Дан Андэрсан паяднаў беларусаў і шведаў

25 траўня ў дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся не зусім звычайны канцэрт, які можна назваць трыб’ютам Дану Андэрсану. Песні на вершы шведскага паэта прадстаўлялі як яго землякі, так і беларускія выканаўцы. Такім чынам, распачаліся традыцыйныя Дні Швецыі ў Беларусі.

Валярына Кустава
Валярына Кустава

“Андэрсан па ўспрыманні і вядомасці мае такі ж статус, як народны паэт у Беларусі”, — заявіла на пачатку вечарыны вядоўца Валярына Кустава. Далей яна яшчэ неаднойчы правядзе паралелі між шведскім паэтам і Беларуссю, бо надта ён блізкі нам па светаадчуванні. Валярына параўнала яго нават з раннім Купалам ды працытавала адзін з радкоў пад канец вечарыны: “Жыццё, ты самота й нястач пятля…” “Гэтыя словы, як ні дзіўна, належаць не беларускаму паэту, а Дану Андэрсану”, — паведаміла яна. Зрэшты, пісаліся ў шведа і не такія сумныя вершы, напрыклад, “Песенька пра бульбу”, якая прагучала ў гэты вечар.

Стэфан Эрыксан
Стэфан Эрыксан
Аляксей Жбанаў
Аляксей Жбанаў

Амбасадара Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана віншавалі “з вяртаннем”. У сваім уступным слове дыпламат зазначыў, што шведы не тое каб вельмі шанавалі паэзію, але ўласна Андэрсан карыстаецца народнай любоўю. Дзякуючы перакладчыцы Алесі Башарымавай яго паэзію, ды яшчэ і ў музычным увасабленні, беларусы пачуюць упершыню. Творы яго надта добра кладуцца на музыку, да некаторых з іх Андэрсан сам пісаў мелодыі і, мусіць, выконваў (ён граў на гармоніку і на скрыпцы).

Марыя Ларсан
Марыя Ларсан
Сафія Лілья
Сафія Лілья

Праект атрымаў назву “Я струнаў меў чатыры…” — па радку з песні “Музыка”, якую выканаў Аляксей Жбанаў у пачатку імпрэзы. Потым спявак выканае яшчэ цудоўную “Калядную песню з Фінскага краю”.

Віктар Рудэнка
Віктар Рудэнка

У канцэрце таксама ўзяла ўдзел скрыпачка Марыя Ларсан, якая ў сябе на Радзіме лічыцца “каралеўскім музыкам”. Гэта пачэсны статус, які надаецца маладым выканаўцам. Са шведскага боку была таксама сямейная пара — Маціяс Свенсан і Сафія Лілья. Ён — былы рок-бубнач, а цяпер супрацоўнік шведскай амбасады. Яна — выканаўца фольку, натхняльніца гэтага праекту. З беларускага боку ўзялі ўдзел не менш цікавыя і таленавітыя музыкі. Некалькі песняў прагучала ў выдатным выкананні Кірыла Старасценкі, опернага спевака і выканаўцы на народных інструментах, які цяпер з’яўляецца салістам дзяржаўнай філармоніі. Досыць нечакана было бачыць сярод удзельнікаў і поп-рок выканаўцу Віктара Рудэнку з гурта Dali. На сканчэнне Сафія Лілья з Віктарам Рудэнкам заспявалі развітальную, якая завецца “Адлёт гусей”.

Кірыл Старасценка
Кірыл Старасценка
Маціяс Свенсан
Маціяс Свенсан

Пры канцы Стэфан Эрыксан падзяліўся адной з мараў — каб песні на вершы Андэрсана ў беларускім перакладзе пабачылі свет на дыску. У такім разе выдатную шведскую паэзію здолее ацаніць яшчэ болей беларусаў.

Сяргей Будкін, фота Аляксандр Ждановіч.

Даніэль (Дан) Андэрсан нарадзіўся 6 красавіка 1888 г. у Скатлёсбергу (цяперашняя камуна Людвіка ў Даларне). Паэт і празаік, некаторыя свае вершы сам паклаў на музыку. Карыстаўся псеўданімам Чорны Джым (Black Jim). Уважаўся за пралетарскага паэта, хоць гэтай тэматыкай ягоныя творы не абмяжоўваліся. Дан рос у неспрыяльных умовах у вёсцы Скатлёсберг у настаўніцкай сям’і, працаваў у школе. Вёска ляжала ў так званым Фінскім краі, на поўдні Даларны. Як і шмат хто ў гэтай мясцовасці, Дан працаваў рознарабочым, акрамя таго быў лесарубам і настаўнікам народнай школы. На жыццё не хапала. Сям’я задумалася пра эміграцыю ў Амерыку, куды “на разведку” накіраваўся 14-гадовы Дан. У лісце дадому ён паведаміў, што і там жыць будзе няпроста, і бацькі папрасілі яго вярнуцца. У 1905 годзе сям’я пераязджае, але ў 19111915 гг. зноў жыве ў Скатлёсбергу. Дан піша шмат апавяданняў і вершаў у гэты час. У 19141915 гг. Дан вучыцца ў Брунсвікскай народнай школе і піша прозу, вершы і песні, якія ўжо амаль як стагоддзе чытаюць і спяваюць у шведскіх хацінах. Самыя вядомыя ягоныя песні “Маёй сястры” і “Юнга Янсан”. Дан граў на губным гармоніку і скрыпцы. Супрацоўнічаў з выданнем «Ny Tid» (“Новы Час”) у Гётэборгу ў 19171918 гг. Перакладаў на шведскую Р. Кіплінга і Ш. Бадлера. Дан загінуў у пакоі №11 у стакгольмскім гатэлі Хэльман 16 верасня 1920, дзе ён спрабаваў уладкавацца на працу ў выданні “Сацыял-дэмакрат”. Персанал гатэля труціў вошаў у пакоі і не праветрыў памяшканне. А трэцяй гадзіне па абедзе Андэрсана знайшлі мёртвым. Пахаваны ў Людвіцы.

 

Фотарэпартаж цалкам гл. на budzma.org