Дэбютная кніга Насты Манцэвіч — "Птушкі"

“Птушкі” — так назвала сваю першую кнігу Наста Манцэвіч. Зборнік выйшаў у выдавецтве “Логвінаў" у падсерыі “Пункт адліку”, запачаткаванай ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” для маладых аўтараў. У зборнік Насты ўвайшлі вершы і кароткая проза, дзе аўтар выяўляе новы для беларускага чытача погляд на жанчыну і яе самаўсведамленне, рэфлексуе над сваімі пачуцямі і адчуваннямі, закранае табуяваныя для збольшага патрыярхальнай беларускай літаратуры тэмы.
Наста Манцэвіч нарадзілася ў г. Вілейка, у 2008 годзе перамагла ў міжнародным паэтычным слэме на Махно-фэсце (г. Гуляйполе, Украіна), фіналістка літаратурнага конкурса да 100-годдзя “Нашай нівы”, які ладзіў беларускі ПЭН-цэнтр, удзельніца праекта “Чорна-белыя вершы”.
* * *
Сяджу каля тэлевізара
ем цукеркі
паперкі
сьлінай прымацоўваю
да сьценкі.
Адначасова
дакладна – у перапынках
калупаю пальцам
ў шкарпэтках дзірку.
Размалёўваю “А4″
уздоўж і ўпоперак
упоперак і ўздоўж
Я
злосны калючы вож
іголкі растуць
на сьпіне.
Ты патэлефануеш,
ці не?
* * *
Мы крочылі побач
рука ў руку
да пляча плячо
твар у твар
вочы ў вочы
у рот рот.
Так мы ступалі, крочылі
нага ў нагу,
пакуль ты не збочыла.
І цяпер вока за вока,
цяпер – зуб за зуб.
Усё, што ты з сабою забрала
я выскубу, адгрызу —
вярну сабе ўсё,
да сябе вярнуся…
Забяру сабе свае вочы,
з твару змыю твой твар,
адляплю ад вуснаў твае вусны,
вырву руку з рукі.
І калі сэрца сціснецца ад адчаю,
я буду шаптаць як мантру,
што ты – родная,
баючыся паверыць,
што ты чужая.
***
У падсерыі “Пункт адліку” серыі “Кнігарня пісьменніка” таксама выйшлі:
2. Катерина Зыкова. Объяснительная
3. Кирилл Дубовский. Хороший роман
Прэсавая служба СБП