Чацверты “Панядзелак” суполкі “Літаратар”

Чарговая творчая справаздача творчай суполкі “Літаратар” матэрыялізавалася ў альманаху “Панядзелак”. Чаму панядзелак? Менавіта ў гэты дзень маладыя паэты і празаікі збіраліся на сустрэчы ў Доме літаратара, каб абмеркаваць новыя творы, падыскутаваць, паслухаць парады больш вопытных сяброў. Альманах “Панядзелак” – чацьвертае па ліку выданне, дзе друкуюцца лепшыя творы сяброў літаратурнай суполкі пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. На гэты раз яго старонкі прадстаўленыя для твораў амаль сарака сяброў творчага аб’яднання “Літаратар”.

Сёння творчая суполка аб’ядноўвае ледзьве не 200 маладых паэтаў і празаікаў з розных куткоў Беларусі, якія пішуць як на беларускай, так і на рускай мовах. За час існавання гэтай своесаблівай літаратурнай школы больш за 60 “навучэнцаў”  сталі сябрамі Саюзу беларускіх пісьменнікаў, выдалі ствае кнігі.

Шмат год нязменнным кіраўніком і настаўнікам творчай моладзі з’яўляецца пісьменнік, колішні рэдактар ліквідаванага часопіса “Першацвет” Алесь Масарэнка. “Сямнаццаць гадоў ужо я займаюся з моладдзю, і гэта мая любімая праца. Аднойчы Анатоль Сыс сказаў мне: “Вучы дзяцей і сам не забывайся вучыцца ў іх”. І гэта сапраўды ёсць. Я і дня не кіраваў бы літаб’яднаннем, калі б не чакаў прыходу таленавітых дзяцей. А яны заўсёды зьяўляюцца. Я вяду адмысловы журнал, куды запісваю і прозвішчы, і гады нараджэння сваіх выхаванцаў, іх далейшы шлях, і магу засведчыць — больш за 60 удзельнікаў “Панядзелку” сталі сябрамі Саюзу беларускіх пісьменнікаў. А ў шэрагах новастворанага праўладнага пісьменніцкага саюзу — ніводнага майго выхаванца”, - так распавядаў ён у інтэрвію для радыё “Свабода”.

З творамі сябраў “Літаратара” можна таксама азнаёміцца на адмысловым сайце http://litaratar.narod.ru/