Чатыры дэбютныя кнігі на Стральцоўскім фэсце

Андрэй Хадановіч

Вечар пачаўся з хвіліны маўчання ў памяць паэтаў і пісьменнікаў, якіх не стала ў мінулым годзе. Перад тым, як паэты пачалі прэзентаваць свае дэбютныя зборнікі, Андрэй Хадановіч выканаў песню на верш Генадзя Бураўкіна, з невялікім вершаваным прывітаннем выступіў Сяргій Жадан.

Выступае Антон Рудак

Першым прадставіў свой "Верхні горад" Антон Рудак. Паэт крыху расказаў пра кнігу, да якой ішоў амаль пяць гадоў, і прачытаў вершы, што ўжо сталі вядомымі пастаянным наведвальнікам літаратурных імпрэз.

Кася Сянкевіч

За ім прыняла эстафету Кася Сянкевіч, паэтка з Польшчы, якая зусім нядаўна пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў выдала кнігу вершаў на беларускай мове "Гарбата з незабудак". Дзяўчына прачытала вершы з дзвюх сваіх кніг, і хоць было заўважна, што яна вельмі хвалявалася, гэта толькі надавала яшчэ большую незвычайнасць і арыгінальнасць яе акцэнту.

Таня Скарынкіна

Таня Скарынкіна расказала, што спецыяльна для гэтай імпрэзы набыла камізэльку з фламінга, бо гэтая птушка ўпрыгожвае яе паэтычны зборнік, але вершы з яго чытаць не стала. Замест гэтага яна прэзентавала новы нумар часопіса "Arche" і прачытала свой верш "Восем" на беларускай мове ў аўтарскім перакладзе, які быў там надрукаваны.

Юля Цімафеева

Закрывала прэзентацыю і першую частку фестывальнага вечара Юля Цімафеева са сваёй "Кнігай памылак", з якой яна прачытала толькі адзін верш. Затое Юля прадставіла слухачам новыя вершы пра сваё імя і прысвечаны Альгерду Б., якія не ўвайшлі ў першую паэтычную кнігу.

На гэтым скончылася прэзентацыя дэбютных сборнікаў, але паэтычны вечар фестывалю толькі пачаўся.

Тэкст: Дар'я Латышава, фота: Аляксей Карпека, для lit-bel.org