Даследчыкі скарынаўскай спадчыны ўдзельнічаюць у міжнародным кангрэсе

Цікавасць да мерапрыемства выказалі пісьменнікі і кнігавыдаўцы, бібліёграфы і бібліятэкары, мастакі і журналісты, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.

Ва ўступным слове выдавецкую дзейнасць Францыска Скарыны ў еўрапейскім, славянскім і беларускім кантэксце прааналізаваў доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец. “Беларускае пісьменства мае працяглую традыцыю, а беларуская літаратурна-пісьмовая спадчына -- важная частка сусветнай культуры”, -- адзначыў ён.

15 верасня, у дзень Дзень бібліятэк, будзе святкавацца 95-годдзе галоўнага кнігасховішча і скарбніцы ведаў -- Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У ХХI стагоддзі яна ператварылася ў найбуйнейшы навукова-даследчы цэнтр, удзельнічае ў стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы.

Даследчыкі Скарынавай спадчыны з Польшчы, Чэхіі, Расіі, Беларусі, Латвіі на паседжаннях у секцыях пазнаёмілі са сваімі апошнімі знаходкамі, абмяркавалі спрэчныя пытанні. Пра свае манаграфіі і даследаванні распавялі кандыдат культуралогіі Алесь Суша і доктар гістарычных навук Георгій Галенчанка з Мінска, доктар філалагічных навук Юры Лабынцаў і кандыдат філалагічных навук Ларыса Шчавінская з Масквы, Зоя Ярашэвіч з Ольштына і іншыя навукоўцы.

“Асобу першадрукара да гэтага часу акружаюць гіпотэзы, загадкі, легенды. Не пацвержаныя дакументамі факты часам прызнаюцца за ісціну”, -- адзначыў Ігар Котаў з Чэхіі.

“Чалавек кніжнай культуры, доктар лекарскіх навук, багаслоў і філосаф, садоўнік і батанік з’яднаныя ў асобе Францішка Скарыны. Але для хрысціянаў ён, у першую чаргу, перакладчык і выдавец Бібліі”, – падкрэсліў пастар царквы “Ян Прадвеснік” Антоній Бокун.

Увечары ў першы дзень дзейнасці кангрэса ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Францыск Скарына і яго эпоха”, на якую запрасіў гасцей дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі. У першы дзень яе наведалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, ганаровыя госці, прадстаўнікі духавенства, даследчыкі і навукоўцы, пастаянныя чытачы бібліятэкі.

У светлым прасторным памяшканні на шкляных паліцах размешчана 61 кніга, якая выйшла са скарынаўскіх варштатаў у Празе і Вільні. Іх перадалі для часовага для экспанавання архівы з Расіі, Польшчы, Германіі і іншых краін.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама еўрапейскія біблійныя выданні з Германіі, Італіі, старадрукі з Францыі і Швейцарыі канца 15-га стагоддзя -- папярэднікі скарынаўскіх кніг. Центральнае места на выставе займае менавіта Біблія, выдадзеная ў Празе ў 1517 годзе. Наведвальнікі выставы агледзелі друкарскае абсталяванне часоў Францыска Скарыны і змаглі адціснуць некалькі аркушаў з яго тэкстамі і гравюрамі, пабачылі сучасную паліграфічную тэхніку.

Мерапрыемства стала святам, скіраваным на памнажэнне духоўнага багацця, каб беларуская кніга была шырэй ва ўжытку ў грамадстве.

Эла Дзвінская, фота аўтара