Чаму Скарына ўцёк з Прагі, або Кніжная шафа з гітарай

Зміцер Дзядзенка і Ігар Канановіч

Аўтар прадставіў сваю кнігу вострасюжэтнай гістарычнай прозы, куды ўвайшлі аповесці "Голем з Малой Мар'ямпольскай" і "Вуаерыст", а таксама апавяданне "Яйкі птушкі Рух".

З расповедаў аўтара і зачытаных урыўкаў твораў прысутныя даведаліся, чаму Францішак Скарына тэрмінова пакінуў Прагу і як у даўнейшыя часы абыходзіліся з тымі, каго западозрылі ў чарнакніжніцтве. Акрамя таго, распавёў Зміцер Дзядзенка пра тое, як у Воршы ў 1918 годзе ствараўся Беларусі полк у падтрымку БНР і якую ролю адыгралі ў тагачаснай гісторыі Беларусі кітайцы.

Выступае з гітарай Зміцер Дзядзенка, побач Ігар Канановіч

Аўтар прызнаўся ў сваёй любові да свайго земляка — Уладзіміра Караткевіча, але дадаў, што натхняўся ў сваёй творчасці не толькі яго героямі, але і дэтэктывамі польскага пісьменніка Марэка Краеўскага.

Дапаўненнем вечарыны сталі вершы Змітра Дзядзенкі як у выкананні самога аўтара, так і Ігара Канановіча — ад лірыкі да іранічных вершаў.

Музычным аздабленнем вечарыны сталі песні пад гітару, выкананыя самім аўтарам гістарычных дэтэктываў. І іх палітра таксама была вельмі шырокая — ад "Паўінтэлігенцкага шансону" да ўласнай версіі "Амаль хрысціянскага тосту за ворагаў".

Вечарына праходзіла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

budzma.by