Чацвер з Сяргеем Балахонавым

Гомельскае Таварыства беларускай мовы зладзіла 13 снежня творчую вечарыну з празаікам, паэтам і перакладчыкам Сяргеем Балахонавым.

Выступае Сяргей Балахонаў

Актывісты таварыства прадставілі Сяргея яшчэ й як найпершага постмадэрніста Гомеля, цудоўнага містыфікатара. А пачалася вечарына з вакалу Сяргея — песні, што запала яму ў душу дзесяць з лішкам гадоў таму. Прысвячалася песня лісту нявернай сяброўкі да маладога канвойнага.

Творча пераасэнсаваў паэт і песню з кінафільма «Дажывем да панядзелка», напісаў да яе словы й праспяваў прысутным:

Мабыць, час прыспеў замоўкнуць,

Толькі крыўдна мне за родны кут.

Я пяю, усеўшыся на покуць:

«Ангелы здесь больше не живут».


Балахонаў багата жартаваў, адказваў на пытанні, чытаў свае вершы.

Па дакументах Сяргей Балахонаў нарадзіўся ў Гомелі ў 1977 годзе, хаця насамрэч — у вёсцы Свяцілавічы Веткаўскага раёна. Скончыў гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў, служыў у войску. Цяпер таксама настаўнічае. І піша. У сваім блогу надзвычай актыўна. Аўтар зборніка прозы «Імя грушы». Па сакрэце паведаміў, што ў выдавецтве «Логвінаў» рыхтуецца пабачыць свет ягоная новая кніга.

«Як добра было, калі б гэта здарылася да Новага года», — з надзеяй кажа Сяргей.

svaboda.org