Чэмпіянат па більярдзе, прысвечаны пісьменніку Міхасю Булавацкаму, прайшоў у Магілёве

13 кастрычніка ў адным са спартыўных клубаў Магілёва прайшоў чэмпіянат вобласці па рускім більярдзе ў намінацыі “піраміда класічная”, прысвечаны 65-годдзю сябра ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Міхася Булавацкага, неаднаразовага чэмпіёна вобласці па “свабоднай пірамідзе”сярод ветэранаў.

Гэта першы падобны чэмпіянат не толькі на Магілёўшчыне, але ў Беларусі.

Міхась Булавацкі

 

Распавядае Міхась Булавацкі:

“Ёсць чатыры віды рускага більярда, прызнаных еўрапейскай федэрацыяй більярднага спорту, па іх могуць праводзіцца афіцыйныя спаборніцтвы. Гэта “піраміда свабодная” (жаргонная назва “амерыканка”), “піраміда камбінаваная” (“маскоўская”), “піраміда дынамічная” (“неўская”) і “піраміда класічная”, якую яшчэ называюць “рускай” або “сібірскай”.

 Традыцыйна лічыцца, што гэтая гульня прыдумана ў Расіі. Аднак калі ў Еўропе пачалі гуляць у більярд (а гэта не пазней за ХVІ стагоддзе), слова “рускі” ў адносінах да Вялікага Княства Маскоўскага не ўжывалася. Таму можна з вялікай імавернасцю меркаваць, што рускі більярд прыдуманы ў краіне, у назве якой было слова “рускі”, – у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Напачатку гэта і быў той від більярда, які цяпер атрымаў назву “піраміда класічная”.

Гульню перанялі і ў Маскоўскім княстве і прыдумалі свае варыянты. “Піраміда неўская” і “піраміда маскоўская” – гэта сапраўды расійскія варыянты рускага більярда.

Для  чэмпіяната вобласці я прапанаваў варыянт “піраміды класічнай” як гульні, прыдуманай у нашай краіне”.

У першынстве ўзялі ўдзел 9 чалавек. Сярод іх спартоўцы, якія неаднаразова перамагалі ў самых высокіх турнірах (майстар спорту А.Васілеўскі, кандыдат у майстры спорту А.Боксер, А.Путнін, В.Бязручанка, Я.Шэйнін, А.Сцяпанаў) і двое маладых удзельнікаў А.Казук і Р.Юзыпчук. А таксама юбіляр М.Булавацкі.

Цёплыя словы і сяброўская падтрымка натхнілі М.Булавацкага настолькі, што ён змог перагуляць шматразовых чэмпіёнаў горада і вобласці А.Путніна і В.Бязручанку, але ў паўфінале прайграў А.Боксеру і заняў ІІІ месца. У фінале А.Боксер адолеў вопытнага А.Васілеўскага і заваяваў залаты медаль чэмпіёна вобласці.

На турніры прысутнічаў намеснік старшыні СБП Эдуард Акулін. Прадстаўнік пісьменніцкай арганізацыі  і сябры Міхася Булавацкага павіншавалі юбіляра з днём народзінаў, уручылі падарункі. Эдуард Акулін таксама  павіншаваў з прыёмам у СБП Таццяну Барысік, уручыў ёй пасведчанне і кветкі.

 

 Сябры СБП: Сяргей Украінка, Яраслаў Клімуць, Таццяна Барысік, Міхась Булавацкі, Эдуард Акулін, Мікола Яцкоў

 

Паводле ўл. інф. Магілёўскага аддзялення СБП