Чаму варта чытаць казку «Ян Ялмужна» Антона Францішка Брыля

Аўтар: Антон Францішак Брыль паспеў ужо ўразіць літаратурны свет сваёй кнігай паэзіі «Не ўпаў жолуд», за якую атрымаў прэмію «Дэбют», а таксама шматлікімі важнымі перакладамі – ад казкі Толкіна да англасаксонскай паэмы «Бэўфульф». Унук Янкі Брыля. Працуе праграмістам, жыў у Дубліне, цяпер – у Цюрыху, плануе пераезд у Лондан. З усіх літаратурных жанраў найбольш любіць казкі, а таму і сам піша іх у розных формах – гістарычнае і міфічнае сплятаецца ў яго вершах, а цяпер і ў прозе.

Кніга: Казачная аповесць, у якой нават дробныя персанажы носяць імёны сапраўдных асобаў. Гісторыя аздобленая тут павучальнымі казаннямі, цудамі і містычнымі здарэннямі. Сам аўтар называе сваю кнігу «разгорнутым жартам адносна некаторых гістарычных падзей». Зрэшты, прафесійную іронію ўловяць знаўцы, усе астатнія могуць проста перанесціся ў старажытныя муры Геранёнскага замку, дзе валадарыць пан Ольбрахт Гаштаўт, а ягоны кемлівы кухмістр Ян Ялмужна ведае шмат таямніцаў.

Пяць фактаў пра казку «Ян Ялмужна»:

1. Казка выцягвае на паверхню незаслужана забытага Ольбрахта Марцінавіча Гаштаўта. Гэтую асобу сёння мала хто згадвае, а яна была ключавой у гісторыі ВКЛ пачатку XVI стагоддзя. Найбагацейшы чалавек краю, у канцы кар’еры віленскі ваявода і вялікі канцлер літоўскі, ён узвёў замак у Геранёнах, які быў першай мураванай рэзідэнцыяй, што не належала князю. Да таго ж Ольбрахт Гаштаўт хутчэй за ўсё быў спонсарам другой рэдакцыі Літоўскай хронікі і адным з аўтараў першага Статуту ВКЛ. Яму прыпісваецца аўтарства «Пахвалы Жыгімонту», якая сведчыць пра мастацкі ўзровень валодання ім старабеларускай мовай. Літовец па паходжанні, Ольбрахт Гаштаўт у палітычным плане быў фігурай супярэчлівай, а як чалавек – імпульсіўны, крыўдлівы і пераменлівы. Пра гэта кажа, напрыклад, ягоны агрэсіўны ліст да Боны Сфорцы, дзе ён сыпле колкасцямі пра свайго былога сябра Канстанціна Астрожскага, з якім на той момант пасварыўся. Антон Францішак Брыль паспрабаваў паказаць у казцы менавіта такога моцнага і паважнага, але не заўжды эмацыйна ўстойлівага ўладара.

2. Казка пісалася амаль два гады. Таму можна не сумнявацца, што кожнае слова ў гэтай тоненькай кніжыцы ювелірна выверанае. Каб прасякнуцца атмасферай мясцінаў, аўтар некалькі разоў прыязджаў у Геранёны. Казка не заўжды давалася проста, часам даводзілася нават прымушаць сябе: «Натхненне прыходзіць падчас пісання», – упэўнены Брыль.

3. У кнізе згадваецца легенда пра Палемона. Невядомы аўтар у XVI стагоддзі ўпісаў у беларуска-літоўскія летапісы смелую гісторыю пра тое, як продкі літоўцаў на чале з князем Палемонам прыплылі з Рыма, ратуючыся ад жорсткага праўлення імператара Нерона. Гэтая версія паходжання літоўскай шляхты дагэтуль забаўляе навукоўцаў, бо мае шмат недарэчнасцяў, але ўяўляе сабой цікавы прыклад гістарычнай містыфікацыі ды з’яўляецца гатовым казачным сюжэтам. З яго і іранізуе Брыль у сваёй аповесці.

4. У рэдактаркі Ганны Янкута найбольш пытанняў выклікала дудачка. Тагасветны герой аповеду выразае з галінкі дудачку, якая загадкава зіхаціць рознымі колерамі, у канцы казкі ён дорыць яе Яну Ялмужну. Чытач чакае, што інструмент абавязкова знойдзе нейкае чароўнае прымяненне. Аднак дудачка больш у аповедзе не фігуруе. Гэта выклікала пытанні ў рэдактаркі і ў некаторых чытачоў, якія нават прапанавалі выкарыстаць артэфакт (накшталт усім вядомага пярсцёнка) як зачэпку для напісання новых серый казкі. Антон Францішак Брыль адказаў, што працяг казкі не плануецца, а дудачка была патрэбная, бо «на ёй можна граць».

5. Ян Ялмужна сапраўды існаваў. Звесткі пра чалавека з такім імем знайсці вельмі проста: «Калі дачытаеце кнігу і захочаце даведацца, што з героем было далей, вам трэба адшукаць інвентар маёнтка Трабы за XVI стагоддзе, і там у вопісе людзей будзе Ян Ялмужна і ягоны стан на той момант», – кідае аўтар падказку найбольш цікаўным чытачам.

ГЛЯДЗІЦЕ БОЛЕЙ ФОТА НА BUDZMA.BY

Аляксандра Дорская, фота Яўген Ерчак