Дэтэктыўны нумар інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет”

ПрайдзіСвет №9: Art Detected

“Art Detected” — пад такой назвай выйшаў дзявяты нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”.

Стваральнікі выдання паспрабавалі не толькі аспрэчыць думку, што дэтэктыў — нізкі жанр, але і на прыкладзе новага нумару прадэманстраваць: крымінальныя гісторыі бываюць цікавыя і запатрабаваныя інтэлектуаламі. Больш за тое, адзін з аўтараў нумару, аўтар дэтэктываў і паэт Даніэль Клугер сцвярджае: гэта самы ўзвышаны і нават самы паэтычны літаратурны жанр.

Ці так гэта, рэдакцыя часопіса запрашае пераканацца саміх чытачоў. Іх увазе — сур’ёзная класіка: гісторыі пра зноў папулярнага Шэрлака Холмса ад Артура Конана Дойла, пра айца Браўна ад Гілберта Чэстэртана, апавяданні Агаты Крысці, Эдгара По, Э. Т. А. Гофмана, Вольгі Такарчук, Інрыд Ноль і іншых.

Але востры розум — гэта не толькі разгадванне загадак і замілаванне таямніцамі, гэта яшчэ ўменне смяяцца з сябе і сваёй сур’ёзнасці. Дэтэктыўныя пародыі з радзела “Бясчынства, сэр!” прадстаўленыя творамі Брэта Гарта, Жана Жыраду, Рэкса Стаўта, Аркадзя Аверчанкі і інш.

Таксама новы “ПрайдзіСвет”, магчыма, зможа выправіць недахоп айчынных дэтэктываў. Парады знаных майстроў крымінальнага жанру дапамогуць дэтэктыўшчыкам-пачаткоўцам напісаць свой беларускі раман. А парадамі з перакладчыкамі дэтэктыўнай літаратуры дзеліцца багеміст і не толькі Сяргей Сматрычэнка.

Калі ж чытанне надакучыць, праверыць веды пра самага знакамітага ў свеце Шэрлака холмсазнаўцы змогуць спецыяльнай тэставанкай.

І яшчэ адна прыемная нечаканасць 9-га нумару “ПрайдзіСвета”: усе тэксты з яго можна спампаваць у фарматах .pdf і .mobi, а значыць, прачытаць не толькі на сайце, але і ў электронных кнігах.

Нясумнага чытва і мастацкіх загадак зычаць стваральнікі чытачам.

 

prajdzisvet.org