«Дакументы душы» — Святлана Алексіевіч выступіла ў Мінску (ФОТА)

Святлана Алексіевіч

Спампаваць кнігу Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе ў мабільных фарматах

Беларусы даўно чакалі магчымасці сустрэцца са Святланай Аляксандраўнай: запрашальнікі на гэтую імпрэзу былі разабраныя літаральна праз паўгадзіны пасля адкрыцця рэгістрацыі на іх. З'яўленне на сцэне спадарыні Святланы выклікала працяглыя авацыі -- гледачы апладзіравалі стоячы.

Злева направа: Барыс Пятровіч, Святлана Алексіевіч, Аляксандр Лукашук

Зладзілі мерапрыемства, у межах якога была прэзентаваная кніга "Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе", Радыё "Свабода" і ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Мадэратарамі вечара сталі дырэктар беларускай службы РС Аляксандр Лукашук і старшыня ГА "СБП" Барыс Пятровіч.

Напачатку вечара беларусы прыгадалі яскравыя моманты мінулага года, праглядзеўшы фрагменты відэа з уручэння спадарыні Святлане Нобелеўскай прэміі ў Стакгольме, з першай прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай гэтай значнай падзеі, а таксама пра тое, як беларусы сустракалі пісьменніцу ў аэрапорце па яе вяртанні ў Мінск пасля Нобелеўскага тыдня.

Выступае Сяргей Законнікаў

Злева: Юлія Чарняўская; Уладзімір Арлоў, Аляксандра Дынько

Зінаіда Бандарэнка

Выступілі пісьменнік Уладзімір Арлоў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, журналістка Аляксандра Дынько, літаратар Сяргей Законнікаў, культуролаг і выкладчыца Юлія Чарняўская. Быў паказаны відэазварот журналіста і рэдактара кнігі "Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе" Сяргея Навумчыка.

Барыс Пятровіч і Святлана Алексіевіч 

Кожны з прамоўцаў дзяліўся ўражаннямі пра сяброўства і супрацу са Святланай Алексіевіч, а таксама зачытваў найбольш запамінальны ўрывак з твораў пісьменніцы і задаваў ёй пытанне.

Якраз пытанням, пісьмовым і вусным, была прысвечаная большая частка сустрэчы. Звярнуцца да набеліянткі мог кожны ахвотны глядач. І хаця Святлана Аляксандраўна прызнаецца, што "стамілася ад самой сябе", бо ва ўсіх краінах свету, куды запрашалі аўтарку, на многіх прэс-канферэнцыях тэматыка размоў часта паўтараецца, публіка доўга яе не адпускала, а яна сама цярпліва распавядала.

Святлана Алексіевіч

Пра сутву "чырвонага чалавека" і пра "чалавека маленькага", пра сітуацыю ва Украіне, у Расіі і дома, у Беларусі, пра 30-гадовае водгулле Чарнобыля, пра "філасофію неразумення сябе" ў простых людзей і "масу, якая можа не шмат, а толькі застаецца той формай, у якую яе залілі", пра "культ пакутаў, які гне (корёжит), ламае, затрымлівае і змяншае чалавека", пра "ўнутраныя слёзы" пасля вандровак па бацькаўшчыне і многае іншае.

Барыс Пятровіч, Святлана Алексіевіч, Аляксандр Лукашук

Чарга па аўтограф

"Чаму нашыя пакуты не канвертуюцца ў свабоду -- я не ведаю. Мы не ведаем, што такое свабода і няма каму нас навучыць"; "Цяпер такія трывожныя часы, калі ўсё можа здарыцца, таму трэба быць шчаслівым, трэба старацца, каб было за што зачапіцца"; "Што для мяне любоў? Тое, што і для ўсіх. Такое суцяшэнне ад Бога, каб не страшна было паміраць".

Будучыня кнігі

«За апошнія тры месяцы я была ў пяці еўрапейскіх краінах, і мне паўсюль казалі адну цікавую рэч: „Цяпер зноў час кнігі“. І ніхто не можа знайсці гэтаму тлумачэння: людзі зноў пачалі чытаць кнігу. І не электронную. Я нават гэта бачу па сваіх накладах. Не толькі „набеліянства“ адыграла ролю, а адыграла нейкае паветрые... Свет жа маленькі. Так што кніга пачала другое жыццё. Гэта кажуць выдаўцы, гэта кажуць пісьменнікі. У нас, у нашага пакалення, я думаю, няма такога вялікага разрыву з кнігамі».

Прыватнае жыццё

«Моладзь, як казаў пра іх Платонаў, — гэта свежы час. Яны на 40—50 гадоў маладзейшыя за цябе. Зусім іншыя людзі. У іх абсалютна свае каштоўнасці, поўны разрыў з савецкімі каштоўнасцямі, на якіх мы выраслі. І гэта не нацыянальныя каштоўнасці, да якіх мы не прыйшлі. Яны занятыя проста жыццём. І гэты культ прыватнага жыцця. Я спачатку ставілася да яго з пагардай. Але пасля зразумела, што гляджу на гэта не як мастак.

Прыватнае жыццё — гэта надзвычай цікава. Проста мы ім ніколі не жылі. А тут, аказваецца, тваё метафізічнае — гэта вельмі цікава. І каханне, і прыгажосць рэчаў, прыгажосць кватэры, жаданне паехаць у Егіпет. Радасць жыцця, сэнс жыцця не абавязкова чэрпаць з Маркса, ці Леніна, ці нейкіх нацыянальных адкрыццяў. Калі пачынаеш размаўляць з моладдзю, то ў іх гэта неўсвядомлена. Канечне, мы кажам пра айфоны, яны там у твітарах сядзяць, але я думаю, што гэта, калі я заходжу паглядзець гэты твітар, няўменне і страх перад гэтым жыццём, неразуменне, ці спроба ад нас адгарадзіцца. Мне вельмі цяжка выцягнуць адтуль сэнс».

Праблемы Беларусі

«Праблема Чарнобыля стане перад намі. Калі ўлада акультурыцца, то гэта будзе галоўнай нашай праблемай. Гэта праблема на некалькі пакаленняў. Нацыянальная праблема, натуральна, вельмі важная. Праблема мовы, літаратуры, культуры, каб мы сталі паўнавартаснай нацыяй. Ва Украіне ў савецкі час усе размаўлялі па-руску, а цяпер усе гавораць па-ўкраінску. Значыць, гэта можна. Можа нацыя зрабіць такі рывок. У нас з кім не сустрэнься — дактары, таксісты — усе разумныя, усе разумеюць. Але кожны сядзіць як крот, і што яны там рыюць, я не ведаю. У нас не так шмат часу, каб вырашыць гэтыя праблемы».

Украіна 

"Я прыехала ўражаная ад Украіны. Кожны раз яна мяне ўражвае. Украінцы хочуць новага жыцця, іх яднае агульная памяць, зусім іншае адчуванне народа. Нягледзячы на ўмяшальніцтва трэцяй сілы, яны імкнуцца ў будучыню, яны выскачылі з прымітыўнай матэрыяльнасці. Бачна, што простыя людзі, студэнты апранутыя бядней за нас, але ўнутры сябе яны ўжо з абсалютна новай ментальнасцю.

Тое, што нам неабходна пераадолець -- гэта міфы тэлебачання. Тое, што робяць расійскія каналы пра Украіну -- гэта злачынства. Вельмі патрэбны палітычны рэпартаж, так, як ён развіты, напрыклад, у Польшчы. Польскія журналісты пішуць пра падзеі ва ўсім свеце, і іх чытаюць, гэта фарміруе ў людзях культуру. А мы... сядзім і слухаем, "дзе хто колькі надаіў". Культурнае і палітычнае жыццё нашае ўладкавана неяк няправільна".

Неабходнасць радзімы

"Як я пачуваюся на сустрэчы з беларускімі чытачамі? Гэта мой дом, мой свет, мая зямля. Ужо больш за 200 выданняў на 70 мовах свету апублікаваныя, і гэта вельмі радуе, але быць сярод сваіх людзей важна. Мой галоўны чытач тут, хаця я люблю і японскіх, і кітайскіх, і шведскіх, і нямецкіх чытачоў -- увогуле люблю чалавека".

БОЛЬШ ФОТА Ў НАШЫМ ФЭЙСБУКУ     

Віка Трэнас, для lit-bel.org