Дні беларускай і шведскай літаратуры прайшлі ў Вільні

Імпрэзы адбыліся дзякуючы намаганням фатографа і грамадскай дзяячкі Марыі Сёдэрберг, якая ладзіць літаратурныя падарожжы ўжо шмат гадоў ад пачатку 2000-х. 

За выняткам апошніх двух гадоў пісьменнікі падарожнічалі на Берасцейшчыну, але ў мінулым годзе выступы давялося перанесці ў Львоў, сёлета — у Вільню. У гэтым годзе ў літаратурных сустрэчах удзельнічалі паэты Уладзімір Арлоў, Уладзь Лянкевіч, Наста Манцэвіч, Уладзімір Някляеў, Дзмітры Плакс, Віка Трэнас, Атэна Фарухсад, Аніта Якабсан, празаікі Ева Вежнавец і Анка Упала, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, пісьменнік і навуковец Андрэй Катлярчук, рэжысёр Ёнас Охман. Выступілі таксама берасцейцы Мікалай Аляксандраў (паэт і рэдактар газеты "Брэсцкі кур'ер"), пісьменнік Алесь Паплаўскі.

Стваральнік праекта “Тузін гітоў” Сяргей Будкін прачытаў лекцыю на тэму “Паэзія ў рок-музыцы”, далучыўся да вандроўкі і амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Пра адзін з самых паспяховых камерцыйных беларускіх праектаў гульню World of Tanks расказаў заўзяты гулец Андрэй Двігун.

Да таго ж сёлета Марыі ўдалося прывезці ў Вільню вельмі цікавы музычны гурт “Ára”, які выконвае на сучасны кшталт йойк, традыцыйныя для паўночнай Скандынавіі спевы. Пасля цудоўнага канцэрта гледачы не хацелі адпускаць музыкаў, пакуль тыя не выканалі "на біс" яшчэ адну песню.

У межах сустрэч адбыўся сяброўскі паэтычны слэм, мадэратарам якога выступіў Стэфан Эрыксан. У выніку заўзятага паэтычнага спаборніцтва прызавыя месцы падзялілі паміж сабой тры Уладзіміры: трэцяе месца дасталося Уладзіміру Арлову, другое — Уладзіміру Някляеву, першае месца ўзяў Уладзь Лянкевіч.

Пасля чытанняў пісьменнікі выправіліся ў вандроўку ў мясціны, дзе нарадзіўся Нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш.

Перакладчыца Лана Вілебранд, Марыя Сёдэрберг, Аніта Якабсан.

Марыя Сёдэрберг, Андрэй Катлярчук.

Наста Манцэвіч

Саліст гурта "Ара" Сімон Ісат Марайнен.

Уладзімір Лянкевіч

Ева Вежнавец

Дзмітры Плакс і Атэна Фарухсад.

Атэна Фарухсад.

Стэфан Эрыксан і Уладзімір Арлоў

Рака Іса (Нявежыс) у мястэчку Шатэйні, Літва. Акурат гэтыя мясціны апісаў Чэслаў Мілаш у знакамітай "Даліне Ісы". Ніжэй гл. відэа.

Помнік Чэславу Мілашу нападалёк ад месца яго нараджэння.

Літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч і Уладзімір Арлоў.

Алена Казлова для lit-bel.org