Да 129-й гадавіны з дня нараджэння Якуба Коласа

3 ліпеня спаўняецца 129 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Да гэтай падзеі друкуем артыкул Анатоля Трафімчыка "На ростанях лёсаў паэта і палітыка: Якуб Колас і Панцеляймон Панамарэнка" (Дзеяслоў-54).

Стасункі знакамітасцей заўсёды прыцягвалі ўвагу і даследчыкаў, і люду паспалітага. А ўзаемадачыненні мастакоў і вышэйшых дзяржаўных кіраўнікоў увогуле адносяцца, так бы мовіць, да класікі жанру. Якія б яны ні былі, часцей за ўсё тыя зносіны не будуць адназначнымі, будуць хаваць у сабе прыцягальныя таямніцы і праз шматлікія гады будуць прыцягваць нашую ўвагу. Такімі фігурамі ў беларускай гісторыі з’яўляюцца Якуб Колас і Панцеляймон Панамарэнка. І калі імя першага вядомае ці не кожнаму беларусу, то пра другога пачынаюць забываць (што й казаць, маладое пакаленне пра больш рэльефных Леніна ды Сталіна не заўсёды зможа ўспомніць, а тут “усяго толькі” кіраўнік рэспублікі). Некаторыя старонкі іх стасункаў, найбольш драматычныя, ужо прыадкрыты гісторыкамі. Але цэласнай карціны пакуль не было сканструявана. І гэты нарыс са спробай аналізу зносінаў першага паэта і першага палітыка асобна ўзятай рэспублікі з’яўляецца крокам да ліквідацыі яшчэ адной белай плямы ў гісторыі і культуры Беларусі.

Панцеляймон Канстанцінавіч Панамарэнка нарадзіўся на хутары Шалкоўскім Беларэчанскага раёна Краснадарскага краю. Скончыў Маскоўскі інстытут інжынернага чыгуначнага транспарту (1932). З 1922 года быў на камсамольскай і партыйнай рабоце. Лёсам было яму наканавана з дзесятак гадоў не проста быць звязаным з беларускай зямлёй, а быць галоўным у створанай бальшавікамі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы: у перыяд 1938- 1947 гг. ён з’яўляўся Першым сакратаром ЦК КП(б)Б. Менавіта ў гэты час адбываецца знаёмства П. Панамарэнкі і Якуба Коласа. У якасці фактычнага кіраўніка рэспублікі П. Панамарэнка, зразумела, ішоў у фарватэры агульнасавецкай палітыкі, якая ў той час характарызавалася жорсткімі рэпрэсіямі. Кожны наступны кіраўнік імкнуўся пераўзысці свайго папярэдніка. Так і П. Панамарэнка, вывучыўшы сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Савецкай Беларусі, ужо 21 лістапада1938 г. піша ў Цэнтральны Камітэт УКП(б) і асабіста І. Сталіну сёння шырока вядомы ліст “О белорусском языке, литературе и писателях”. У ім зафіксаваны першыя ўражанні і меркаванні новага кіраўніка БССР пра культурную сітуацыю ў рэспубліцы, у тым ліку і стасоўна ўжо тады класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Некаторыя ўрыўкі варта працытаваць досыць шырока, каб грунтоўней адлюстраваць адносіны П. Панамарэнкі да вядучых беларускіх пісьменнікаў, сярод якіх Якуб Колас быў адным з галоўных фігурантаў:

“Наиболее крупную контр-революционную националистическую работу провел союз “советских” писателей Белоруссии, идейно возглавляемый всегда десятком профашистских писателей (в том числе известные Янка Купала и Якуб Колас), и всегда для прикрытия (в том числе и сейчас) имевший у руководства коммунистов. В этом союзе несправедливой критикой, клеветой, издевательством, пренебрежением затравили не одного честного коммуниста и беспартийного писателя. Здесь разлагали литературное движение, здесь боролись с советской властью под видом борьбы за эту власть. Здесь ненависть ко всему русскому доходила до болезненной истеричности. <...>

В отношении Янки Купалы, Якуба Коласа, Бровко, Глебки, Крапивы, Бядули, Вольского, Аксельрода и др. членов этой “могучей кучки”, узурпировавшей представительство от Белорусской литературы всюду, в том числе и за рубежом, людей, творческая авторитетность которых непомерно раздута, проводивших лично всю описанную выше вражескую работу, имеются многочисленные показания разоблаченных и арестованных врагов, изобличающие их вплоть до связей с польской дефензивой.

В отношении Янки Купалы имеется 41 показание, в большинстве прямые; Якуба Коласа... 31 показание; Крапивы... 12 показаний и так далее. По количеству и качеству изобличающего материала, а также по известным нам фактам их работы, они, безусловно, подлежат аресту и суду, как враги народа. В частности, Наркомвнудел Белоруссии запросил из центра санкцию на арест Купалы и Коласа уже давно, но санкция пока не дана.

Положение в отношении к ним сложное. Они, главным образом, Янка Купала и Якуб Колас, пользуются известностью, прославили их достаточно сильно, их включают во всякие комиссии по учебникам и словарям, переводам, литературным юбилеям. Не допустить этого, значит сразу определить свое отношение к ним, а его по моему мнению определять нужно не так. Их нужно или арестовать, или, учитывая обстановку, принять, поговорить открыто, показать, что нам известны все их “ошибки”, если это допустимо так называть, сказать, что они могут искупить свою вину перед Советской властью, призвать их к честной работе, посмотреть, как они будут реагировать и если в какой-либо мере пойдут на это, то использовать это в целях разложения группы, отрыва наиболее честного и ликвидации остатков нацдемовщины. При разговоре, конечно, не смягчать действительной оценки их роли, но делать это с соответствующим такому щепетильному разговору тактом.

Потом надо будет созвать совещание белорусских писателей, на котором выступить с совершенно ясными установками о дальнейшей работе Союза писателей, с критикой ошибок, постановкой задач и т.д. А там уже дальше, обстановка подскажет наиболее целесообразные шаги.

По двум вопросам:

а) о предлагаемых мероприятиях в отношении белорусского языка – грамматики и литературы;

б) об отношении к писателям Янке Купале и Якубу Коласу, – я прошу Вас дать мне совет” .

Дадаткова каментаваць, якая пагроза навісла над Якубам Коласам і Янкам Купалам, было б лішнім.

Тым не менш П. Панамарэнка, спадзяючыся, напэўна, што змест гэтага дакумента не выйдзе за межы сакрэтных спецсховаў, потым любіў распавядаць, як дзякуючы менавіта яму абодва народныя паэты пазбеглі малоху сталінскай рэпрэсіўнай машыны, якая тым часам працавала на поўную магутнасць. Сутнасць таго расказу зводзілася да таго, што яму на стол былі пакладзены сфабрыкаваныя НКУС БССР справы па антысавецкай дзейнасці народных паэтаў. Але нібыта добры П. Панамарэнка не даў веры прадстаўленай інфармацыі, а тэрмінова паехаў да І. Сталіна і пераканаў яго замяніць “ордэры на ордэны”. Няшчырасць П. Панамарэнкі даследчыкі ўсё ж выкрылі, даказаўшы, што ён мае непасрэднае дачыненне да масавых рэпрэсій на Беларусі і што ён гатовы быў ліквідаваць Якуба Коласа, таксама, як многіх і многіх іншых беларускіх дзеячаў літаратуры, мастацтва, навукі (толькі за першыя пару месяцаў беларускага перыяду яго біяграфіі лік арыштаваных у маленькай рэспубліцы перавысіў пяць тысяч чалавек) .

Вышэйшае кіраўніцтва і ў прыватнасці І. Сталін, які ўмела практыкаваў змену бізуна на пернік, не дало санкцыі П. Панамарэнку на рэпрэсіўныя меры стасоўна буйных фігур Якуба Коласа і Янкі Купалы. Дзякуючы непераўзыдзенай значнасці іх жа можна было выкарыстаць у прапагандыскіх і ідэалагічных мэтах. Тым больш што адбывалася эскалацыя напружанасці ў свеце, і ў палітыцы савецкай дзяржавы назіраўся паварот да патрыятычных настрояў, якія асабліва неабходны былі для распалавіненай Беларусі, бо яе заходнюю частку, што знаходзілася пад Польшчай, планавалася рана ці позна далучыць.

Адсутнасць дазволу І. Сталіна, сацыяльна-палітычныя працэсы спрычыніліся да таго, што пазіцыя П. Панамарэнкі ў дачыненні да народных паэтаў таксама кардынальна змяняецца. І ўжо 26 снежня 1938 г., у сувязі з 20-годдзем БССР, у Крэмль накіроўваецца (за подпісам Панамарэнкі) хадайніцтва аб узнагароджанні 40 чалавек “за заслугі перад радзімай”. У іх ліку Купала і Колас, дзейнасць якіх П. Панамарэнка ацэньвае надзвычай высока. Але тады хадайніцтва не задаволілі, ордэнаў паэтам не далі. Затое ўзнагародзілі трохі пазней – у гонар адкрыцця ХVІІІ з’езда ВКП(б) на пачатку лютага 1939 г.

Змяняецца пазіцыя новага кіраўніка БССР і стасоўна беларускай культуры, перадусім мовы ў цэлым. Калі ў вышэйцытаваным лісце ён па ўсіх аспектах вырожа паставіўся да беларускай мовы, якая нібыта раз’ядноўвае два брацкія усходнеславянскія народы, то ўжо праз год у лісце І. Сталіну пра становішча ў Заходняй Беларусі П. Панамарэнка піша зусім адваротнае: “Крестьяне говорят на настоящем белорусском языке, причем употребляют много слов, о которых нас здесь уверяли, что они нацдемовские, выдуманные. Нацдемы могли выдумать в литературе, а народу привить не могли, тем более западным белорусам” . Як гэта разыходзілася з яшчэ нядаўнімі пасажамі: “Существующее белорусское правописание искажено в националистическом духе, оно преднамеренно построено так, чтобы отличалось от русского даже там, где в живом произношении нет разницы. <…> Слово “подъем”, заменено каким-то диким словом “уздым”. Образование – адукацыя. Краски – фарбы. Борец – змагар. Отечественный – ойчынны (от польского ойчизна). Правительство – урад??? Годовщина – гадавiна (Белорусы говорят так в смысле гад-гадюка). Баня – лазня. Беспредельный, безбрежный, безграничный – бязмежны (пример сознательного обеднения языка). Безопасность – бяспечнасть (отсюда органы государственной безопасности - органы государственной беспечности). Слово товарищ заменено словом сябр. Друг – тоже сябр. Дружба – сяброуства. Благожелатель – зычлiвец... Женщина, ухаживающая за овцами – овчарка. Крупны – буйны (отсюда крупный деятель – буйны дзеяч)... В лозунге “Пролетарии всех стран, соединяйтесь”, слово “соединяйтесь” заменено словом “злучайцеся”, а в народе “злучайцеся – злучка”, все равно, что и по-русски “случайтесь – случка”. Лозунг “Да здравствует годовщина Октябрьской революции” на белорусском языке “Няхай жыве гадавiна Кастрычнiцкай рэвалюцыi”, испохаблен от начала до конца. Белорусы говорят здравствуй, а “няхай” означает “пусть” в смысле пренебрежительного “так и быть”. Гадавiна означает гада большого размера. Так и говорят “Ух, якая гадавiна”. Кастрычник – октябрь. Но кастрыца – это не лен, а отбросы от льна...”

Такое палітычнае дзейства разгарнулася на ніве беларусчыны… Ці здагадваўся, ці разумеў Якуб Колас, якая небяспечная для яго адбывалася гульня з прыходам новага кіраўніка Савецкай Беларусі, невядома. Магчыма проста ўжо звыкся з такім хісткім становішчам, таму што, пачынаючы з 1925 г., меў шчыльны кантакт з органамі дзяржбяспекі, нярэдка выступаючы сведкам па справах іншых падазраваемых. Якуб Колас, аднак, сведкам быў кепскім: з яго важнай інфармацыі так і не выцягнулі . А вось на яго нагаворвалі. І ён, “старый и хитрый враг Советской власти и Коммунистической партии” (з паказанняў на паэта 1937 г.) , бачачы, як імкліва радзеюць пісьменніцкія шэрагі, мог толькі спадзявацца, што дамоклаў меч бальшавіцкай улады на яго апусціцца пазней. Таму і доўгі час народны паэт спаў не распранаючыся, трымаючы клуначак самых неабходных рэчаў пад рукою. Мудры і аналітычна глыбокі пясняр наўрад ці ідэалізаваў кіраўніцтва рэспублікі, уключна з П. Панамарэнкам.

Толькі дзякуючы родным (Л. Рублеўская называе Міхася Міцкевіча, малодшага Коласава сына ) да нас дайшла эпіграма Коласа, датаваная 1938 г.:

 

Калі на з’ездзе ці на сходзе

К табе фатограф не ідзе,

дык так і ведай: ты не ў модзе

І не патрэбен ты нідзе.

І думай, браце, аб бядзе .

 

Але і Панамарэнка не быў бы паспяховым палітыкам, каб не прадпрымаў прэвентыўныя захады. Напярэдадні лёсавызначальнага для Якуба Коласа ліста кіраўнік рэспублікі стварыў у вачах паэта свой пазітыўны імідж, імкнучыся адвесці ад сябе эвентуальныя (пры трагічным для Песняра павароце) падазрэнні. Пра іх першую сустрэчу знаходзім звесткі ва ўспамінах М. Міцкевіча: “Азнаёміўшыся са становішчам з кадрамі ў Беларусі, Панамарэнка паклікаў Коласа на размову. На здзіўленне, новы сакратар стаў расказваць пісьменніку пра гістарычнае мінулае Беларусі, закрануў шэраг падрабязнасцей гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Гаварыў з энтузіазмам. Бацька быў зачараваны новым сакратаром. Якія глыбокія веды! Але, калі прааналізаваць наступныя крокі Панамарэнкі, то можна прыйсці да высновы, што гэта была зандзіроўка, як адносіцца народны паэт да праблем самастойнасці Беларусі, яе будучыні і інш.”

Відаць, сустрэча пераканала П. Панамарэнку ў нядобранадзейнасці народнага паэта і кіраўнік вырашыў лагічна завяршыць шматгадовую “распрацоўку” адной з ключавых фігур уяўнага нацыянальна-дэмакратычнага руху на Беларусі. Аднак санкцыі не атрымаў. І надалей з Коласам, шанаванне якога працягвалася, кіраўнік БССР захаваў цёплыя ўзаемадачыненні, якія можна нават назваць сяброўскімі, і падобных “падкопаў” ужо не дапускаў (прынамсі іх не выяўлена). Вось толькі той ліст 1938 г. П. Панамарэнку да канца жыцця не даваў спакою. Таму ён і імкнуўся пасля смерці І. Сталіна распаўсюдзіць легенду пра выратаванне беларускіх класікаў, расказваючы яе розным пісьменнікам, асабліва беларусам. Найбольш вядомая інтэпрэтацыя, якая і стала асновай для ўсталявання міфа, належыць М. Лынькову. Але не менш цікавы аповед знаходзіцца і ў І. Шамякіна, які, акром наратыўнасці, утрымлівае і пэўную ступень аналітычнасці. Іван Пятровіч, які адразу па вайне гучна заявіў пра сябе як мастак слова, улетку 1953 г. быў проста выцягнуты з палескай глыбінкі для паездкі ў Маскву П. Панамарэнкам, які тым часам працаваў ужо міністрам культуры. Будучы народны пісьменнік прызнаецца, які аграмадны аўтарытэт меў П. Панамарэнка ў беларускага народа і яго інтэлігенцыі: “Помню, якое ўражанне зрабіў ён на першым пасляваенным пленуме Саюза пісьменнікаў у снежні 1945, куды мяне, аўтара “Помсты”, запрасілі. Сустрэча з вядомымі пісьменнікамі заваражыла, узяло творчае натхненне: вунь куды ўчарашні камсорг дывізіёна скочыў! Дух займала. А тут яшчэ Панамарэнка. Генерал! Начальнік партызанскага штаба! Для нас, беларусаў, бадай жа, другая асоба пасля Сталіна. Ён цэлы дзень слухаў прамовы пісьменнікаў-франтавікоў. Узарваўся адзін раз, калі Міхась Клімковіч назваў оперны тэатр перавернутым унітазам. Чаму так узлаваўся Панамарэнка, для мяне засталося загадкай. Клімковіч сядзеў збялелы. Як вытрымала сэрца немаладога ўжо чалавека, якога па загаду Панамарэнкі вывезлі з нямецкага тыла ў Маскву. Ратавалі. Панцеляймон Кандратавіч нагадаў яму гэта з не вельмі затоенай пагрозай праверыць, чым ён займаўся ў акупацыі. На другі дзень першы сакратар выступіў перад пісьменнікамі з двухгадзіннай прамовай. І заваражыў ён не толькі мяне, галыша, але і патрыярха Якуба Коласа, самотнага Міхася Лынькова, бадзёрага Пятруся Броўку, на якіх я ледзьве не маліўся, як на багоў ” .

Вось з такім піетэтам ехаў у Маскву тады І. Шамякін і шмат гадоў пазней не крывіў душою, каб яго прыхаваць. Фармальнай падставай для размовы стала прапанова маладому, але ўжо ўшанаванаму Сталінскай прэміяй пісьменніку напісаць сцэнар для мастацкага фільма. Аўтару пры гэтым ствараліся ўсе ўмовы. Адмовіцца было немагчыма. Ды раптам адбыўся рэзкі паварот у гаворцы:

“Усё? Хацеў падняцца. Не, не ўсё!

– Ну, як там жывуць Колас, Крапіва, Глебка?

– Канстанцін Міхайлавіч у бальніцы...

– Хто гэта?

– Колас.

– А, так.  Я забыўся. Недаравальна. Я з ім меў самыя цесныя кантакты. Сяброўскія. Можна сказаць, адносіны. Мудрэйшы чалавек!

– Я ведаю...

– А ведаеце,  як я іх у трыццаць восьмым ратаваў...  Купалу,  Коласа і групу маладзейшых?

– Не, не ведаю.

– О, гэта тэма для рамана.

І пачаў расказваць. Каля двух гадзін расказваў. Я слухаў заварожана. Гісторыя з першых вуснаў! Дзе яшчэ пачуеш такое? Шкадую, што тады, на семінары тым, не запісаў яго падрабязны расказ, які разгортваў, маляваў карціну трагічных перадваенных гадоў. Але галоўнае помню і зараз. <…>

Далей пра тое, што асабліва ўсхвалявала мяне, – пра маіх настаўнікаў. Ён, Панамарэнка, рашэннем бюро ЦК вызваліў з турмы скатаванага Кузьму Чорнага, іншых арыштаваных (не пісьменнікаў, таму прозвішчы іх выпалі з маёй памяці). Але неўзабаве яму на стол паклалі спіс “мацёрых нацдэмаў”, якіх трэба неадкладна арыштаваць. У спісе тым – Купала, Колас, Крапіва, Броўка, Лынькоў, Глебка, Самуйлёнак...

“Глянуў я і за галаву схапіўся.  З кім застануся? З кім працаваць?!” – яго, Панамарэнкі, словы. – “Трэба ратаваць! Але як? Ратаваць можа толькі Сталін. Ды як да яго дабрацца, калі за ім, Панамарэнкам, дзень і ноч сочаць чэкісты? І пазваніць нельга – слухаюць. Разумеў, што рызыкую галавой. Але вырашыў ехаць у Маскву, дамагчыся прыёму ў Сталіна і сказаць: арышт такой групы ліквідуе нацыянальную літаратуру, навуку. З кім працаваць?”

Думаў, думаў Панцеляймон і прыдумаў, пазваніў наркому, што на другі дзень едзе ў Слуцк. А выехаў уначы з адным памочнікам. У Барысаў. Узялі білет у агульны вагон цягніка, які ішоў на Маскву. Так ашукалі агентаў Бермана. (Дэтэктыўны сюжэт! Я яго слухаў заварожана). У Маскве спыніліся на прыватнай кватэры. Тры дні дажыдаўся прыёму ў Сталіна. Добра, што меў добрыя адносіны з Паскробышавым. Дамогся: прыняў Панцеляймона Сталін. І першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі сказаў правадыру: “Не будзе з кім працаваць, таварыш Сталін”.

Сталін пахадзіў па кабінеце, папыхкаў люлькай і выклікаў загадчыка аддзела Жданава. Яму сказаў: “Таварищ Пономаренко справедливо говорит: давно мы не награждали наших писателей. Подготовьте списочек. Из всех республик. Человек на сто”.

“Так замест ордэраў завяліся ордэны. Я ратаваў Купалу, Коласа, іншых. Ды, скажу шчыра, і сабе памог: слежку за мной спынілі”, – расказваў мне Панамарэнка.

Хіба мог я ўсумніцца ў праўдзівасці расповяда такога чалавека? Папярэджання, каб не разглашаў яго расказ, не было. І я, як толькі вярнуўся ў Мінск, перадаў пачутае Броўку, нават расказаў на нейкім пасяджэнні. Мне паверылі. Не мне – Панцеляймону Кандратавічу, аўтарытэт якога трымаўся высока і пасля яго ад’езда. Нават такі крытык сталіншчыны, як Андрэй Макаёнак, паверыў. На сустрэчах з чытачамі расказвалі: во які ён, наш Панамарэнка!” .

Як бачым, П. Панамарэнка лёгка ўжывіў у неабыякога псіхолага І. Шамякіна (і не толькі) ледзь не святую веру ў выратаванне беларускай літаратуры. Яна доўга заставалася непарушнай, трывалай. Яе не пахіснуў момант здзіўлення ад рэакцыі Якуба Коласа на пераказ сустрэчы з П. Панамарэнкам:

“Пры наведванні Якуба Коласа за партузносамі я расказаў і яму. Канстанцін Міхайлавіч здзівіў: без захаплення сказаў:

– Я, братачка, чуў гэта з яго вуснаў.

Здзівіла, што чуў і нікому не расказаў, нават лепшаму сябру свайму Пятру Глебку, якога любіў больш чым каго”  .

Калі гэты аповед І. Шамякіна дакладны і скрупулёзны, то адсутнасць Коласава захаплення і нераспаўсюджанне гісторыі пра свайго выратавальніка наўрад ці можна вытлумачыць толькі традыцыйнай маўклівасцю паэта. Такім чынам, існуе верагоднасць, што апошні (прынамсі, напрыканцы свайго жыцця) разумеў вартасць гэтых слоў колішняга кіраўніка БССР.

Самому І. Шамякіну спатрэбілася, як ён прызнаецца, яшчэ чвэрць стагоддзя, каб пахіснулася перакананне. Недзе ў канцы 1970-х (прычым П. Панамарэнка яшчэ быў жывы) “я прыгадаў подзвіг Панамарэнкі, пра які ўжо пачалі забываць. І мяне ашаламіў тэатразнаўца Георгі Колас... Упершыню я пачуў:

– Хлусня ўсё гэта! У партархіве, у спецфондзе, захоўваецца другі экземпляр пісьма Панамарэнкі Сталіну, у якім ён пісаў аб неабходнасці арышту нацдэмаў – Купалы, Коласа і ўсіх, каго ён “ратаваў”, як вы кажыце.

Я ажно падскочыў, як падпечаны. Такая легенда рушыцца!

– Ты чытаў гэтае пісьмо?

– Мне не далі. Але архівісты пераказалі яго змест” .

Веры І. Шамякін не даў, але “з вожыкам у галаве” вырашыў праверыць сам. Ды ў Партыйны архіў яго не дапусцілі: тагачасны дырэктар Р. Платонаў, параіўшыся з сакратаром ЦК па прапагандзе, не дазволіў (затое потым сам і апублікаваў тыя матэрыялы, каб развянчаць міф).

“Глыбока расчараваны,  мацюкнуў я і Панамарэнку, і Платонава, і ўсіх палітыканаў. Я здаўся. Хэндэ хох! Праз сорак гадоў дапяў. Да лямпачкі было Панцеляймону тое кіно, тым больш мой раман; ён шукаў магчымасці, як адмыцца. Знайшоў: выклікаць маладога беларускага пісьменніка, аўтарытэтнага (лаўрэат!), расказаць яму, які добры ён быў, безумоўна ж, пісьменнік раскажа яго легенду калегам, старым і маладым, нехта запіша яе... Але не лепшы ён быў сцэнарыст, забыўся пра адну істотную дэталь – пра архіў, які папоўніў сваімі пісьмамі...”  – скончыў свой расказ І. Шамякін, ужо будучы народным пісьменнікам. Вось толькі цікава, ці П. Панамарэнка (памёр у 1984 г.) дазнаўся пра тое, што яго міф пачаў бурыцца, ці пайшоў з жыцця, думаючы, што застаецца непахісным аўтарытэтам для беларускага народа. У пакінутых па сабе ўспамінах , аднак, колішні кіраўнік БССР пра сябе як выратавальніка беларускай пісьменніцкай эліты ўжо чамусьці не згадвае, тым не менш расказваючы пр а многія свае дзеянні (сёння сапраўды неаспрэчныя) на карысць Беларусі.

А ці верыў, ці не верыў у шчырасць палітыка сам Колас – праніклівы “інжынер чалавечых душ”, усё ж сказаць цяжка. Але асцярожны, маўклівы недаверлівага выгляду не падаваў. А калі і не верыў, то ўсё адно яго шырокая чалавечнасць і даравальнасць пераважалі. Дый прыязныя стасункі з палітычным кіраўніцтвам мець лепей, чым халодныя ці тым больш варожыя. Да таго ж іх можна выкарастоўваць: ці то па асабістай патрэбе, ці то – як найчасцей рабіў Якуб Колас – з карысцю для іншых, каму дапамога была асабліва неабходна.

Адной з такіх спраў Якуба Коласа сталі ягоныя турботы пра сваіх землякоў-мікалаўцаў, якім неўзабаве пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР моцна не пашчасціла. Аднаго дня дзеці пяклі яечню. Не ўпільнавалі, як агонь перакінуўся на сялянскія гасподы, што стаялі адна пры адной. Дарослыя ж былі ў полі. За хвілінаў сорак полымем злізала больш за дзвесце хат. У сувязі з такім няшчасцем Якуб Колас звярнуўся ў Саўнарком і асабіста да П. Панамарэнкі з просьбай адбудаваць вёску з новаю планіроўкай, школай і бальніцай. Відаць, просьба з’яўлялася цяжкавыканальнай для ўлады, таму Колас не абмежаваўся дакладной запіскай, а, як вынікае з ліста С. Гарадзецкаму, удзяляў самую пільную ўвагу, ахвяруючы сваімі асабістымі і пісьменніцкімі справамі . Свой родны кут пясняр не выпускаў з-пад увагі ніколі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў погляды паэта ізноў звяртаюцца да праблем мікалаўцаў, якія мелі ўсё тыя ж праблемы са школай (намі не ўстаноўлена, ці пабудавалі па яго ранейшай просьбе школу да нападу Германіі). Ізноў дзеля вырашэння гэтага пытання Колас ідзе да Панамарэнкі .

Больш складана было дапамагаць тым, над кім навісла смяротная пагроза рэпрэсій. Мала таго, што яна далёка не заўсёды мела жаданы вынік (як са сваякамі, напрыклад, шваграм А. Каменскім ці акадэмікам І. Замоціным), дык і несла непасрэдную пагрозу жыццю Якуба Коласа. Ратаваў Якуб Колас і людзей, якія не ўваходзілі ў блізкае кола сяброў і родных ці калег па пяру. Адным з такіх быў І. Касяк – настаўнік з Павільні. У фондах музея знаходзяцца чатыры лісты паэта да І. Касяка. У адным з іх гаворыцца, што 7 верасня 1940 г. Якуб Колас займаўся справай знаёмага і рэкамендаваў яму “возбудить хадатайство перед органами НКВД”. Паэт не толькі не баяўся агалоскі пра тое, што ён дапамагае патэнцыйным, а то і экспліцытным “ворагам народа”, але і і сам складаў пратэкцыю ім, і даваў згоду, каб яны спасылаліся на ў хадайніцтвах на яго: “В своем заявлении можете сослаться на меня, как знающего Вас и могущего поддержать Ваше хадатайство…”  Колькі такіх выпадкаў, сёння, бадай, не ўстанавіць. Затое можна прывесці канкрэтныя прыклады.

Ці не першым стаў ліст да старшыні Саўнаркаму БССР Мікалаю Галадзеду ў абарону арыштаванага Ф. Аляхновіча, падпісаны разам з Янкам Купалам ды іншымі ў 1928 г. А канец 1930-х падобных перажыванняў падкінуў нашмат болей. І тут ужо просьбы (напісаныя, дарэчы, у адрозненне ад вышэйзгаданай беларускамоўнай пісаліся па-руску) накіроўваліся сакратару ЦК КПБ П. Панамарэнку.

Ізноў разам з сябруком Янкам пішацца прашэнне ў абарону арыштаванага Аляксандра Уласава (1940 г.) . Тут станоўчага выніку Якуб Колас не дабіўся. А вось перад гэтым Кузьма Чорны быў выпушчаны, і пасадзейнічала вызваленню ў тым ліку заступніцтва за яго Якуба Коласа, з якім П. Панамарэнка ўжо нават раіўся. Паэт запэўніў у высокай якасці творчасці Кузьмы Чорнага і яго палітычнай добранадзейнасці  (на жаль, здароўе апошняга было падарвана катаваннямі і жыць яму заставалася нядоўга).

Славуты дзеяч музычнага мастацтва Р. Шырма пасля далучэння Заходняй Беларусі інтэнсіфікуе сваю дзейнасць на ніве беларусчыны і стварае прафесійны калектыў – Беларускі ансамбль песні і танцу (з 1955 года – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР). “Аднак ужо ў 1941 годзе выбітны дзеяч апынаецца за мурамі Лубянкі. Свайму вызваленню ён мусіў быць удзячны Якубу Коласу, які асабіста хадайнічаў перад галоўным камуністам рэспублікі Панцеляймонам Панамарэнкам” . У далейшым паэт таксама сачыў за лёсам гэтага ансамбля, хадайнічаў за яго перад рэспубліканскім кіраўніцтвам: “Ансамблю трэба аказаць маральную, матэрыяльную і іншую дапамогу. <...> Пагутарыце з Панцеляймонам Кандратавічам. На мой погляд, ансамбль заслугоўвае таго, каб яму давесці болей увагі і клопату” , – піша Колас у лісце да Ц. Гарбунова (17 чэрвеня 1942 г.).

Не пабаяўся Колас скласці пратэкцыю і апальнаму геолагу Г. Гарэцкаму, пра перавод якога на Беларусь народны паэт гутарыў з П. Панамарэнкам летам 1944 г. , выказваючы ўпэўненасць, “цвёрдую перакананасць” у непасрэдным лісце вучонаму ад 11 ліпеня 1944 г., “што мы з Вамі будзем працаваць у Беларусі” .

За час вайны ўвогуле стасункі прыжыццёвага класіка і кіраўніка БССР развіліся ў сяброўскія. П. Панамарэнку трэба аддаць належнае ў яго празорлівасці: ён ведаў напэўна, што палітык яго рангу гісторыяй ставіцца на паліцы, ніжэйшыя за “пачэсны пасад” літаратурных класікаў. І хаця на паверхні не так шмат інфармацыі, якая раскрывае сутнасць узаемадачыненняў гэтых гістарычных асобаў, тым не менш можна гаварыць пра шырокі дыяпазон іх кантактаў, якія падтрымліваліся ўсюды, куды б іх ні закідвала доля.

Пра гэта сведчыць тое, што знаходзячыся ўжо ў Ташкенце, Якуб Колас у лісце П. Броўку ад 3 снежня 1941 г. выказвае палкае жаданне сустрэцца з Панцеляймонам Кандратавічам: “Як многа найшлося б аб чым пагаманіць! Калі давядзецца пабачыцца з ім, перадайце яму ад мяне мой гарачы прывет, сардэчны, прыязны, як нашы беларускія ўзлескі” . Аналагічнае жаданне выказваецца і ў лістах членам урада БССР І. Крупеню (29 ліпеня 1942 г.), а таксама – больш фармальнае – трохі пазней, 23 верасня 1942 г. , і Ц. Гарбунову (20 і 22 снежня 1942 г., 8 жніўня 1943 г.) . Праз першага з названых палітыкаў у лісце за 9 жніўня 1942 г. Якуб Колас перадае таварышу Панамарэнку просьбу арганізаваць прыезд у Ташкент і адпачынак М. Лынькову (прычым падкрэсліваў, што робіць гэта асабіста, без ведама свайго прыяцеля-калегі) . Колькасць і частата прывітанняў з мінімальнай нагоды гавораць пра сапраўды цесныя кантакты палітыка і літаратурнага класіка.

Нярэдка на сувязь неабходна было выходзіць з-за нейкай пільнай справы. У такіх выпадках прыбягалі да дапамогі тэлеграфа. Знаходзіцца шмат згадак пра тэлеграмы і самі тэлеграмы. Але не заўсёды можна ўстанавіць, якія менавіта пытанні вырашаліся. Як, напрыклад, у дадзеным выпадку, калі Якуб Колас, як ён трывожыцца ў лісце жонцы (7-8 лютага 1942 г.), ці знойдзе каго ў Маскве, куды паэт ехаў, з кіраўніцтва, плануючы з Пензы даць тэлеграму П. Панамарэнку, што, аднак, не змог зрабіць з прычын, ад яго не залежных .

Некалькі тэлеграм захавалася ад П. Панамарэнкі Якубу Коласу. Бадай, усе яны тычацца афіцыйнай дзейнасці. Напрыклад, амаль загадная фармулёўка “прибыть [Якубу Коласу] по важным делам в Москву” (час не ўказаны) ; ці запрашэнне на Другі мітынг прадстаўнікоў беларускага народа (жнівень – вераснь 1942 г.) , што адбыўся 27 верасня, але без удзелу народнага паэта, бо цяжка захварэла яго жонка ; ці просьба прыехаць у Маскву, дзе збіраюцца прадстаўнікі Беларусі «для большого дела», прычым, як сказана, прыехаць патрэбна было назусім , што, відавочна, было першым званком заканчэння ташкенцкага перыяду ў жыцці сям’і паэта.

Часам абодва карэспандэнты карысталіся паслугамі пасярэднікаў не толькі для абмену прывітаннямі, але і ў сувязі са справамі. Так, паводле ліста Якуба Коласа Ц. Гарбунову (24 красавіка 1942 г.), П. Панамарэнка перадаваў беларускім песнярам пажаданне скласці партызанскую песню, што і было зроблена самім Якубам Коласам (верш “Песня партызан”) .

 Было і ліставанне. Але яно не заняло шмат месца ў Коласавай эпісталярнай спадчыне. Да таго ж, думаецца, пэўная частка яе згублена. Мусіць, не захавалася лістоў, пра якія паэт згадвае, пішучы М. Лынькову (29 жніўня 1942 г.): “Перадай паклон усім сябрам. Я пісаў Гарбунову, Крупені і Пан[целяймону] Кандр[атавічу]. Ад іх яшчэ вестак не меў – адказу на свае пісьмы” . Магчыма, іх так і не было. Аднак з гэтага, здавалася б, дастаткова шэраговага і безмястоўнага ўрыўку відаць, што вядучыя палітыкі фігуруюць у кантэксце сяброў, а не толькі таварышаў і знаёмых.

Калі фронт пачаў беспаваротна каціцца на захад, Якуб Колас перабіраецца ў Маскву. Спачатку ён прыязджае адзін. Сустракаецца з П. Панамарэнкам (16 лютага 1943 г.), які распавёў партызанскія гісторыі, пра перавод пад Маскву Акадэміі навук, паабяцаў дапамогу сям’і пры пераездзе без удзелу галавы, хоць сам паэт імкнуўся быць побач з жонкай і сынамі . І на часткова вызваленую Беларусь (пад Гомель) упершыню Якуб Колас, як піша ў лісце да Э. Агняцвет (12 красавіка 1944 г.) ехаў у адным, спецыяльным вагоне з кіраўніком рэспублікі , які трохі пазней “некалькі разоў настойліва прапаноўваў Коласу пасаду намесніка Старшыні Саўнаркама Беларусі”, ад чаго апошні “ледзь-ледзь адпрасіўся” . У гэты час найбольш знітоўваецца сяброўства паэта і палітыка: да паездкі на Беларусь Якуб Колас нават доўгі час жыў у П. Панамарэнкі .

Якуб Колас шчыра радаваўся, што ад нямецкіх акупантаў кожны дзень вызваляюцца ўсё новыя і новыя землі. Найбольш, канечне, ён думаў пра родную Беларусь. Аднак яго радасць азмрочвалася хваробамі жонкі, Марыі Дзмітрыеўны, якой яшчэ ў ташкенцкай эвакуацыі рабілася ўсё горай ды горай. Клапоцячыся пра яе здароўе, Канстанцін Міхайлавіч прыкладаў усе намаганні, выкарыстоўваў асабістыя сувязі. І вядома, П. Панамарэнка тут мог яму рэальна пасадзейнічаць.

“Сягоння быў у т. П[анамарэнкі]. Наўперад зайшоў да яго памочніка. Ён абяцаў мне пазваніць у Маскву, у постпрэдства, каб там паклапаціліся – калі на тое будзе патрэба – устроіць цябе ў лепшай бальніцы”, – піша Якуб Колас жонцы 6 снежня 1944 г. , якой усё ж не стала 21 мая 1945 г.

Такім чынам, Якуб Колас распачынаў свой пасляваенны перыяд без сваёй вернай спадарожніцы па жыцці. Яшчэ да яе адыходу ў свет лепшы, паэт, які заўжды любіў фізічную працу, пачаў займацца рамонтам хаты, у якую ён і марыў прывесці Марыю Дзмітрыеўну. Пра дом, знойдзены старэйшым сынам Данілам за плячыма Акадэміі навук, Якуб Колас расказваў жонцы ў лістах. З аднаго пісьма (ад 6 снежня 1944 г.) вынікае, што клопаты Якуба Коласа, бытавыя ў тым ліку, не выпускаў з-пад увагі П. Панамарэнка, які выдзяліў у дапамогу малалітражку і загадаў правесці святло . Ці не грызла яго сумленне за свой пачатак кіраўніцтва на Беларусі, калі ён хацеў спляжыць народнага паэта? Праўда, і не сказаць, каб тая дапамога была велічэзнай, бо, паводле ліста жонцы ад 30 красавіка 1945 г., Колас ўсё яшчэ займаўся рамонтам .

Пасля смерці Марыі Дзмітрыеўны Коласа адольвала скруха і адзінота. Кіраўнік рэспублікі суперажываў паэту, падтрымліваў яго ў тую трагічную гадзіну. Як успамінае Коласаў малодшы сын, “праз дзень пасля пахавання маці нас з бацькам запрасіў да сябе ў Дразды П. Панамарэнка” . Увогуле апошні пасля вайны, як расказаў М. Міцкевіч, нярэдка клікаў да сябе народнага паэта, іх зносіны пачасціліся..  Гэта сведчыць пра тое, што палітык стаў адным з самых блізкіх людзей для літаратурнага класіка. Непасрэдна з падачы кіраўніка рэспублікі быў выдзелены народнаму паэту і першы пасляваенны аўтамабіль – трафейны “Опель-Адам”, а потым – “Опель-Адмірал”, два радыёпрыёмнікі – для заўзятага слухача Коласа і яго малодшага сына . Прычым трафейны радыёпрыёмнік дазваляў лавіць хвалі замежных радыё, што для савецкіх, тым больш сталінскіх часоў было з’явай ледзь не паранармальнай. Ад сябе асабіста палітык падарыў паэту кішэнны гадзіннік .

Калі ж П. Панамарэнка наведаў сядзібу народнага паэта (летам 1946 г.), які тым часам якраз быў ад’ездзе, то “маленькая хатка здалася яму няўтульнай і непрыгоднаю для жыцця і працы народнага паэта. Ён прапанаваў пабудаваць вялікі, прасторны катэдж. Колас падзякаваў яму за клопат, але адмовіўся ад прапановы. Каля двух мільёнаў жыхароў рэспублікі жылі тады ў зямлянках, і народны паэт лічыў немагчымым для сябе жыць у раскошы”, – успамінаў старэйшы сын Даніла Канстанцінавіч .

Нягледзячы на сваю занятасць, П. Панамрэнка ўдзяляў увагу і творчасці свайго сябра-пісьменніка. Асабліва любіў паэму “Сымон-музыка”. Як расказаў М. Аўрамчыку Даніла Канстанцінавіч, нейк П. Панамарэнка ў высокім застоллі пачаў даказваць апошняму, “што гэтая паэма – найвялікшы рамантычны эпас, гэтакі ж, як “Песня пра Гаявата” Лангфела” .

Тое, што палітык высокага рангу не быў далёкі ад літаратуры, відаць з яго асабістай бібліятэкі, якая была перададзена яго ўдавой Верай Георгіенай ЦНБ імя Якуба Коласа у 1985 г. Менавіта яго кнігазбор займае адно з першых месцаў па колькасці дарчых надпісаў на кнігах – 426, што сведчыць не толькі пра грунтоўную ўладу, якую і належыць мець першай асабе рэспублікі, але і пра яго цвёрды аўтарытэт у пісьменніцкім асяродку. Выданні ў асноўным пасляваенныя. Але вось сярод даваенных знаходзіцца і кніга Якуба Коласа – паэма “Новая зямля” (1934 г.). Пасляваенных, да таго ж з подпісамі, чатыры.

С. Прыхач, даследаваўшы бібліятэку П. Панамарэнкі, піша, што “аўтографы народнага паэта Беларусі Якуба Коласа надаюць асаблівую каштоўнасць яго выданням”: “Глыбокапаважанаму і дарагому Панцеляймону Кандрацьевічу Панамарэнка на памяць ад Якуба Коласа. 5.ХІ.1946 г.” (“Паэмы”, 1946); “Дорогому Пантелеймону Кандратьевичу Пономоренко. Час праходзіць, сляды-ж творчай працы на карысць народу застаюцца, а людзі, пакінуўшыя гэтыя сляды, не забываюцца. Якуб Колас. 21.ІХ.1951 г.” (“Собрание сочинений в четырех томах. Т. 1”, 1951 г.); “Глубокоуважаемому, дорогому П.К. Пономоренко на память о Белоруссии, о белорусских лесах. Якуб Колас. 27.ХІ.1952 г.” (“Збор твораў у сямі тамах. Т. 7”, 1952 г.); “Глыбокапаважанаму П.К. Панамарэнка, шчыраму другу беларускага народа на памяць ад Якуба Коласа. 22.І.1947 г.” (“Избранное”, 1946) . Дадамо, што па колькасці Коласавых аўтографаў, выяўленых даследчыкам дэдыкацый К. Казыры, П. Панамарэнка далёка апераджаў ўсіх іншых палітыкаў, а таксама многіх пісьменнікаў, заслужыўшы 9 разоў пацверджанай подпісамі песняра ўвагі (меней, чым П. Глебка (10) і С. Гарадзецкі (12), але больш, чым, напрыклад, М. Лужанін, М. Гарэцкі, П. Тычына і многія іншыя) .

Шыкоўная бібліятэка са шматлікімі аўтографамі – гэта не проста фармальны паказчык удзелу П. Панамарэнкі ў справах літаратуры і мастацтва. Яго дзейнасць у гэтай сферы мела зусім непавярхоўны характар, і Якуб Колас вельмі часта быў дарадчыкам і памагатым. Так, у красавіку 1946 г. паэт наведвае П. Панамарэнку з рэляцыяй пра незадавальняючы стан выдання мастацкай літаратуры і прапановай у сувязі з гэтым разгрузіць друкарні г. Мінска, перадаўшы другарадныя заказы ў абласныя гарады, каб не затрымліваць выпуск мастацкай літаратуры (з ліста да С. Гарадзецкага ад 9 мая) . Праз год, 21 мая, Старшыня Савета Міністраў БССР з нейкай прычыны раіцца з народным паэтам наконт работы беларускага мастацтвазнаўцы А. А. Уса. Як запіша Якуб Колас у дзённіку, “у ацэнцы яе сышліся” . Актыўны ўдзел прыняў П. Панамарэнка на рэспубліканскім сходзе пісьменнікаў, прысвечаным абмеркаванню твораў беларускай літаратуры за 1947 г. і задачам пісьменнікаў у падрыхтоўцы да 30-годдзя БССР, выступіўшы з прамовай . Прыхільна ставіцца П. Панамарэнка і да Коласавай навуковай дзейнасці, у прыватнасці да селекцыі кадраў, што ажыццяўлялася таксама і Віцэ-прэзідэнтам АН БССР К. Міцкевічам, якога да таго ж ставіў у прыклад кандыдатаў на званне акадэміка . Акрамя вышэйзгаданага хадайніцтва перад кіраўніком рэспублікі адносна выбітнай фігуры Г. Гарэцкага, з лістоў Якуба Коласа можна прывесці прыклад пра прафесара-лінгвіста П. Растаргуева, кандытатурай якога быў П. Панамарэнка задаволены (ліст П. А. Растаргуеву ад 10 студзеня 1946 г.) . Дарэчы, як паведамляе Р. Гарэцкі, калi пасля Другой сусветнай вайны вырашалася пытанне пра мяжу памiж Польшчай i Беларуссю, а ў прыватнасці пра прыналежнасць Беласточчыны, Г. Гарэцкi менавіта праз Якуба Коласа перадаў сваю грунтоўную манаграфiю «Межы Заходняй Беларусi ў Польшчы (нацыянальны склад насельнiцтва Заходняй Беларусi)» П. Панамарэнку, якi ўзяў яе з сабой на размову са I.Сталiным, прыводзiў адтуль розныя доказы ў карысць Беларусi .

Заўжды ўважлівы і клапатлівы Якуб Колас, нягледзячы на тое, што яго самога пачалі адольваць цяжкія хваробы, не змяншаў увагі да праблем іншых людзей, тым што і статус дэпутата Вярхоўных Саветаў БССР і СССР абавязваў. Захаваўся аўтограф дакладной на імя Старшыні Савета Міністраў БССР П. Панамарэнкі з просьбай дапамагчы Мікашэвіцкаму дзіцячаму дому, у якой пералічвае, што канкрэтна неабходна зрабіць . Гэта ўказвае на тое, што Якуб Колас скрупулёзна разабраўся, вывучыў становішча дзяцей і ўзяў сітуацыю пад асабісты кантроль.

Не пакідаў паэт і сяброў. Прычым, як відаць з ліста свайму прыяцелю і перакладчыку Я. Мазалькову (1.ІV.1949 г.), Якуб Колас звяртаўся да П. Панамарэнкі і тады, калі апошні пакінуў пост кіраўніка Беларусі, пайшоўшы ў Маскву на павышэнне. У дадзеным выпадку паэт дапамагаў вырашыць жыллёвае пытанне Я. Мазалькова .

А ўвогуле тагачассе характарызавалася беднасцю, дэфіцытам тавараў самай першай неабходнасці, таму, як расказаў М. Міцкевіч, даводзілася звяртацца да вышэйшага кіраўніцтва нават па драбязе, каб “дастаць”, напрыклад, жменю якіх цвікоў.

Як бачна, Якуб Колас прыязныя адносіны да П. Панамарэнкі захоўваў і падтрымліваў да канца свайго жыцця якую б пасаду ні займаў апошні. Відавочна, сустрэч між імі стала зусім вобмель (калі яны ўвогуле былі). Адна з прычын – адыход П. Панамарэнкі ад дзейнасці, звязанай з Беларуссю. Але  галоўнай – зрабілася адлегласць, пераадольваць якую хваравітаму напрыканцы жыцця Коласу было вельмі цяжка (П. Панамарэнка пасля ад’езду з Беларусі працаваў да 1954 г. у Маскве, потым год у Казахстане, а ў год смерці Якуба Коласа паслом у Польшчы). Аднак пра тое, што Якуб Колас не забываў нядаўняга кіраўніка БССР, якога лічыў да таго ж сваім сябрам, пераканаўча сведчыць ліст (ад 22 снежня 1951 г.):

“Глубокоуважаемый и дорогой Пантелеймон Кондратьевич!

У меня было искреннее желание навестить Вас во время 3-й Всесоюзной конференции защитников мира. Исполнить свое желание, к сожалению, я не смог, так как чувствовал себя не важно. По окончании конференции уехал домой, а сейчас нахожусь в стационаре, откуда и пишу Вам, дорогой Пантелеймон Кондратьевич. Прибыл в стационар с высоким давлением крови – 240/130. Сейчас оно снижено, и я чувствую себя значительно лучше. По обязанности члена комитета па Сталинским премиям мне надо быть в Минске, но состояние здоровья не позволяет принять участие в работе комитета. В связи с этим я обращаюсь к Вам, Пантелеймон Кондратьевич, с просьбой поддержать, если это удобно и возможно, кандидатуру на соискание Сталинской премии романа Михася Лынькова «Векопомные дни». Наша писательская общественность, а также и партийные работники всемерно поддерживают эту кандидатуру. Поскольку роман издан на русском языке, он переносится на следующий год. Но белорусская поговорка гласит: отклад не идет в лад. Михась Лыньков всей писательской и общественной деятельностью, а также и созданием большого художественного произведения о белорусских партизанах в полной мере заслуживает премирования. В числе кандидатур на соискание Сталин[ской] пр[емии] от союза писателей БССР числится и кандидатура Михася Лынькова, его роман «Векопомные дни». Это произведение горячо поддерживается нашей писательской общественностью, как большое художественное полотно, в котором широко отражены дела и подвиги белорусских партизан. Но поскольку оно не издано в русском переводе, его откладывают на следующий год. А наша поговорка гласит: отклад не идет в лад…”  (Публікуецца ўпершыню.)

Па ўсім відаць, ліст застаўся недапісаным, нявычытаным і не быў адпраўлены. Магчыма, Якуб Колас сам вагаўся адносна ацэнкі названага рамана-эпапеі М. Лынькова, які, праўда, усё ж атрымаў за свой твор прэмію, але не Сталінскую, а Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба, і толькі ў 1968 г.

Апошнім з выяўленых кантактаў стала тэлеграма Якуба Коласа, з якой вядома, што паэту ізноў не ўдалося наведаць палітыка . Нявыключана, што між імі нашмат часцей практыкавалася тэлефонная сувязь. Але ў гэтым прымушаюць сумнявацца вышэйпрыведзеныя ўспаміны І. Шамякіна пра сустрэчу яго з П. Панамарэнкам у 1953 г., паводле якіх, апошні ўжо тады нават не памятаў сапраўднага імя адзінага на той час беларускага народнага паэта.

У любым выпадку інтэнсіўнасць стасункаў Якуба Коласа і П. Панамарэнкі, які пераехаў у Маскву, пайшла на спад. Абодва былі людзьмі вельмі занятымі, і адсутнасць практычнага значэння рабіла кантакты радзейшымі.

Такім чынам, знаёмства вялікага беларускага паэта і першага палітыка БССР доўжылася амаль 20 гадоў. Напачатку яно было далёка не бясхмарным: над жыццём генія беларускага слова навісла пагроза, якая да таго ж зыходзіла з боку П. Панамарэнкі, які ў 1938 г. стаў кіраўніком Савецкай Беларусі. Палітык усё ж імкнуўся заваяваць сімпатыі ў беларускіх пісьменнікаў і народа ўвогуле (што зрэшты яму і ўдалося) і падтрымліваў іх – шляхам распаўсюджвання легенды пра сябе выратавальніка – як мага даўжэй, расказваючы яе многім пісьменнікам, стаўшы нават сябрам для многіх мастакоў слова, перадусім народнага паэта Якуба Коласа, з якім цёплыя стасункі падтрымліваліся нават пасля таго, як палітык пакінуў працу на Беларусі, хоць яны і парадзелі. У іх шчырасці з боку П. Панамрэнкі ёсць сумненні, чаго не скажаш, калі меркаваць асабліва па пасляваенных узаемінах паэта і палітыка, пра нашага літаратурнага класіка. Пясняр, несумненна, добра памятаў нядаўняга кіраўніка БССР да самага свайго зыходу ў 1956 г., захаваўшы датычна яго, нягледзячы на экзістэнцыйную складанасць часу, шчырыя сяброўскія пачуцці. У гэтым самым бачыцца праяўленне высокага, не раўнуючы біблейскага гуманізму пісьменніцкага і чалавечага генія зямлі беларускай.

Гэты ды іншыя артыкулы і творы чытайце ў свежым, 54-м нумары, часопіса "Дзеяслоў". 

Дзеяслоў-54