершы, а таксама выбраныя творы з папярэдніх кніг Лагвіновіча: «Разлук выраёвых», «Ляда юдолі» , «Палыновых кветак», «Далёкага і блізкага», «Піліпаўкі». Падбіралася, зразумела, самае лепшае. У прыватнасці, добра паказана майстэрства: гнуткасць радка, метафара, параўнанне. Сілаба-тоніка Лагвіновіча і праўда выканана ў лепшых традыцыях класічнай, традыцыйнай «ціхай» лірыкі. Тое ж можна сказаць і пра іншага гаротнага паэта мяжы — Васіля Гадульку. Аднак у кожнага з добрых паэтаў ёсць свае перавагі і моманты найбольшай выказанасці: тыя месцы, дзе творцы выходзяць за межы абранай паэтыкі ў сферу ўласных адзінкавых адкрыццяў — і тады пры чытанні раптам узнікае ўспышка, імгненная сугучнасць з тэкстам і аўтарам. Бадай, тыя, хто любяць паэзію як такую, заўсёды пішуць (ці пісалі альбо жадалі б пісаць вершы). І калі раптам бачаць у іншым творы гэтую ўспышку — нібы далучаюцца да самога працэсу стварэння твора, адчуваюць як нечакана паддалася «небытия броня» і на свет выйшла нешта невядомае, да таго адсутнае. Ёсць такія «разрыў-радкі» ў многіх паэтаў, але, ясная рэч, у кожнага яны адрозныя, запоўненыя ўласным напластаваным і згушчаным зместам. Для Гадулькі такім свяцільнікам у пасудзіне сталася ўласная экзістэнцыя, адлюстраванне трагедыі свайго жыцця ў форме лірычных мініяцюр. Для Лагвіновіча гэтым стрыжнем з’яўляецца сам навакольны беларускі свет, менавіта ў ім элегічны паэт знаходзіць адпаведнасць уласным уяўленням пра гармонію.

Еднасць з наваколлем — ад любові да яго. Безумоўна, з’ява гэтая звязана з нашым фальклорам, якому паэт часта свядома наследуе, аднак, паводле Багдановічавага запавету, не спрашчае, не прафануе народную культуру, але напаўняе архаічны паралелізм новымі сэнсамі:

Занявесцілася алычына
Ў заваконні кватэры маёй:
Прыручыла мяне, прывучыла
Размаўляць, як з паненкаю, з ёй…

На няўлоўных адценнях, у гушчыні фальклорнай вобразнасці аўтар не губляе і сваё перажыванне, суб’ектыўнае, і ў гэтым адыходзіць фактычна ад безаблічнай эпічнасці архаікі. Тут навідавоку стваральнік, ягоныя інтымныя перажыванні. Паралелізм прыроднага і чалавечага пераходзіць адпаведна, ў пэўнае адзінства і звыклае «стаіць каліна / жыла дзяўчына» злучаецца ў непадзельны вобраз.

Гэтая мастацкая анталогія захоўвала ў глыбіні многія адкрыцці, але давечная беларуская рэчаіснасць і стандарт «грамадзянскай пазіцыі» (ледзь не напісаў «грамадзянскай вайны») паклікалі лірыка да сябе. Можна спрачацца, ці мусіць паэт абавязкова выказвацца ў творы на надзённыя тэмы. Паэт можа пісаць усё, што яму пажадаецца, — на тое ён і паэт. І ніхто не мае права закрываць яму рот сваімі мудрымі парадамі. Аднак калі гаварыць менавіта пра тое лепшае, што створана Іванам Лагвіновічам, то яно палягае не ў грамадзянскай і не ў побытавай лірыцы. 

Жыццяпісанне збольшага таксама сур’ёзных эмоцыяў пры чытанні не выклікае. Сустрэчы, выпадкі, вандроўкі. Расповед пра ўласны дзень. Трымаецца гэта ўсё «на плыву» асобай аўтара — на сціплай і спакойнай людскасці. З самастойным поглядам на ўсё — без жоднага знаку нарцысізму ці прарочай псеўдаглыбакадумнасці.

Прайду сто метраў —
І дранцвеюць ногі,
То ў паясніцы, то ў баку кальне…
Вандровак пешых дальнія дарогі
Смугой тугі закрыты для мяне.
Збяднеў мой свет на колеры і гукі…
Цяпер Нясвіж далёкі, як Парыж.
…Вучуся складваць
На грудзіне рукі,
Каб правільны атрымліваўся
крыж.


Слоўных штукарстваў тут не знойдзеш. Так, часам бачна, як аўтар падбірае словы, жадае сказаць лепш, крыху «прыгожа». Ды «ўсхліп­ваць» аб майстэрстве не будзем. У Івана Лагвіновіча тое ад традыцыі, якой ён наследуе. І гэта таксама натуральна ў нейкім сэнсе.

Гэта кніга пра жыццё чалавека на самоце: ён ходзіць па сваёй зямлі, убачанай пасля доўгіх гадоў данецкай шахты; ён адкрывае ўсё нанова; ён нешта гаворыць і, зрэшты, проста хоча, каб яго паслухалі, — больш нічога.

Калі чытачу цікавы такі чалавек, калі яму наогул цікавы чалавек, то не прыслухацца да голасу паэта немагчыма. Пры ўмове, што вы, канечне, яшчэ маеце патрэбу ў суразмоўцы. Сам Іван Лагвіновіч наконт уласнай паэтычнай славы ілюзій не меў:

Смерць мая не стане цяжкай стратай.
Роспач вашых сэрцаў не кране.
Я не быў ніколі Герастратам.
Хутка вы забудзеце мяне.


Выказаўся, развітаўся, сыйшоў.

Абсалютна беларускі паэт. Яшчэ аднаго няма…

Ціхан ЧАРНЯКЕВІЧ, "Літаратурная Беларусь" № 61