Дэкамунізацыя і ўшанаванне памяці: у Мінску прайшоў XVII з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

На адкрыцці ўдзельнікаў з'езду павіталі Уладзімір Някляеў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, старшыня Кіеўскай арганізацыі Нацыянальнага саюзу пісьменнікаў Украіны Уладзімір Даніленка, член Праўлення Літоўскага саюзу пісьменнікаў Вітаўтас Дэкшніс, кіраўнік МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская. Анатоль Івашчанка зачытаў прывітальнае слова ад пісьменніцкай арганізацыі Швецыі.

Барыс Пятровіч (Сачанка)

З асноўным дакладам на з'ездзе выступіў старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч.

За час, які прайшоў з мінулага з'езда напрыканцы 2011 года, Саюз беларускіх пісьменнікаў павялічыўся на 79 чалавек і стаўся адной з найбуйнейшых грамадскіх арганізацый краіны, цяпер у яго ўваходзіць 470 літаратараў – паэтаў і празаікаў, перакладчыкаў і крытыкаў, драматургаў. Саюз выдае і падытрымлівае кніжныя серыі «Кнігарня пісьменніка», «Каляровы ровар», «Пункт адліку», а таксама «Бібліятэка часопіса «Дзеяслоў». Вакол часопіса «Дзеяслоў» і газеты «Літаратурная Беларусь» гуртуюцца найлепшыя літаратурныя сілы краіны. Многія сябры Саюза пісьменнікаў за гэты час былі ўганараваныя прэстыжнымі міжнароднымі прэміямі, а Святлана Алексіевіч стала адзінай на постсавецкай прасторы лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры. За пяць гадоў адбыліся тысячы літаратурных імпрэзаў, праходзілі літаратурныя фестывалі памяці Міхася Стральцова, пры непасрэдным удзеле СБП былі заснаваныя літаратурныя прэміі імя Ежы Гедройца, Максіма Багдановіча, Карласа Шэрмана, Цёткі. Штогод для моладзі праводзіўся Літаратурны конкурс «Экслібрыс», а з 2012 года пры СБП пачала працу Школа маладога пісьменніка, першы ў Беларусі адукацыйны праект creative writing, дзе прайшлі падрыхтоўку каля сотні маладых літаратараў.

Злева направа: Алесь Пашкевіч, Анатоль Вярцінскі, Барыс Пятровіч

Галоўным вынікам з'езду сталася распрацоўка і ўхваленне дакументаў па найбольш праблемным пытанням нацыянальнай культуры. Удзельнікі з'езда прынялі выніковую рэзалюцыю да беларускіх уладаў, у якой, сярод іншага, адзначылі важнасць паслядоўнай абароны незалежнасці ва ўмовах расійска-ўкраінскага ваеннага канфлікту; прапанавалі распрацаваць і ажыццявіць стратэгію па пашырэнні арэалу ўжывання беларускай мовы на ўсіх узроўнях грамадскага жыцця; падкрэслілі неабходнасць ільготнага падаткаабкладання для выдаўцоў беларускамоўнай літаратуры; заклікалідаць належную ацэнку злачынствам таталітарнай савецкай сістэмы, правесці інфармацыйную кампанію па пытаннях дэкамунізацыі грамадства, запатрабавалі ўшанавання мемарыяла «Курапаты», а дзень 29 кастрычніка абвясціць афіцыйным Днём памяці ахвяр сталінскага тэрору.

Слова мае Уладзімір Арлоў

Акрамя асноўнай рэзалюцыі, былі прынятыя заявы XVII з'езда «З нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання», «Па сітуацыі з літаратурнымі музеямі», «Па сітуацыі ў Курапатах»

Пасля прыняцця выніковых дакументаў былі праведзеныя выбары кіруючых органаў ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Старшынём ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» быў пераабраны Барыс Пятровіч Сачанка. Таксама быў абраны новы склад Рады СБП, які, у сувязі з узбуйненнем арганізацыі, з 35 чалавек павялічыўся да 39. Сярод сяброў Рады – Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Раіса Баравікова, Алена Брава, Анатоль Вярцінскі, Галіна Дубянецкая, Алесь Жук, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько і інш.

Усе прынятыя дакументы будуць размешчаныя на сайце lit-bel.org, а таксама дасланыя ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы.

Фота: Аляксандр Кісялёў

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"