Дачка Аркадзя Куляшова прэзентавала кнігу пра свайго бацьку

У кнізе, назвай якой стаў зменены радок паэта, Валянціна Куляшова расказвае аб сваім бацьку. Тут і старонкі яго радаслоўнай, самыя яркія ўспаміны з дзяцінства, і першае каханне, і шлях у літаратуру, і сяброўства з многімі пісьменнікамі. Аўтар уводзіць чытачоў у творчую лабараторыю паэта, паказвае, як нараджалася задума таго ці іншага твора, як яна потым увасаблялася на паперы. Невыпадкова ў кнізе так шмат вершаў і ўрыўкаў з паэм Аркадзя Куляшова.

Кніга выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”. Выданне, прысвечанае Аркадзю Куляшову, стала 17-й кнігай серыі.

Рэдактар выдання Анатоль Зэкаў адзначыў, што з задавальненнем прайшоў жыццёвай, творчай дарогай вялікага паэта. “Пры рабоце над кнігай мне пашчаслівілася сустрэцца са сваякамі Аркадзя Куляшова. Спадзяюся, што энергетыка народнага паэта Беларусі дапаможа мне пераасэнсаваць і сваю творчасць”, – сказаў ён.

У сваю чаргу літаратуразнаўца Тэрэза Голуб звярнула ўвагу на шчыры тон кнігі: “Яна напісана душой і сэрцам не толькі дачкі, а яшчэ і выдатнага літаратуразнаўцы і журналіста. Валянціна Куляшова піша вельмі лёгка, кніга чытаецца на адным дыханні. Уражваюць ілюстрацыі і афармленне выдання”.

Прэзентацыя кнігі прымеркавана да 100-гадовага юбілею Аркадзя Куляшова. Да знакавай даты Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала кніжную выстаўку “Класік беларускай паэзіі”, дзе прадстаўлены зборнікі твораў паэта, яго творы ў перакладах на рускую, украінскую, англійскую і іншыя мовы. Экспазіцыя дае магчымасць азнаёміцца з яшчэ адной гранню таленту Аркадзя Куляшова – яго перакладамі твораў Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Тараса Шаўчэнкі і іншых паэтаў. У адзін з раздзелаў экспазіцыі ўвайшлі публікацыі, якія размешчаны ў энцыклапедычных выданнях, літаратуразнаўчых зборніках і часопісах, а таксама манаграфіі, якія расказваюць аб жыцці і творчасці пісьменніка.

Выстаўку можна ўбачыць у зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі да 10 сакавіка.

Ганна Ільяшэвіч, БЕЛТА