Дэбют Андрэя Пакроўскага ў "Пункце адліку" — прэзентацыя

У мінулую пятніцу адбылася прэзентацыя зборніка Андрэя Пакроўскага “Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза”. Гэта чарговая кніга ў падсерыі “Пункт адліку” серыі “Кнігарня Пісьменніка”, якую Саюз беларускіх пісьменнікаў стварыў для маладых аўтараў, якія яшчэ не маюць кніг. Імпрэза прайшла пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”


Напачатку аўтар падзякаваў усім, хто спрычыніўся да выдання кнігі: рэдактарам Паўлу Анціпаву і Ганне Янкута, карэктару Алене Пятровіч, жонцы-рэдактару-карэктару-і-музе ў адной асобе Віялеце Пачкоўскай, а таксама Саюзу пісьменнікаў.

Барыс Пятровіч

Наступным узяў слова старшыня СБП Барыс Пятровіч, які сказаў:

— Калі я чытаў гэтую вясёлую, займальную, дасціпную і сур’ёзную кнігу, раптам на сярэдзіне адчуў, што мяне агортвае сум. Я падумаў, што гэта можа быць настальгія па маладосці, па далёкім мінулым, калі мы, маладыя студэнты, збіраліся разам, чыталі свае творы і марылі, што некалі, перафразуючы радок з вядомай савецкай песні, “Ператворым Кафку ў жыццё”. Ведалі мы пра Кафку, канечне, але пра Хармса не здагадваліся. І таксама, як і Хармс, пісалі ў стол. І сум гэты ад таго, што, падалося, быў у нас нейкі перыяд адноснай вольнасці, а цяпер мы вярнуліся ў практычна тыя ж далёкія застойныя часы, калі і надзеяў асаблівых не было на перамены. Я маю на ўвазе брэжнеўскія часы, калі мы пісалі свае творчы ў стол без надзеі надрукаваць. Неяк падалося мне, што за гэты час нічога не змянілася. І калі б Андрэй ды іншыя хлопцы і дзяўчаты пайшлі сёння са сваімі творамі ў дзяржаўныя выдавецтвы, ім сказалі б тое ж, што некалі казалі нам. І таму вельмі добра што з’явілася гэтая бібліятэчка, серыя кніжак “Пункт адліку”для маладых. Я ўдзячны найперш выдавецтву “Логвінаў” і прысутнаму тут Паўлу Анціпаву, якія дапамаглі рэалізаваць гэты праект.

Барыс Пятровіч заўважыў, што стылістыка твораў Пакроўскага нагадала яму тое, што некалі рабіў ён, і таму яму захацелася падарыць Андрэю сваю першую кнігу “Сон між пачвар”, якая выйшла дваццаць гадоў таму ў “Мастацкай літаратуры” фантастычным па сённяшніх часах накладам у шэсць тысяч асобнікаў. Паколькі атмасфера на прэзентацыі на самым пачатку была даволі камерная, Барыс Пятровіч дазволіў сабе прачытаць два караценькіх апавяданні з той кнігі.

Уладзімір Лянкевіч і Андрэй Пакроўскі

Тым часам наведнікаў на прэзентацыі паболела. Кнігу Андрэя Пакроўскага дапамаглі прадставіць яго сябры: Наста Манцэвіч і Кірыл Дубоўскі, зборнікі якіх таксама выйшлі ў “Пункце адліку”, Павел Анціпаў, а таксама паэт і перакладчык Уладзімір Лянкевіч.

Наста Манцэвіч

Наста — пачала сваё чытанне з серыі пра кубкі. Павел Анціпаў выбраў найбольш брутальныя тэксты Пакроўскага, прачытаў сваё апавяданне пра Новы год з цыклу пра Боба Іванавіча і Марса Марсавіча, а таксама расказаў пра тое, як Андрэй дапамог яму зрабіцца перакладчыкам з беларускай на рускую.

 

Павел Анціпаў

Некалі Павел Анціпаў паўжартам пераклаў для літаратурнага конкурса апавяданне Пакроўскага, акурат тое, паводле якога кніга атрымала назву — “Як я перастаў верыць ў Дзеда Мароза”.  З тых часоў Паўлу пачалі паступаць просьбы перакладаць і іншых аўтараў — Уладзіміра Арлова, Віктара Жыбуля, для часопіса “Дружба народов” ён пераклаў аповесць Уладзіміра Някляева.  Ва ўсім гэтым перакладчык бачыць заслугу Андрэя Пакроўскага.

Кірыл Дубоўскі

 

Кірыл Дубоўскі прачытаў сваё апавяданне пра зіму і гісторыю “Размеркаванне”са зборніка “Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза”.

Прадстаўлены Пакроўскім як “мацёры беларускі літаратар, ветэран ПЭНаўскіх конкурсаў” Уладзімір Лянкевіч таксама агучыў два апавяданні і паспрабаваў дапамагчы аўтару разыграць падарункі ад кампаніі “Будзьма!”. Гледачы мусілі прачытаць верш каля елкі.

Напрыканцы адна з гасцей імпрэзы ўсё ж выйшла да елкі і, паразважаўшы пра кантэкст вечарыны, прачытала свае вершы, надрукаваныя ў часопісе “Нёман”.

 

Завяршылася вечарына аўтограф-сесіяй Андрэя Пакроўскага ў кнігарні “ЛогвінаЎ”.

 

Фота АУ

Прэсавая служба СБП