Данута Бічэль прэзентуе кнігу "Іду сцяжынаю да Бога" – 13 снежня

13 снежня 2012 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13) адбудзецца прэзентацыя кнігі Дануты Бічэль “Іду сцяжынаю да Бога”. Пачатак у 17.00.

Сёлета Данута Бічэль адзначае свой 75-гадовы юбілей. Яе пяру належаць зборнікі паэзіі “Дзявочае сэрца” (1961), “Нёман ідзе” (1964), “Запалянкі” (1967), “Ты – гэта ты” (1976), “Дзе ходзяць басанож” (1982, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы), “А на Палессі” (1990), “Ты не самотны...” (1997), “Снапок” (1999), “На белых аблоках сноў” (2002), “У Будслаўскай святыні ты ранішняй зоркай...” (2004), “Ойча наш...” (2008), кнігі прозы “Хадзі на мой голас” (2008), “Мост Святога Францішка” (201), а таксама зборнікаў паэзіі для дзяцей – “Лузанцы” (1982), “Габрэнька і Габрусь” (1985). Многія вершы паэткі пакладзены на музыку.

Пісьменніцу хвалююць пытанні сучаснасці і гістарычнага мінулага, маральна-этычныя каштоўнасці, чалавечыя ўзаемаадносіны, вернасць, сяброўства, каханне, мацярынства. Апошнім часам высокадухоўная паэзія Дануты Бічэль сягае да “неба” і галоўнае месца ў ёй адводзіцца Богу, Уладару сусветаў (зборнікі “Ойча наш...”, “У Будслаўскай святыні ты ранішняй зоркай...”). Апрача самастойных хрысціянскіх вершаў паэтэса перакладае з польскай на беларускую мову рэлігійную духоўную паэзію, якая актыўна друкуецца ў каталіцкім часопісе “Наша вера”.

Запрашаем на сустрэчу з цікавым чалавекам, выдатнай пісьменніцай!

У вас будзе магчымасць пачуць новыя вершы ў выкананні аўтара, а таксама артысткі і мастацкага кіраўніка тэатра “Зьніч” Галіны Дзягілевай. У вечарыне прымуць удзел паэты, пісьменнікі, мастакі, прыхільнікі творчасці Дануты Бічэль. Песні на словы паэткі выканае Таццяна Беланогая.

Уваход вольны

Прэсавая служба СБП