Чытанне-тандэм: Ніколь Любіч і Уладзімір Арлоў — 8 лютага


У межах Нямецкага кніжнага кірмаша Інстытут імя Гётэ ў Мінску праводзіць чытанне-тандэм з удзелам Ніколя Любіча (Германія) і Уладзіміра Арлова (Беларусь).
Ніколь Любіч
У рамане “Марская ціша” (2010) Ніколь Любіч расказвае пра судовы працэс над сербскім ваенным злачынцам Златкам Шымічам. Апраўдаць ці абвінаваціць злачынцу – вырашаюць суддзі. Аднак што такое віна і адказнасць? Хто з’яўляецца злачынцам, а хто ахвярай? Ці можа злачынца таксама быць ахвярай альбо ахвяра ператварыцца ў злачынцу? Адказ на гэтыя пытанні спрабуе знайсці Роберт, якога лёс звязаў з дачкой Шыміча.
Ніколь Любіч нарадзіўся ў 1971 годзе ў Заграбе ў сям’і інжынера-авіятэхніка, дзіцячыя гады правёў у розных краінах – Швецыі, Грэцыі, Расіі і Германіі. Пасля атрымання адукацыі па спецыяльнасці паліталогія ён працуе пісьменнікам і журналістам у Берліне. У якасці пазаштатнага карэспандэнта супрацоўнічае з выданнямі Die Zeit, Süddeutsche Zeitung і часопісам Geo. За свае рэпартажы Ніколь Любіч неаднаразова атрымліваў прафесійныя ўзнагароды і прэміі.
Уладзімір Арлоў
Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў прачытае ўрыўкі з апавядання-казкі “Ордэн Белай Мышы”.
Мадэратар – Юлія Цімафеева