Да юбілею Саюза беларускіх пісьменнікаў літаратары ўвасобяцца ў казачныя вобразы

23 траўня ў прэс-цэнтры “Камсамольскай праўды ў Беларусі” прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная праекту "Беларускі фальклор", які ладзяць ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў”, грамадска-культурная кампанія "Будзьма беларусамі!" і выдавецтва “Юніпак” пры інфармацыйнай падтрымцы газеты “Камсамольская праўда”. Сутнасць праекта — у стварэнні календара з фотапартрэтамі беларускіх пісьменнікаў розных пакаленняў у вобразах папулярных персанажаў народных міфаў, казак і легенд. Календар будзе выпушчаны да 80-годдзя Саюза беларускіх пісьменнікаў і мае сваёй мэтай абуджэнне цікавасці беларусаў да сваёй фальклорнай спадчыны, нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама папулярызацыю сучаснай беларускай літаратуры і літаратараў.
Ідэя пісьменніцкага календара не новая, але ў вобразах фальклорных персанажаў беларускія аўтары паўстануць упершыню. І гэтым разам літаратары не збіраюцца нейкім чынам эпатаваць публіку.
Як распавёў журналістам старшыня СБП Барыс
Пятровіч, паралельна фальклорнаму календару таксама будзе выпушчаны календар з цалкам
класічнымі партрэтамі пісьменнікаў у натуральным асяроддзі: за пісьмовым
сталом, недзе на прыродзе. У такім календары будуць удзельнічаць народны паэт
Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч, а таксама многія іншыя літаратары старэйшага пакалення.
Што да вобразаў першага календара, то некаторыя з іх ужо знайшлі свае ўвасабленні.
Паэтка Аксана Данільчык стала Лёляй, якая сімвалізавала ў славян вясну, з паэта і эсэіста Міхася Скоблы атрымаўся натуральны Лазнік, а жывы класік беларускай літаратуры Генадзь Мікалаевіч Бураўкін зняўся ў вобразе Бая, які ходзіць па хатах і бае дзецям казкі.
Арганізатары праекта крыху прыадчынілі завесу таямніцы і расказалі, хто яшчэ з літаратараў будзе задзейнічаны.
Ужо вядома, што паэты Сяржук Сыс і Віктар Жыбуль прымераць на сябе вобраз чорта, прычым не злоснага, а, словамі ініцыятаркі праекта паэткі Ірыны Хадарэнка, амбівалентнага персанажа. Сама Ірына, а таксама Аксана Спрынчан стануць русалкамі, аўтар знакамітай полечкі-трасухі Леанід Дранько-Майсюк — Лесавіком, празаік Леанід Дайнэка — беларускім Дзедам Марозам Зюзям, а Народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін, не зважаючы на паважны ўзрост, не супраць паспрабаваць сябе ў вобразе Дамавіка.
Да кожнага партрэта будзе падабраны адмысловы літаратурны твор, які адпавядае вобразу. Як заўважыў адзін з ініцыятараў праекта “Беларускі фальклор” выдавец, фатограф і літаратар Валер Дубоўскі, такім чынам каляндар зможа стаць і дыдактычным матэр’ялам, які можна будзе выкарыстоўваць на ўроках беларускай літаратуры ў школе.
На фота:
1. Удзельнікі прэс-канферэнцыі.
2. Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч
Прэсавая служба СБП