Дні культуры Швецыі ў Беларусі

Аддзяленне амбасады Швецыі ў Менску абвясціла пра пачатак Дзён культуры Швецыі ў Беларусі.


Ад 21 траўня да 5 ліпеня ў Беларусі пройдуць выставы, канцэрты, літаратурныя вечарыны і паказы сучасных шведскіх фільмаў.

Дні культуры Швецыі, прысвечаныя Нацыянальнаму Дню Швецыі (Дню шведскага сцяга) адбудуцца ў Беларусі ў сёмы раз. Сёлета культурніцкія мерапрыемствы пройдуць па чатырох кірунках: літаратура, кіно, фота і музыка.

Літаратурныя дні Швецыі адбудуцца ў Полацку, Менску, Лунінцы і ў Баранавічах. У іх возьмуць удзел пісьменніца і журналістка буйной штодзённай газеты “Dagens Nyheter” Сыля Наўман, паэткі Іда Бёр'ель і Солья Крапу, а таксама перакладчык з францускай і польскай моваў на шведскую Андэш Будэгорд.

28 траўня ў менскай галерэі “Сьвет фота” адчыніцца выстава вядомага шведскага фатографа Енца Ластхэйна “Белае мора – Чорнае мора”. У выставе пад такой назвай удзельнічалі па два прадстаўнікі ад пяці краінаў. Сярод іх была толькі адна жанчына – шведка.

Кіраўнік дыпмісіі Швецыі Стэфан Эрыксан падкрэсліў, што жанчыны займаюць значнае месца ў жыцці сучаснай Швецыі.

“Я думаю, што больш ведаюць беларусы пра Швецыю, чым шведы пра Беларусь. Гэта добра. Я б сказаў, што цікавасць ёсць, і гэта нармальна, калі чалавек хоча даведацца пра тое, што адбываецца ў іншых. Людзі хочуць пазнаёміцца са шведскай культурай. Цікавасць да шведскай мовы ёсць. Мы спрыяем гэтаму працэсу. Тут ёсць лектар шведскай мовы. Ёсць праграмы, па якіх можна і ў Швецыі вывучаць шведскую мову. І гэта, я лічу, добра”.

Фестываль сучаснага шведскага кіно пачнецца 4 чэрвеня ў кінатэатры “Цэнтральны”. Гледачам прапануюць сем паўнаметражных і восем кароткаметражных фільмаў.

7 чэрвеня ў клубе “Night star” а 7-й вечара пачнецца канцэрт “Сучасная музыка ад сучасных жанчын”. Выступяць шведскія жаночыя гурты, а таксама беларускі гурт “Індыга”.