Для Сяржука Сыса ўсё толькі пачынаецца

Шлях да першага зборніка ва ўсіх розны. Сяржук Сыс ішоў да яго 50 гадоў, і ў дзень свайго юбілею 26 студзеня ў кнігарні "Логвінаў" прэзентаваў кнігу "Стрэмка", якая змяшчае яго лепшыя вершы.

Сяржук Сыс і Барыс Пятровіч

 

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч павіншаваў свайго даўняга сябра:

"Сёння Сяржук можа сказаць услед за Максімам, што ён не самотны, што ён нарэшце мае кнігу. Хаця гэта кніга магла выйсці і 10 гадоў таму, і 20, а можа і 30 — якраз столькі гадоў я ведаю Сяргея…  Усё толькі пачынаецца," —  падсумаваў свае словы Барыс Пятровіч і ўручыў герою вечарыны букет ад імя СБП.

 

Галіна Дубянецкая

 

Жонка Сяргея Сыса паэтка Галіна Дубянецкая заўважыла, што 26-е чысло — паэтычнае, багата вядомых літаратараў нарадзілася менавіта 26-га: 26 студзеня нарадзіўся Сяргей Сыс, 26 кастрычніка — Анатоль Сыс, 26 лістапада — Уладзімір Караткевіч, 26 жніўня —  Тацяна Сапач.


Сяржук Сыс і Ірына Дубянецкая

 

Швагерка героя вечарыны, доктар філасофіі і доктар тэалогіі  Ірына Дубянецкая, вельмі ўсцешаная выхадам кнігі і радая за сваяка:


"Я вельмі-вельмі цешуся за тое, што кніга выйшла. Сапраўды, хтосьці ў падлеткавым узросце выдае першую кнігу, хтосці ў 26 памірае, пакінуўшы неўміручае паэтычнае імя, хтосьці выдае кнігі позна. Лепш менш, ды лепш. Лепш сапраўды, каб гэта ўся энэргія маладосці неяк дыстылявалася, адстаялася і патрапіла да чытача ў як мага больш дасканалым выглядзе".

Вядоўца сустрэчы, сябар і зямляк юбіляра Эдуард Акулін заўважыў, што рэчыцкая зямля, дзе нарадзіўся Сяргей Сыс, вельмі шчодрая на таленты:

"Нарадзіўся на такой зямлі, якую можна назваць песеннай, паэтычнай, таму што на кожны квадратны кіламетр гэтай зямлі нарадзілася па аднаму сапраўднаму паэту. Паміж Холмічам і Заспай амаль што адначасна — ну разбежка там у 10 гадоў — нарадзіліся такія паэты як Віктар Ярац, як Анатоль Сыс, як Віктар Стрыжак і Сяржук Сыс. Я думаю, што гэта такая рэчыцкая паэтычная анамалія, і яна не выпадковая, таму што менавіта з таго месца паходзяць самыя старажытныя беларусы, як гаварыў у сваім інтэрвію Анатоль Сыс".

Першая кніга паэта мае назву «Стрэмка». Ірына Дубянецкая кажа, што паэзія Сыса сапраўды сутнасная і экзістэнцыйная:

"Я спрачалася за гэту назву. Я падумала, што яна абсалютна не ласкавая да чытача, Вось хто з вас хоча купіць сабе стрэмку? Прадаю стрэмкі, купіце стрэмку! Зрабіце сабе балюча…"

Голас з залі: "Ну, можа, не сабе, а камусьці…"

"Вось, хіба што! Я зразумела гэтую назву, прачытаўшы гэтую кнігу ўздоўж і ўпоперак, Сяргеева паэзія — сутнасная і экзістэнцыйная. Яна ўся пра чалавека, які, мінаючы стадыю вось гэтай інтэлектуальнай развагі, наўпрост ідзе ў асвойванне жыцця. Інструмент, якім ён асвойвае жыццё — гэта пачуцці, гэта эмоцыі. Калі ён спрабуе прааналізаваць свае эмоцыі, то выяўляюцца боль, сум, смутак, ну і адпаведна, назва — "Стрэмка". Тое, што, хутчэй, баліць".

Алесь Пушкін

Карціна мастака Алеся Пушкіна — на вокладцы першай кнігі Сяргея Сыса.

Ягонае віншаванне было жартаўлівае:

"У нас ёсць вялікі паэт Анатоль Сыс. Сяргей Сыс таксама адбыўся як паэт, ён мае кніжку. Я баюся толькі аднаго: каб у нас вучні ў школах з цягам часу не зблыталі — яны двоечнікі і так — яны заблытаюцца з Сысамі. Калі Сяргей выдасць яшчэ 5, 7, 8 кніжак , школьнікі не зразумеюць, заблытаюцца, які гэта Сыс. Таму мне хацелася б проста параіць Сяргею на першай кніжцы спыніцца і стаць вядомым праваабаронцам альбо брынчаць на гітары. Адным словам, завязаць з паэзіяй прынцыпова. Каб не было ў будучых пакаленняў школьнікаў блытаніны ў галаве".

Голас з залі: "Пушкін, не бядуй! У Расеі трое Талстых. Двух Сысоў вытрымаем!"

 

Зміцер Бартосік


На вечарыне выступілі барды Зміцер Казлоўскі і Зьміцер Бартосік.

 

Паводле Іны Студзінскай, svaboda.org

Фота — lit-bel.org