Дарогамі роднай зямлі – памяці Уладзіміра Рагуцкага

Пра жыццёвы шлях паэта распавёў пісьменнік, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікалай Яцкоў.

Выступае Мікола Яцкоў

Ён адзначыў, што вёска Цёплае Чавускага раёна, дзе 9 снежня 1917 года нарадзіўся У. Рагуцкі, знаходзіцца зусім недалёка ад вёскі Брылі, а гэта значыць, што мы можам лічыць паэта нашым земляком. Тым больш, што і далей шляхі Уладзіміра Лаўрэнавіча былі шчыльна ўплецены ў гісторыю Магілёўскага раёна, бо вучыўся будучы паэт у школе вёскі Старое Пашкава, дзе ягоным школьным настаўнікам быў вядомы беларускі паэт Янка Журба, там пісаў свае першыя вершы, а пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута ў 1939 годзе пачаў свой працоўны шлях у рэдакцыі магілёўскай раённай газеты "Камунар Магілёўшчыны" (цяперашняя "Прыдняпроўская ніва"). Адсюль у 1941 годзе Уладзімір Рагуцкі быў прызваны ў Чырвоную Армію, адправіўся на фронт і загінуў у адным з баёў.

Паэт пакінуў пасля сябе не вельмі вялікую паэтычную спадчыну, але ягоныя вершы вызначаюцца глыбокай лірычнасцю і яскравай дасканаласцю вобразаў і пачуццяў. У гэтым удзельнікі вечарыны змаглі пераканацца, калі пачулі творы юбіляра ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Брылёўскага СДК Аляксандры Івановай, Варвары Какоўка, Паўла Дайнекі і Яўгенія Бірукова.

Бібліятэкар Брылёўскай бібліятэкі Юлія Яцкова падрыхтавала відэапрэзентацыю і кніжную выставу "Дарогамі роднай зямлі" аб жыцці і творчасці Уладзіміра Рагуцкага.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП